У Вярхоўным судзе Беларусі 8 лютага пачаўся працэс супраць Уладзіміра Катрука, які памёр 9 гадоў таму. Яго абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкулу «Генацыд» за забойства жыхароў Хатыні. Паводле версіі цяперашніх уладаў, працэс мае «паказаць сапраўднае аблічча гэтых карнікаў». Эксперты ж лічаць, што суд над нябожчыкам адцягвае ўвагу ад уласных злачынстваў рэжыму.
Дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе выступае намеснік генпракурора Аляксей Стук. Ён заявіў, што «важна паказаць сапраўдную ролю гэтых карнікаў, сапраўднае іх аблічча, дайсці да кожнага, паказаць ролю ў карных аперацыях».
Прапаганда распаўсюджвае наратыў пра тое, што «многія злачынцы, якія знішчалі мірнае насельніцтва, хаваліся і хаваюцца ў ЗША, Канадзе, краінах Балтыі, іншых краінах ды не панеслі заслужанага пакарання».
Асобна адзначаецца, што памерлы фігурант справы Уладзімір Катрук – «нацыст, карнік украінскага паходжання».
Уладзімір Катрук служыў у калабарацыйным фармаванні дапаможнай ахоўнай паліцыі нацысцкай Нямеччыны. У складзе падраздзялення былі ўкраінцы, беларусы, расейцы. Гэтае фармаванне ўдзельнічала ў знішчэнні вёскі Хатыні і яе жыхароў. Пасля вайны Катрук эміграваў у Канаду, там на падставе фальшывых дакументаў атрымаў грамадзянства. Памёр у 2015 годзе.
Цяперашнія ўлады лічаць забойствы цывільных жыхароў падчас вайны на тэрыторыі БССР генацыдам беларускага народу. З гэтым паспрачаўся доктар гістарычных навук, кіраўнік праекту «Гісторыя габрэяў у Беларусі» ў Цэнтры дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце Леанід Смілавіцкі.
«Тое, што адбываецца ў Беларусі, – фікцыя. Тут змешваюць ваенныя злачынствы і генацыд. Гэта абсалютна розныя рэчы. Генацыд – татальнае знішчэнне нейкай нацыі або рэлігійнай групы да канца, без выняткаў, ад немаўляці ў калысцы да жаўнера, узятага ў палон, ад маладых да старых. А ваенныя злачынствы – акцыі адплаты, пакарання за тое, што народ супраціўляўся», – растлумачыў гісторык у размове з «Белсатам».
Ён адзначыў, што часцяком нацысты забівалі цывільных не за супраціў, а таму, што «насельніцтва было базаю для партызанаў, якія змагаліся з акупантамі». «Я не буду закранаць пытанне, наколькі законна выкарыстоўваць мірнае насельніцтва ў выглядзе жывога шчыта, аднак любы партызанскі падпольны рух у любой краіне заўсёды дзейнічае паводле гэтага прынцыпу», – сказаў Смілавіцкі.
Адмысловец канстатаваў, што нацысты намагаліся перацягнуць беларусаў на свой бок, і там, дзе жыхары не супраціўляліся або не занадта актыўнічалі ў партызанцы, «усё захавалася».
«Я нарадзіўся ў Рэчыцы на Гомельшчыне, горад увесь ацалеў, хоць усіх габрэяў да аднаго расстралялі 25 лістапада 1941 года. Пра які генацыд можна казаць, калі працавалі школы, цырк, музеі, навучальныя ўстановы, выдаваліся газеты і часопісы?» – разважае гісторык.
Суразмоўца «Белсату» задаў рытарычныя пытанні: чаму тэма генацыду знянацку «ўсплыла» праз 80 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны? Чаму раней пра гэта не казалі?
«Тут абсалютна зразумелы палітычны аспект, палітычная замова, каб кінуць пальчатку ў бок Нямеччыны, якая сёння ўзначальвае дэмакратычны рух, у тым ліку барацьбу ўкраінскага народу, з сімпатыяй ставіцца да беларускіх уцекачоў», – мяркуе Смілавіцкі.
Паводле яго, суды над памерлымі разлічаныя толькі на ўнутраную аўдыторыю.
«Лукашэнку не цікавяць меркаванні за мяжою, яму патрэбна апраўдаць свае паводзіны, свае рэпрэсіі, сваё 30-гадовае кіраванне пасля захопу ўлады. Усё гэта не мае ніякага дачынення ні да навукі, ні да рэчаіснасці», – падсумаваў гісторык.
Гісторык Сяржук Кедышка, каментуючы суд над нябожчыкам, адзначыў: «З тым, што спаленне Хатыні – ваеннае злачынства, ніхто не спрачаецца». Аднак, на ягоную думку, сапраўдная мэта працэсу – не пакаранне забойцы.
«Цяперашнія лукашысцкія ўлады спрабуюць, я б сказаў, распаліць міжнацыянальную варажнечу паміж беларусамі і ўкраінцамі, прыкрываючы насамрэч свае цяперашнія злачынствы. Гэта вельмі палітызаваная справа і да гісторыі, гістарычнай праўды не мае дачынення. Ужо пры Савецкім Саюзе было ўстаноўлена, хто спаліў вёску і чаму», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».
Кедышка параўнаў цяперашні суд над Катруком з працэсам над берасейцам Генадзем Шутавым, забітым сілавікамі падчас пратэстаў 2020 года.
«Такімі судовымі працэсамі цяперашняя ўлада перакрывае свае злачынствы палітычнага характару», – мяркуе гісторык.
«Гэта спроба легітымізацыі рэжыму, адказ на пытанне, чаму гэтая група або гэтая асоба знаходзіцца ва ўладзе», – кажа палітолаг і філосаф Пётр Рудкоўскі. Ён назваў галоўны пасыл цяперашніх уладаў, для якога выкарыстоўваецца тэма Другой сусветнай вайны і генацыду, – гэта «падкрэсліванне таго, што рэжым з’яўляецца спадкаемцам светлых сілаў, а апазіцыя – цёмных».
«Паралель паміж калабарантамі і сённяшнімі прыхільнікамі дэмакратыі, сярод якіх багата прыхільнікаў беларускага адраджэння, – адзін са спосабаў сімвалічнай ідэалагічнай расправы з апанентамі», – адзначыў адмыслоўца ў каментары «Белсату».
Яшчэ адзін чыннік, заўважаны Рудкоўскім, – помста.
«Элементарна адпомсціць і ўкраінцам, якія мужна змагаюцца з расейскай агрэсіяй, і так званым «беглым», якія з-за мяжы кепска робяць для рэжыму. Гэта такая сімвалічная расправа над украінцамі і беларускай апазіцыяй, якая іх падтрымоўвае», – падсумаваў палітолаг.
Сцяпан Кубік belsat.eu