Праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» адрэагавала на крытыку сваёй скандальнай справаздачы наконт ЗСУ, у якой указвалася, што прысутнасць украінскіх войскаў у жылых зонах падвышае рызыку для мірных жыхароў, паведамляе «Reuters».
Хоць арганізацыя шкадуе, што даклад пра ўкраінскіх вайскоўцаў стаў балючым, яна не адмаўляецца ад сваіх высноваў.
«Amnesty International» глыбока шкадуе аб пакутах і гневе, што выклікаў наш даклад наконт тактыкі вядзення баявых дзеянняў украінскімі вайскоўцамі. […] Нягледзячы на тое, што мы пэўныя ў правільнасці нашых высноваў, мы шкадуем аб прычыненым болі», – сказана ў заяве арганізацыі.
«Гэта не азначае, што «Amnesty International» лічыць украінскія сілы адказнымі за парушэнні, учыненыя расейскімі войскамі, ці што ўкраінскія вайскоўцы не выконваюць адэкватных захадаў засцярогі ў іншых частках краіны. Мы мусім быць вельмі яснымі: нішто з дзеянняў украінскіх вайскоўцаў, задакументаваных намі, ніякім чынам не апраўдвае парушэнняў з боку Расеі», – дадалі праваабаронцы.
У сваім дакладзе «Amnesty International» заяўляе, што часам украінскія вайскоўцы наносілі ўдары з жылых кварталаў і базаваліся на тэрыторыі цывільных аб’ектаў, хаця маглі заняць іншыя пазіцыі.
У офісе прэзідэнта Украіны даклад назвалі «арганічнай часткай расейскай кампаніі дэзынфармацыі і прапаганды», мэта якой – дыскрэдытацыя Кіева і падрыў заходніх паставак зброі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што даклад – спроба перанесці віну з агрэсара на ахвяру.
Алена Рувіна belsat.eu