Прэм’ерка Літвы сказала, будзе «дадатковы фізічны бар’ер на мяжы». Насельніцтва можа падтрымаць гэта, але практычнага сэнсу няшмат.
7 ліпеня прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце абвінаваціла беларускія ўлады ў «гібрыднай атацы» праз арганізацыю плыні нелегальнай міграцыі ў Літву. Як піша LRT, яна казала: беларускі рэжым «як актыўна, так і пасіўна» задзейнічаны ў арганізацыі нелегальнай міграцыі, свядома стварае ўмовы для незаконнага перасячэння мяжы.
Каб процістаяць гэтаму, у дапамогу памежнікам выправілі вайскоўцаў, «таксама запушчанае ўкараненне дадатковага фізічнага бар’еру на мяжы, які будзе своеасаблівым сігналам для арганізатараў плыняў нелегальнай міграцыі».
Ці Літва сапраўды збудуе сцяну ці плот на мяжы з Беларуссю, «Белсат» спытаў беларускага вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна.
Большая частка з 1416 чалавек, якіх літоўцы затрымалі на беларускай мяжы ў 2021 годзе, гэта грамадзяне Іраку або людзі, якія імі назваліся.
Алесін кажа, што літоўцы заўсёды непрыязна ставіліся да людзей іншых культураў, якія не змогуць «урасці» ў іх культуру, а Літва – невялікая краіна, насельніцтва якой скарачаецца. На думку аналітыка, многія літоўцы могуць ухваліць рашэнне.
Але такое рашэнне можа і шмат каму не спадабацца – як падаткаплатнікам Літвы, так і еўрапейскім саюзнікам краіны. Сцены ад мігрантаў не адпавядаюць гуманітарнай палітыцы Еўразвязу, адзначае Алесін, таму такое рашэнне сустрэне супраціўленне як мінімум з боку іншых краінаў. Перад кіраўніцтвам Літвы паўстане цяжкае рашэнне:
«Гэта не будзе спрыяць міжнароднаму аўтарытэту Літвы, якая вінаваціць Беларусь у таталітарызме, але збіраецца пайсці па шляху краінаў, якія вядуць жорсткую міграцыйную палітыку, – разважае аналітык. – Таму выбар цяжкі, трэба лічыць, на колькі плюсы пераважаць мінусы».
«Гэтая ідэя наогул выглядае даволі камічна, – заяўляе Алесін. – Прыгадаем мінулыя такія ідэі: ідэю Трампа збудаваць сцяну супраць мексіканцаў, ва Украіне была ідэя ці то выкапаць роў, ці то паставіць сцяну… Быў яшчэ праект, калі краіны Паўднёвай Еўропы адмяжоўвалі сябе ад уцекачоў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу, і ён таксама не меў асаблівага поспеху: Еўразвяз перадусім праз палітычныя і гуманітарныя меркаванні спусціў гэта на тармазах. Найбольш паспяховы варыянт – ізраільскі, калі Ізраіль аддзяліў палестынскія тэрыторыі сцяной і зладзіў прапускную сістэму, каб абараніць сябе ад тэрарызму».
Ідэю магчыма рэалізаваць з эканамічнага гледзішча, лічыць Алесін: мяжа не вельмі вялікая па адлегласці, ёсць дастаткова шмат цяжкіх для праходу ўчасткаў, асноўныя маршруты для мігрантаў лёгка перакрыць. Калі будаваць яе з лёгкіх металёвых канструкцыяў, гэта будзе не так і дорага. Капітальныя бетонныя пабудовы даражэйшыя і іх перавагі перад лёгкімі металёвымі невідавочныя. Але найважней – назіранне за мяжой.
«Але калі не назіраць за гэтым плотам, дасціпныя мігранты, якія ірвуцца да лепшай долі, хлеба, жыцця і здароўя, будучыні сваіх дзяцей, разнясуць гэтую сцяну», – кажа Алесін і адзначае, што ў той жа ізраільскай сцяне галоўнае – гэта ахова сцяны, назіранне за мяжой і выкарыстанне адмысловых тэхнічных сродкаў.
Наўрад ці, кажа Алесін. З боку Аляксандра Лукашэнкі сітуацыя з мігрантамі – больш піяр, асаблівых выйгрышаў ён ад гэтага не мае. З палітычнага і эканамічнага гледзішча, з гледзішча бяспекі сцяна на мяжы не будзе несці нейкіх значных стратаў, а беларусы наўрад ці нешта адчуюць.
АА belsat.eu