У расейскім горадзе Кемерава адбылося сур’ёзнае ДТЗ: у выніку тэхнічнай няспраўнасці сутыкнуліся два трамваі. Адзін з іх, імаверна, беларускай вытворчасці.
Сутыкненне трамваяў адбылося раніцаю 6 чэрвеня. Часовы выканальнік абавязкаў губернатара Кемераўскай вобласці Ілля Серадзюк заявіў, што ўсяго пацярпелі 67 чалавек. З іх у цяжкім стане тры чалавекі – двое ў рэанімацыі, адзін у аперацыйнай.
Пазней Telegram-канал «Mash» паведаміў, што адзін чалавек памёр, а колькасць пацярпелых вырасла да 90. Паводле «РИА Новости», 78 з іх былі шпіталізаваныя.
Як паведамілі мясцоваму выданню A42.RU у Кемераўскай электратранспартнай кампаніі, прычынай аварыі была тэхнічная няспраўнасць: у аднаго з трамваяў перасталі дзеяць тармазы.
Апрача таго, па сацыяльных сетках разышлося відэа, на якім бачна, як у трамвая ў руху адлятаюць дзверы і з іх выпадае чалавек – проста на праезную частку, пад колы аўтамабіляў.
Мяркуючы з кадраў, гэта трамвай вытворчасці «Белкамунмашу», мадэль 60-102. Беларускія трамваі гэтай мадэлі выкарыстоўваюцца камунальным службамі Кемерава з пачатку 2010-х.
Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 238 КК РФ («Наданне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі жыцця або здароўя спажыўцоў»).
Глеб Нержын belsat.eu