Калужскія настаўнікі павіншавалі Уладзіміра Пуціна з будучым днём народзінаў (7 кастрычніка), трымаючы ў руках партрэты Сцяпана Бандэры. Партрэты «маладога Пуціна» атрымалі нібыта з аддзялення «Адзінай Расеі», а насамрэч – ад беларускага мастака-акцыяніста Уладзіслава Бохана. Свой чарговы пранк ён назваў «Знай ворага ў твар!»
Настаўнікі Калужскай вобласці атрымалі заданне з рэгіянальнага аддзялення «Адзінай Расеі» павіншаваць Уладзіміра Пуціна. Віншаванне трэба было зладзіць, трымаючы ў руках партрэт «маладога Пуціна» і лозунг «Наш прэзідэнт – заўжды малады». Настаўнікі і школьнікі выканалі заданне на выдатна ды адправілі справаздачу замоўцам. Ім аказаўся беларускі мастак-акцыяніст Уладзіслаў Бохан.
На партрэтах, якія трымаюць настаўнікі, – малады Сцяпан Бандэра, якога расейскі рэжым спрабуе выстаўляць «сімвалам нацызму ва Украіне». На ўлётках з партрэтам Бандэры – ягоныя ж цытаты.
Сваю акцыю Уладзіслаў Бохан назваў «Знай ворага ў твар».
«Кажуць, ворага варта ведаць у твар… Але ці там насамрэч вораг, дзе яго шукаюць? Магчыма, трэба прыглядзецца? Падысці з боку? Да люстэрка?» – задаецца пытаннямі аўтар розыгрышу.
«Ужо ў якую па ліку акцыю я не ўкладаю мастацкі складнік, таму што тое, што робяць аб’екты маіх эксперыментаў, па сутнасці, ужо стала авангардным кірункам сацыяльнага перфарматыўнага мастацтва – рэалістычным абсурдызмам, у якім я выступаю пастаноўшчыкам.
Бо ўспрымаць гэта за рэчаіснасць, а не мастацкі вобраз, сапраўды страшна…» – так каментуе апошнюю сваю акцыю Уладзіслаў Бохан.
У ліпені 2022 года Бохан «прымусіў» выйсці настаўнікаў з гораду Клін на суботнік з нацысцкімі лозунгамі «Праца вызваляе» і «Адзін народ, адна нацыя, адзін правадыр». У чэрвені 2023 года Уладзіслаў Бохан вывеў расейскіх настаўнікаў на хросны ход, у жніўні – правёў конкурс «Дзень памежніка».
Зміцер Міраш belsat.eu