На літоўска-беларускай мяжы ўначы 7 сакавіка перахапілі дрон, які прыляцеў з Беларусі. Да беспілотніка быў прымацаваны груз з 280 пачак цыгарэтаў, паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Дрон заўважылі памежнікі ў Шальчынінкайскім раёне. Яго збілі з дапамогаю супрацьдроннага абсталявання. Разам з цыгарэтамі маркі «NZ Gold» да беспілотніка быў прымацаваны GPS-перадатчык. Хто кіраваў дронам, пакуль невядома.
6 сакавіка літоўскія памежнікі знайшлі ў Друскенінкайскім раёне, за 500 метраў ад дзяржаўнай мяжы, метэабалон, які выбухнуў і ўпаў, побач з ім быў скрутак з 500 пачкамі кантрабандных цыгарэтаў «Минск Капитал QS».
26 студзеня друскенінкайскія памежнікі расказалі, як за дзень тройчы вылоўлівалі з Нёмну замаскаваныя пад крыгі плыты з беларускімі цыгарэтамі і GPS-трэкерамі.
Паводле памежнікаў, «улоў» за адзін толькі дзень склаў 3080 пачак на суму каля 13 тысяч еўраў.
Такія «плыты-крыгі» высокатэхналагічныя: цыгарэты не проста загорнутыя ў поліэтылен ды прысыпаныя снегам і лёдам. Канструкцыя мае таксама прымацаваны GPS-трэкер і бетонны блок для рэгулявання плывучасці.
Напрыканцы лютага работнікі польскай мытні перадухілілі спробу кантрабанды пачкаў цыгарэтаў на суму амаль 4 мільёны злотых (мільён долараў у эквіваленце). Іх схавалі ў таварным цягніку з Беларусі. Цыгарэты знайшлі падчас рэнтгену.
На памежным пераходзе ў Семяноўцы Падляскага ваяводства ў канцы лістапада 2023 года мытнікі перадухілілі незаконную пераправу 4,2 тысячы пачак цыгарэтаў, схаваныя ў вагонах-цыстэрнах.
Вельмі падобную аперацыю кантрабанды цыгарэтаў сарвалі падляскія мытнікі ў Семяноўцы ў верасні. Тады былі затрыманыя больш за 3,5 тысячы пачак цыгарэтаў. У ліпені там сарвалі кантрабанду 23 тысячаў пачак цыгарэтаў у кантэйнерах з дошкамі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu