У судзе Маскоўскага раёну Берасця 6 кастрычніка суддзя Марыя Аліфярук агучыла прысуд восьмай групе абвінавачаных у «карагоднай справе», паведамляе карэспандэнт belsat.eu.
Алега Кулешу, якога цяпер трымаюць у СІЗА № 7, адпраўляюць на 1 год і 7 месяцаў у калонію. Напярэдадні прысуду яму споўнілася 50 гадоў, ён адседзеў ужо 4 месяцы ў СІЗА.
Мікіту Дзімітрыева пакаралі 2 гадамі «хіміі».
Мужу і жонцы Сяргею Кунцэвічу і Ганне Кашырскіх – прысудзілі паўтары года «хіміі», а Таццяне Пякарскай і Дзмітрыю Макарэвічу – далі паўтары года «хатняй хіміі».
– Усе мы ўсё разумеем, тут цяжка нешта каментаваць, яшчэ не было ніводнага прысуду ў «карагоднай справе», каб пакаранні не былі такія, як запытваў пракурор. Таму пакуль ёсць людзі для гэтай справы карагоднай, яны будуць іх судзіць, – па гарачых слядах пракаментавала «Белсату» прысуд Таццяна Пякарская.
У «карагоднай справе» на сёння асуджаныя 87 чалавек. Сумарна прысудзілі 71,5 гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі») і 66,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»), а таксама 9 гадоў і 4 месяцы калоніі.
Агулам выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да берасцейскага «карагоду», 108 з іх пачулі абвінавачанні.
13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава і спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.
Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца карагоднаю.
Праз некалькі тыдняў пасля «карагоду» завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для яе сілавікі старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі ды апытвалі берасцейцаў.
АЛ belsat.eu