«Ужо не адна кандыдатура адмовілася». У орган выдачы пашпарта Новай Беларусі не могуць падабраць кадраў


Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі апавёў «Нашай Ніве» пра галоўную прычыну, якая затармазіла праект пашпарта Новай Беларусі.

Выява альтэрнатыўнага беларускага пашпарта на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Аказалася, адна з галоўных праблемаў, якая запаволіла працэс далейшага распрацоўвання дакументу, – складанасці з падборам кадраў для органу выдачы пашпартоў.

«Многія беларусы разумеюць, што публічнасць на чале такога праекту будзе азначаць падвышаны інтарэс да іх з боку рэжыму. Не ўсе гатовыя ісці так далёка. Ужо не адна кандыдатура адмовілася ад справы. Калі б у нас былі людзі на запаўненне асноўных месцаў у органе выдачы, мы б рухаліся хутчэй», – кажа Валер Кавалеўскі.

Паводле намесніка Святланы Ціханоўскай, наяўнасць юрыдычнага органу выдачы з пройдзеным аўдытам ёсць важнаю часткаю працэсу прызнання пашпартоў:

«Так што, калі нехта з чытачоў думае, што пасуе на гэтую ролю, калі ласка, звяртайцеся да нас».

Валер Кавалеўскі таксама адказаў на словы кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, што «праект падвісае»:

«Павел Латушка ніколі не меў дачынення да гэтага праекту, гэта не ягоная зона адказнасці. Сітуацыя не статычная, хоць збоку можа выглядаць, што нічога не адбываецца. Насамрэч вядзецца шмат унутранай працы. Мы распрацавалі новы падыход да прызнання дакументу, каб праект стаўся паспяховым – мы выйшлі на новыя формулы і людзей, на разуменне, як гэта павінна быць зроблена правільна».

Hавiны
Літва можа адмовіцца ад паслугаў кампаніі, што мелася друкаваць пашпарт Новай Беларусі
2024.06.05 10:14

Паводле намесніка Ціханоўскай, на канферэнцыі «Luxembourg Solutions» у Люксембурзе гучала тэма міграцыі.

«І тут ёсць разуменне ды прыманне нашых аргументаў наконт таго, што ў пашпарта ёсць значны сэнс, што ён развяжа сур’ёзную праблему, якая паўстала перад сотнямі тысяч беларусаў. Але паўтаруся: пакуль мы не сфармуем органу выдачы і не будзем мець фізічна выдрукаваных узораў дакументаў на руках, ніводны дыпламат не паабяцае, што будзе прызнаваць яго», – зазначае Кавалеўскі.

Прадстаўнік АПК таксама апавёў, што каманда, якая займаецца праектам пашпарту, працягне супрацу з Геральдычнаю радаю «Пагоня». Інфармацыя пра Мікіту Забугу, прадстаўніка Геральдычнай рады, які і параіў камандзе для друку пашпарту літоўскую фірму «Garsų pasaulis», выкладзеная ў расследаванні БРЦ, датычыць ягонага мінулага. Цяпер жа ён зрабіў «важную працу ў распрацоўванні дызайну», а «Garsų pasaulis» насычала дакумент элементамі бяспекі, прыводзіла яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, кажа прадстаўнік АПК:

«Гэтая ж функцыя застанецца за Геральдычнаю радаю. Калі будуць патрэбныя нейкія дапрацоўкі дызайну, мы будзем ісці туды. Але на гэтым усё: яны не будуць мець дачынення да тэхнічнай часткі, да друку. У гэтым сэнсе ў нас няма ніякіх падставаў казаць, што яны не спраўляюцца са сваймі функцыямі ці ў іх нейкія праблемы з рэпутацыяй».

Інтэрв’ю
Пашпарт Новай Беларусі не надрукавалі да канца сакавіка: чаму і калі яго чакаць?
2024.03.28 12:51

У выпадку, калі Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы прызнае кампанію «Garsų pasaulis» нядобранадзейнаю, каманда пашпарта Новай Беларусі таксама будзе шукаць новых партнёраў для друку дакументаў, зазначыў Кавалеўскі.

Тэрміны друку пашпарта Новай Беларусі каманда назваць усцяж не можа.

«Ёсць абставіны, што па-за нашым кантролем. Прашу зразумець, што мы робім справу, якой ніколі не рабілі. Магу толькі прасіць пра цярплівасць. У праекту дакладна ёсць перспектыва», – рэзюмаваў намеснік Ціханоўскай.

Hавiны
Журналісты БРЦ знайшлі сувязь паміж пашпартам «Новай Беларусі» і «гаманцом» Лукашэнкі
2024.05.28 21:30

Пашпарт Новай Беларусі афіцыйна прэзентавалі 6 жніўня 2023 года на канферэнцыі «Новая Беларусь». Асаблівую актуальнасць праект набыў пасля падпісання Лукашэнкам на пачатку верасня 2023 года так званага консульскага ўказу № 278, які забараніў беларусам абменьваць пашпарты за мяжою.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў