Даследаванне BEROC: беларусы пачалі меней эканоміць на харчах і забаўках


Эксперты даследчага цэнтру BEROC зафіксавалі мінімальную долю беларусаў, якія заявілі пра падзенне сваіх прыбыткаў. Пры гэтым скараціўся лік людзей, якія эканомяць на харчах і забаўках. Амаль палова рэспандэнтаў называюць стан беларускай эканомікі «сярэднім», а 27% – «хутчэй кепскім», сведчаць вынікі даследавання, з якімі азнаёміўся карэспандэнт «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчыны абедаюць у летнім кафэ ў Менску.
Фота: Белсат

Даследчы цэнтр BEROC прэзентаваў у Вільні вынікі чарговага аналізу таго, як пачуваецца беларуская эканоміка і грамадзяне. Калі зусім сцісла: у першым квартале было лепей, чымся чакалася, але багата перадумоваў таго, што будзе горш.

Экспертка Віялета Панасевіч апавяла пра думкі і настроі беларусаў – у апытанні ў траўні ўзялі ўдзел 1 002 асобы, даследаванне рэпрэзентаваная паводле полу, рэгіёну і веку.

«У нас мінімальная доля рэспандэнтаў, якія паведамілі аб скарачэнні сваіх прыбыткаў, – 26%. І калі мы «адчысцім» уплыў курсу і рост цэнаў, то доля скарачаецца да 16%», – сказала Панасевіч.

Галоўныя прычыны, якой грамадзяне тлумачаць сцісканне сваіх прыбыткаў, – інфляцыя і змяншэнне колькасці замоваў і кліентаў. Дэвальвацыя рубля, на якую раней спіхвалі ўсе праблемы, – цяпер не істотны чыннік.

Паводле адмыслоўцы, сярод тых, хто скардзіцца на падзенне заробку, багата індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых.

Віялета Панасевіч выступае падчас прэзентацыі новых матэрыялаў «Маніторынгу эканомікі Беларусі» ў Вільні, Літва. 4 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

У тых рэспандэнтаў, у каго схуднелі гаманцы, спыталі, як яны даюць з гэтым рады.

«Варта нарэшце парадавацца за беларусаў, бо скарацілася доля людзей, якія эканомяць на харчах. Раней у нас яна была даволі высокай, а цяпер пра гэта кажа чвэрць ад той чвэрці, у якой скараціўся прыбытак. І даволі заўважны сезонны чыннік: скарацілася доля людзей, якія эканомяць на забаўках», – паведаміла экспертка BEROC.

На пытанне пра тое, з якімі выклікамі сутыкаецца эканоміка Беларусі, 52% адказалі: адток кваліфікаваных кадраў. Амаль столькі ж згадалі санкцыі і вайну ва Украіне:

«Каля паловы рэспандэнтаў паведамляюць, што назіраюць нястачу кадраў у галіне, у якой яны працуюць. Гэта на 10% болей, чымся было паўгода таму».

У топ-10 выклікаў таксама – пагаршэнне ўмоваў для працы ІП, што сведчыць пра заклапочанасць беларусаў умовамі вядзення бізнесу, а таксама аслабленне беларускага рубля і высокая інфляцыя, хаця насамрэч гэта не так. Гэтыя чыннікі рэспандэнты называюць інерцыйна: некалі было, вось і згадваюць дасюль.

Што датычыць санкцыяў, то іх назвалі прычынаю пагаршэння ўласнага матэрыяльнага стану 47%, а 65% упэўненыя, што праз абмежаванні горш стала ва ўсёй эканоміцы.

Матэрыялы «Маніторынгу беларускай эканомікі» даследчага цэнтру BEROC.
Крыніца: BEROC

Адкладаць на «чорны дзень» беларусы не ўмеюць або не могуць. 40% апытаных прызналіся, што нічога не ашчаджаюць, 29% гэта робяць. Пры гэтым каля паловы рэспандэнтаў кажуць, што пачалі выдаткоўваць больш грошай на пакупкі, чымся паўгода таму.

Зрэшты, індэкс спажывецкай упэўненасці складаецца з пяці кампанентаў. Гэты паказнік фіксуе адчуванні грамадзянаў у пытанні, у які бок змянілася іх жыццё. Паводле травеньскага апытання, індэкс, хоць і палепшыўся, але не істотна: беларусы мяркуюць, што стала крыху лепей.

«Каля паловы рэспандэнтаў кажуць аб тым, што эканамічная сітуацыя ў краіне або палепшылася, або не змянілася. Разам з тым трохі падзатух аптымізм наконт будучыні: 21% рэспандэнтаў чакае паляпшэння эканамічнай сітуацыі, 24% мяркуюць, што яна не зменіцца», – раскрыла лічбы Панасевіч.

