Прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве распавёў пра праект новага нацыяльнага пашпарту.
Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з’явіўся ў адказ на запыт беларусаў-эмігрантаў, якія былі вымушаны зʼехаць з краіны праз пагрозу палітычнага пераследу, а цяпер сутыкаюцца з праблемай страты дакументаў або завяршэння тэрміну іх дзеяння.
У выніку Абʼяднаны пераходны кабінет распрацаваў праект праязнога дакумента, які будзе выдавацца без удзелу афіцыйных органаў дзяржавы. На працягу года Святланай Ціханоўскай і яе камандай былі праведзены перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам Еўракамісіі і шэрагам нацыянальных урадаў. Эскіз пашпарта прадстаўлены Камітэту па праязных дакументах Еўракамісіі, дасягнута разуменне і станоўчае ўспрыманне праекта.
Пашпарт будзе біяметрычным машыначытэльным дакументам, які адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням.
Кавалеўскі адзначыў, што цяпер трэба закупіць матэрыялы для вырабу фізічных узораў, якія патрэбныя для афіцыйнага прызнання пашпартоў (электроннага макету для гэтага недастаткова). Фізічны ўзор будзе перададзены ў Еўракамісію, потым іх будуць дасылаць у краіны ЕЗ. Адначасова распачнуцца перамовы з нацыянальнымі ўрадамі аб прызнанні пашпарта.
«Гэта будзе няпросты працэс, – прызнае Кавалеўскі, – Самае галоўнае, што гэты праект робіцца ўпершыню. Ніколі раней ніводная суполка нацыянальная без прывязкі да афіцыйнай дзяржавы такога не рабіла».
Як паведаміў Кавалеўскі, за выраб і захоўванне асабістых дадзеных будзе адказная юрыдычная асоба, якую плануецца заснаваць у Літве. Персанальныя звесткі будуць абароненыя заканадаўствам гэтай дзяржавы. Пры гэтым пункты выдачы могуць быць у іншых краінах, не выключана, што будуць існаваць мабільныя пункты.
У АПК падкрэсліваюць, што новы пашпарт – не замена для нацыянальных віз, не дазвол на пражыванне і працаўладкаванне ў краінах ЕЗ. Аднак цяпер працэс легалізацыі ў дзяржаве, якая прызнала пашпарт, перастане быць праблемай у выпадках непрыдатнасці або страты старога пашпарта.
Плануецца, што ў будучыні, пасля падзення рэжыму Лукашэнкі, такі пашпарт будзе выдавацца ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь.
Больш пра альтэрнатыўны беларускі пашпарт можна даведацца тут.
Глеб Нержын belsat.eu