Мабільны аператар «А1» аб’явіў акцыю ў звязку са змяненнем частотнага дыяпазону: з 8 да 14 лістапада абаненты кампаніі могуць пратэставаць якасць інтэрнэту ў 4G-сетцы. На тыдзень ён стане бясплатным для ўсіх абанентаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе «А1».
«Частоты 2600 МГц дазваляюць павялічыць ёмістасць сеткі, то бок колькасць абанентаў, якія могуць карыстацца ёю адначасова. Гэта важна ў гарадах і рэгіёнах з вялікаю колькасцю або высокаю шчыльнасцю насельніцтва», – паведамляюць у кампаніі.
З запускам прапускная здольнасць сеткі 4G для абанентаў «А1» павысілася ў тры разы.
Больш за 400 базавых станцыяў 4G, якія падтрымліваюць частату 2600 МГц, размешчаныя ў Менску. Астатнія – у абласных і большасці раённых цэнтраў. «Найбольш прыкметныя паляпшэнні працы 4G-сеткі адчуюць жыхары Гомля, Мазыра, Калінкавічаў, Магілёва, Бабруйску, Берасця, Баранавічаў, Віцебску, Воршы, Наваполацку, Полацку, Горадні, Ліды, Ваўкавыску, Барысава, Маладзечна, Салігорску», – удакладняюць у «А1».
Каб атрымаць бясплатны інтэрнэт на тыдзень з любым тарыфным планам, трэба актываваць акцыйны пакет «Спампуй увесь інтэрнэт!» для выкарыстання ў сетцы 4G. Зрабіць гэта можна праз дадатак «Мой «А1», праз раздзел «Паслугі», перайшоўшы ва ўкладку «Даступныя». Пасля гэтага на працягу сямі содняў з моманту назначэння акцыйнага пакету інтэрнэт-трафік у межах дзейнага тарыфу мабільнай сувязі не будзе ні расходавацца, ні аплачвацца. Пры гэтым інтэрнэт будзе працаваць без абмежаванняў паводле хуткасці і аб’ёму, у тым ліку пры раздачы на іншыя прылады.
У «А1» таксама нагадалі, што сувяззю паводле стандарту 4G могуць карыстацца тыя абаненты, чые SIM-карты і мабільныя прылады падтрымліваюць адпаведную тэхналогію.
Алена Рувіна belsat.eu