Згодна з новым указаннем Дэпартаменту выканання пакаранняў вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты, паведамляюць праваабаронцы.
Некалькі дзён у сваякоў зняволеных, якіх утрымліваюць у розных следчых ізалятарах і турмах, не хацелі прымаць медычныя перадачы, а медычныя бандэролі вярталіся назад.
Цяпер стала вядома, што паводле новага ўказу Дэпартаменту выканання пакаранняў з 29 красавіка 2023 года вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Афіцыйна пра такія змены пакуль нідзе не паведамлялася.
Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў, таму перадаваць іх ці адпраўляць бандэроллю забаронена.
Праваабаронцы таксама адзначаюць, што палітзняволеным амаль не анадаюць неабходнай медычнай дапамогі ў месцах зняволення, таму медычныя перадачы былі для сваякоў адзіным спосабам дапамагчы блізкім.
Алена Рувіна belsat.eu