Праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» выкарыстоўвала для рыхтавання скандальнай справаздачы пра ЗСУ сведчанні людзей, якія былі ў турмах ці фільтрацыйных лагерах на акупаваных Расеяй тэрыторыях. Пра гэта паведамілі ва ўкраінскім Цэнтры стратэгічных камунікацыяў.
Паводле Цэнтру стратэгічных камунікацыяў, да збору паказанняў залучылі незалежных журналістаў і валанцёраў на тэрыторыі Мікалаеўскай, Харкаўскай, Данецкай і Луганскай вобласцяў. Але большасць матэрыялаў атрымалі ад украінцаў, эвакуяваных на тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласцяў або Крыму.
Як заяўляецца, у некаторых выпадках такія сведчанні было адзіным шанцам прайсці фільтраванне і выехаць за межы акупаваных тэрыторыяў. Пры гэтым матэрыялы таксама правяраліся адміністрацыяй установаў і супрацоўнікамі ФСБ Расеі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» абвінаваціла Збройныя сілы Украіны ў размяшчэнні войскаў на тэрыторыі цывільных аб’ектаў або пры іх.
«Amnesty International» заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы ствараюць небяспеку цывільнаму насельніцтву, размяшчаючы базы і зброю ў жылых зонах, у тым ліку школах і больніцах, каб адбіць расейскае ўварванне.
Якуб Хруст belsat.eu