Інтэрпол адмовіўся абвяшчаць чырвоную пошукавую картку для былога суддзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь


Інтэрпол не будзе надаваць былому польскаму суддзю Томашу Шмыту так званую чырвоную картку вышуку, паведаміла афіцыйная прадстаўніца галоўнага каменданта паліцыі Польшчы Катажына Новак. Пра гэта піша PAP.

Томаш Шмыт у Менску
Польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 6 траўня 2024 года.
Фота:  Tomasz Szmydt / Telegram

Генеральны сакратар Інтэрполу патлумачыў адмову тым, што арт. 2 статуту арганізацыі, у якім ідзе гаворка пра шпіянаж, у чым Польшча і абвінавачвае былога суддзю, не дазваляе апрацоўваць паводле каналаў Інтэрполу дадзеныя, датычныя дзеянняў супраць бяспекі дзяржавы, што вызначаюцца як палітычныя злачынствы. Інтэрполу катэгарычна забараняецца здзяйсняць нейкае ўмяшанне ці весці дзейнасць палітычнага, вайсковага, рэлігійнага ці расавага характару.

Пракуратура Польшчы падала ў Інтэрпол хадайніцтва наконт абвяшчэння чырвонай карткі для Шмыта ў канцы траўня. У рамках расследавання справы супраць былога суддзі польскі суд выдаў нацыянальны ордар на ягоны арышт. Польшча скіравала запыт і на еўрапейскі ордар на арышт.

Справа былога польскага суддзі Томаша Шмыта стала публічнай, калі ён падчас свайго адпачынку 6 траўня з’явіўся на прэс-канферэнцыі ў Менску і заявіў, што просіць ва ўладаў Беларусі прытулку, бо на радзіме цярпеў ад пераследу праз самастойную палітычную пазіцыю. Далей былы суддзя пачаў удзельнічаць у прапагандысцкіх сюжэтах на тэлебачанні, даваць інтэрв’ю праўладным медыям Расеі і Беларусі. Польшча прызнала, што такім чынам Шмыт учыніў шкоду польскай дзяржаве і прыняў удзел у гібрыднай вайне супраць яе.

Hавiны
«BYPOL» распавёў, з якой мэтай быў завербаваны польскі суддзя Шмыт. І чаму ўцёк у Беларусь
2024.05.15 18:26

Пасля інцыдэнту Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла пра пачатак расследавання ў сувязі з інфармацыяй, што суддзя папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Расследаванне заснаванае на палажэнні Крымінальнага кодэксу, у якім гаворыцца пра ўдзел у дзейнасці замежнай выведнай службы і перадачы гэтай службе інфармацыі, што можа нанесці шкоду Рэспубліцы Польшча. Расследуюць справу і спецыяльныя службы.

У Польшчы Шмыт быў фігурантам скандалу, які палягаў на публікацыі кампрамату на суддзяў, не згодных з судовай рэформай у Польшчы, праз што быў адхілены ад выканання абавязкаў суддзі.

Паведамлялася, што Шмыт мусіў разглядаць справу аб адмове ў выдачы дазволаў на доступ да інфармацыі з грыфамі сакрэтнасці NATO і Еўразвязу. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы вядзе правяранне таго, да якой сакрэтнай інфармацыі Шмыт меў доступ.

Агляд
Гарэлка, тролінг, шопінг, адпачынак. Чым уцеклы польскі суддзя Шмыт займаецца ў Беларусі
2024.05.15 17:08

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў