Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня вайсковай славы. Яна адзначыла, што бітва пад Воршай – гэта сумесная перамога беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага народаў.
«Сёння мы адзначаем Дзень вайсковай славы. Амаль 500 гадоў таму ў бітве пад Воршай войскі ВКЛ пад камандаваннем гетмана Астрожскага разбілі маскоўскае войска, якое вяло наступ на беларускія землі. Гэта сумесная перамога беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага народаў.
Мы паказалі, што здольныя бараніць тое, што шануем», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская ў сваёй прамове.
Яна адзначыла, што агрэсары і 500 гадоў таму, і сёння – аднолькавыя. Яны заўсёды прагнуць захапіць чужыя тэрыторыі, падпарадкаваць сабе іншых і навязаць сваю волю іншым народам.
«Я ганаруся тым, што беларусы не падзяляюць гэтай імперскай ідэалогіі. Беларусы шануюць сапраўдную гісторыю, сваіх герояў і адзначаюць святы, за якія не сорамна. І Дзень вайсковай славы адзін з такіх», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.
Віншуючы беларусаў са святам, яна зазначыла, што «галоўная перамога ў нас наперадзе».
Дзень беларускай вайсковай славы штогод адзначаецца беларусамі 8 верасня ў гонар перамогі ў Аршанскай бітве 1514 года. Упершыню свята адзначылі ў 1992 годзе з ініцыятывы БНФ «Адраджэнне». Рэжым Лукашэнкі ніколі не прызнаваў Дня вайсковай славы афіцыйным святам.
Зміцер Міраш belsat.eu