Паводле папярэдніх звестак, сабраных перад перапісам насельніцтва, фактычна ў краіне жыве 2,7–2,8 млн чалавек.
«Радыё Азатлык», туркменская служба «Радыё Свабода», атрымала ад сваіх крыніцаў інфармацыю пра папярэднія падлікі колькасці насельніцтва краіны: 2,7–2,8 млн чалавек пры дэклараваных уладамі 6,2 млн. Падлікі праводзілі як праз падамавы абыход і збор звестак ЗАГСаў, так і праз ускосныя паказнікі.
Асноўнымі прычынамі падзення колькасці насельніцтва Туркменістана ў дакладзе, як сцвярджаюць крыніцы, названыя міграцыя праз пагаршэнне ўзроўню жыцця, высокая смяротнасць і нізкая нараджальнасць.
Ацэнку праводзілі перад перапісам насельніцтва, запланаваным на 2022 год. Вынікі мінулага перапісу, які прайшоў у 2012-м, трымаюць у сакрэце.
Дзяржаўны камітэт статыстыкі Туркменістану не адказаў на запыт выдання, але «Радыё Азатлык» адзначае, што верыць афіцыйнай статыстыцы туркменскіх уладаў нядаўна адмовіліся Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк.
Туркменістан – адна з самых закрытых і самых аўтарытарных краінаў свету. У Туркменістане апошнія 5 ці 6 гадоў трывае жорсткі эканамічны крызіс. Паводле ранейшых неафіцыйных звестак, з 2008 па 2018 год Туркменістан пакінулі каля 1,9 млн чалавек.
АА belsat.eu