Былы палітвязень і праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў Канстытуцыйны суд РБ


Праваабаронца Леанід Судаленка, на якога распачалі спецыяльнае вядзенне за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», звярнуўся ў Канстытуцыйны суд РБ, каб паўплываць на практыку завочных судоў у краіне, піша «Салідарнасць».

Леанід Судаленка.
Фота: Леанід Судаленка / Facebook

Як кажа сам Леанід Судаленка, згодна з 15-м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, беларускае правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці ў працэсе.

«Мяне праз палітычныя рэпрэсіі дэпартавалі з краіны, і, калі вярнуся, рэпрэсіі працягнуцца. Завочны ж прысуд пазбавіць мяне гарантый спаборнасці і роўнасці бакоў, што будзе прама супярэчыць асноўнаму закону краіны», – кажа праваабаронца.

На думку Леаніда Судаленкі, судовы прысуд не можа адмяняць канстытуцыйныя гарантыі.

«Урэшце ў мяне такі ж беларускі пашпарт, як і ў галоўнага суддзі краіны і ў ім напісана, што я знаходжуся пад абаронай дзяржавы», – падкрэслівае юрыст.

Адной з праблем завочных судоў, паводле праваабаронцы, таксама з’яўляецца тое, што прызначаныя па спецвядзенні адвакаты самаўхіляюцца і не ідуць на кантакт з абвінавачанымі, якіх улада назвала экстрэмістамі і нават тэрарыстамі.

Так, сам Леанід Судаленка выслаў прызначанай адвакатцы копію пашпарта для ідэнтыфікацыі сваёй асобы, але яна так і не выйшла з ім на сувязь.

«Яна ніякім чынам не ўдакладніла маю прававую пазіцыю па справе і маё стаўленне да выстаўленых абвінавачванняў. Атрымліваецца, улада адвакатаў ператварыла ў саўдзельнікаў», – падкрэслівае праваабаронца.

У сакавіку 2024 года на былога палітвязня Леаніда Судаленку завялі крымінальную справу паводле артыкула 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), па якой прадугледжанае пакаранне да сямі гадоў зняволення. Разгляд справы прызначаны на 12 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе. Раней Судаленка ўжо накіроўваў у абласны суд Гомлі хадайніцтвы аб адводзе суддзі і адваката, а таксама заявіў аб сваім удзеле ў справе з дапамогай вэб-канферэнцыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў