Нават пасля двух гадоў бесперапынных рэпрэсій Беларусь усё яшчэ жыве. Беларусы ўнутры краіны працягваюць рабіць яе культуру, і робяць гэта несумненна крута. На мінулых выходных у вёсцы Белая Царква прайшоў у два дні фестываль SPRAVA. Распавядаем, як гэта было.
Колькасць месцаў на фестывалі была абмежаваная, паводле слоў куратараў, гэта зроблена для паляпшэння арганізацыі мерапрыемства: неабходнай ежы, месцаў для намётаў. Не ўсе паспелі купіць білеты на фестываль SPRAVA, аднак тыя, хто такі ўхапіў жаданы білет, адчулі атмасферу аднаго з апошніх фестываляў гэтага лета.
У першы дзень фестывалю з ранку і да вечара ўсё ішло па плане: працаваў кніжны сад, дзе кожны жадаючы мог абраць для сябе кнігу, выступалі гурты на галоўнай сцэне і ў амфітэатры, дыджэі гралі сэты ў «Вежы». Людзі адпачывалі, раскладалі намёты, купаліся ў возеры, слухалі музыкаў.
Бліжэй да вечара стала відавочна, што будзе дождж. У гэты час як раз пачаўся выступ гурта «Big daddy blues». Хтосьці пайшоў хавацца ў намёты і ў мясцовую царкву, але гурт не прыпыніў свайго выступлення. Шмат людзей засталіся слухаць музыкаў і, здаецца, дождж толькі падбадзёрыў іх, бо людзі пачалі танчыць яшчэ актыўней.
Дождж даволі хутка скончыўся. У гэты час да нядзейнай Траецкай царквы пад’ехаў мужчына на возе і наўпрост з яго даў невялічкі канцэрт. Падаецца, гэта быў хтосьці з мясцовых вёскі. Пасля прыйшла другая хваля дажджу. Яна была больш доўгая і больш моцная, таму людзей на вуліцы амаль не засталося. Вялікая частка людзей схавалася ў царкве, дзе, праз нейкі час, пачалі спяваць. Спявалі «Купалінку», песні Ляпісаў, Вольскага.
Наступная праграма вечара моцна залежала ад надвор’я. Шмат выступленняў пераносіліся, нехта граў у час, пакуль дажджу не было, нехта выступаў наўпрост пад дажджом. Дыджэі ў «Вежы», здаецца, наогул не спыняліся. У «Доме культуры» нават можна было паглядзець сапраўдны стужкавы фільм пра Моцарта. Але асноўная актыўнасць пранеслася ў як у асабістыя, так і ў агульныя намёты, дзе людзі збіраліся ў кампаніі і гутарылі, гралі, спявалі песні да глыбокай ночы.
На другі дзень з самай раніцы ўсталявалася яснае надвор’е, таму ўсе выступленні ішлі сваёй чаргой. Можна было паслухаць выступленні хору і аркестра на галоўнай сцэне, адмысловыя дыджэйскія сэты на плоце, паглядзець перформансы на пляжы.
Агата Квяткоўская belsat.eu