Сусветны форум за дэмакратыю штогод ладзіць у французскім Страсбуры Рада Еўропы. На сёлетнім форуме 6 лістапада выступіла Наталля Пінчук – жонка лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і палітвязня Алеся Бяляцкага.
Форум трывае з 6 да 8 лістапада. На ім ладзяць выступы і дэбаты з удзелам грамадзянскай супольнасці, палітыкаў, навукоўцаў, бізнесоўцаў і медыяў не толькі з Еўропы, а з усяго свету.
Галоўную тэму сёлетняга форуму акрэслілі так: «Дэмакратыя = мір?» Наталля Пінчук пачала прамову з таго, што ёй адказаць на такое пытанне нескладана: так, знак роўнасці можна ставіць, бо дэмакратычны свет трымаецца на каштоўнасцях свабоды і шчасця людзей. Прынамсі, у еўрапейскім рэгіёне войны і агрэсію ініцыююць не дэмакратычныя краіны, а таталітарныя краіны.
«Найноўшая гісторыя маёй краіны дае ясны адказ на гэтае пытанне, – казала Пінчук, разважаючы над пытаннем «Дэмакратыя = мір?». – У нас сітуацыя чорна-белая: абсалютна ясна, дзе бок зла, а дзе бок дабра. Сёння дыктатар Лукашэнка, растаптаўшы парасткі свабоды, стаў саўдзельнікам Пуціна ў ваенных злачынствах супраць Украіны і яе народу».
За 29 гадоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі знішчыў дэмакратыю, зрабіў Беларусь плацдармам для расейскай агрэсіі і ўпусціў у краіну расейскую ядравую зброю, працягнула яна. На другім баку – беларускае грамадства, якое не хоча быць часткай Расейскай імперыі Уладзіміра Пуціна і ваяваць за яе.
На думку Пінчук, гэта галоўная прычына таго, што Лукашэнка не асмеліўся адправіць беларускае войска на тэрыторыю Украіны.
«Калі б у 2020 годзе свет не пакінуў нас сам-насам з дыктатарам, за спінай якога стаяў Пуцін, то Беларусь без дыктатуры не стала б зямлёй, з якой пачынаўся расейскі напад на Кіеў і адкуль ляцелі смертаносныя ракеты на нашую добрую суседку – Украіну», – лічыць Пінчук.
Яна адзначыла, што з выбараў-2020 знішчэнне Лукашэнкам свабоды беларусаў і беларускай ідэнтычнасці «набыло выразныя рысы вайны з беларускім народам».
Яна нагадала пра забойства людзей на мірных пратэстах і давядзенне да смерці палітвязняў у месцах зняволення, а таксама пра дзясяткі тысячаў, калі не сотні тысячаў пацярпелых ад рэпрэсіяў.
«Так Беларусь робяць тэрыторыяй без народу, плацдармам для наступных чужых агрэсіўных планаў», – сказала Пінчук.
Муж Наталлі Пінчук Алесь Бяляцкі – праваабаронца, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года. За актыўную пазіцыю і праваабарончую дзейнасць Алеся Бяляцкага судзілі больш за 20 разоў: спачатку ў БССР, а потым і ў сучаснай Беларусі.
У ліпені 2021 года Алесь Бяляцкі і іншыя праваабаронцы і валанцёры «Вясны» былі затрыманыя падчас разгрому ў Беларусі недзяржаўных арганізацыяў. Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за кантрабанду і фінансаванне «групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак». А «Вясну» ўлады Беларусі назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем» – паводле Пінчук, гэта значыць, што Лукашэнка лічыць экстрэмізмам абарону правоў чалавека.
У траўні 2023 года кіраўнік «Вясны» быў этапаваны ў папраўчую калонію № 9 у Горках. Гэтая калонія, нагадала Пінчук, мае нядобрую славу, бо там зняволеныя, асабліва паводле палітычных артыкулаў, зазнаюць сапраўдныя катаванні. Па словах Пінчук, у той калоніі Бяляцкага два тыдні таму з надуманых прычынаў змясцілі ў на больш жорсткі рэжым – у так званую крытую турму. Працяглы час да Бяляцкага не пускаюць да яго адваката.
Дамагацца вызвалення палітвязняў, рэзюмавала Пінчук, значыць дамагацца свабоды і міру для Беларусі, Украіны, рэгіёну і свету агулам, бо «свабода – гэта мір».
Аліса Ганчар, Алесь Наваборскі belsat.eu