7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для падрыхтоўкі «тэракту» ў Мачулішчах былі задзейнічаныя самыя высокія тэхналогіі. Мы спыталі меркаванне ўкраінскага ваеннага эксперта, ці патрэбныя нейкія асаблівыя веды і тэхналогіі для таго, каб пераабсталяваць звычайны дрон у баявы і з яго дапамогай вывесці з ладу такі супердарагі самалёт, як А-50.
«Ва Украіне тысячы такіх беспілотнікаў, – адзначыў Міхаіл Самусь, дырэктар New Geopolitics Research Network, – таму тут ведаюць, як гэта рабіць». Аднак пры гэтым эксперт падкрэсліў, што «на каленцы» пераабсталяваць такі беспілотнік немагчыма.
На пытанне, ці рэальна вывесці з ладу з дапамогай пераабсталяванага дрона самалёт а-50, Міхаіл Самусь адказаў, што гэта «вельмі далікатны» самалёт. Нават калі мінімальна пашкодзіць яго ўнікальнае выведвальнае абсталяванне, зробленае яшчэ ў Савецкім Саюзе, то аднавіць яго будзе складана. Фізічнае пашкоджанне радара можа прывесці як мінімум да таго, што А-50 не будзе выконваць сваю функцыю радыёэлектроннай разведкі і мэтаўказання.
«Такіх самалётаў каля дзясятка, а вось гэтай мадыфікацыі А-50У наогул каля 5-6 самалётаў максімум… Думаю, Расея не зможа яго аднавіць… Спробы будуць, але, на шчасце, цяпер ім усё больш складана здабываць заходнія камплектуючыя, а кітайскія я не думаю, што дазволяць ім выйсці на такі ж узровень».
Прычына, паводле Міхаіла Самуся, у тым, што «ўсё радыёэлектроннае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў расейскіх ракетах і бронетэхніцы, – заходняе».
Пры гэтым эксперт са шкадаваннем адзначае, што «прыкладна з 2010 года Захад вельмі дапамог Расеі і Пуціну стварыць сваё войска, якое цяпер напала на Украіну». Пастаўленага Захадам «жалеза», з ягоных словаў, яшчэ вельмі шмат, і скончыцца яно не вельмі хутка.
Нагадаем, што 7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, распавядаючы пра раскрыты «тэракт», адзначыў, што «мы папрасілі расейцаў, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўванне і даслалі нам іншы. Так і адбылося». Аднак пацверджання гэтым словам знайсці пакуль не ўдалося.
Раман Шавель /ММ belsat.eu