Бальшыня апытаных кажа, што матэрыяльны стан іх сям’і або палепшыўся, або не змяніўся, і 27% мяркуюць, што стануць больш заможнымі.

«Людзі, якія болей чытаюць дзяржаўныя медыя, больш аптымістычныя ў сваіх ацэнках, людзі, якія чытаюць незалежныя медыя, больш асцярожныя», – адзначыла экспертка.

Матэрыялы «Маніторынгу беларускай эканомікі» даследчага цэнтру BEROC.
Крыніца: BEROC

Падчас гэтага даследавання эксперты задалі рэспандэнтам нетрадыцыйнае пытанне: хто адказны за правалы і поспехі ў эканоміцы. Бальшыня мяркуе, што ў роўнай ступені і за дрэнны, і за станоўчы вынік адказны ўрад агулам і міністэрства эканомікі. Таксама пахвалілі Нацбанк і саміх сябе: 40% заявілі, што насельніцтва нясе адказнасць за поспехі, аднак не за правалы.

Урады краінаў ЕЗ, ЗША або Украіны, на меркаванне апытаных, аніяк не адказныя за тое, што адбываецца ў беларускай эканоміцы.

Агляд
Стагнацыя эканомікі, падзенне рубля, інфляцыя 8,3%: прагноз BEROC на выбарны 2025 год
2024.05.05 17:28

У першым квартале эканоміка расла шпарчэй, чымся прагназавалася, канстатаваў эканаміст цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, працягваючы прэзентацыю маніторынгу. Ён растлумачыў, што галоўны рухавік, які штурхае ВУП наверх, – унутраны попыт: «Спажыванне хатніх гаспадарак – галоўны лакаматыў, што штурхае ўнутраны попыт і эканоміку агулам».

У першым квартале ВУП «выйшаў на новы гістарычны пік». Аналітык звярнуў увагу, што добрыя паказнікі апрацоўчай прамысловасці і гандлю – акурат адлюстраванне росту попыту. Пры гэтым неблагія вынікі паказала сельская гаспадарка і IT-галіна:

«У статыстыцы Белстату бачым, як і раней, зніжэнне, бо параўноўваецца з пачаткам мінулага года, аднак калі параўноўваць перыяд да перыяду, то бок ланцуговыя дадзеныя, паміж сабой, то фактычна можна сказаць, што, імаверна, дно ў IT-сферы дасягнутае, і «айцішка» адштурхнулася ад дна».

У вонкавым гандлі цудаў няма: ён хаця пакуль і дадатны, але проста вяртанне на тыя вышыні, што ўжо былі.

«Аніякага феномена няма. Вярнуліся да таго аб’ёму, што быў прыкладна да жніўня 2023 года. І збольшага гэтая дынаміка, мяркую, для ўсіх відавочная: яна абумоўленая дынамікаю экспарту менавіта ў Расею, бо сёння гэта галоўная краіна, куды пастаўляюцца беларускія тавары», – падкрэсліў Крук.

Дзмітрый Крук выступае падчас прэзентацыі новых матэрыялаў «Маніторынгу эканомікі Беларусі» ў Вільні, Літва. 4 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Ён заўважыў, што ў першым квартале істотна вырасла прадукцыйнасць працы, аднак гэта хутчэй фармальнасць, бо тлумачыцца скарачэннем занятых у эканоміцы. Акрамя таго, трохі павялічылася колькасць новых працоўных месцаў, але эксперт сумняецца, што гэта новая тэндэнцыя:

«Гэты паказнік служыць добрай базай для разумення таго, што будзе далей, як вытворцы бачаць бягучую сітуацыю, на што яны разлічваюць і як ацэньваюць рынак працы. Імаверна, можна дапусціць, што мы дасягнулі дна на рынку працы, аднак пакуль гэта хутчэй такое пялёсканне на дне».

Матэрыялы «Маніторынгу беларускай эканомікі» даследчага цэнтру BEROC.
Крыніца: BEROC

Нягледзячы на прыстойную працу беларускай эканомікі ў першым квартале, эксперт цэнтру BEROC папярэдзіў пра чыннікі, што могуць перакуліць усё да гары нагамі. Кажучы на разумнай эканамічнай мове, у гульню могуць увайсці «макраэканамічныя дыспрапорцыі, што нарастаюць».

«Самае галоўнае – фінансавы стан беларускіх кампаніяў, як прыватных, гэтак і дзяржаўных. Менавіта тут бачыцца галоўная болевая кропка, галоўны бар’ер для далейшага напампоўвання росту», – упэўнены Дзмітрый Крук.

Прадпрыемствы не публікуюць фінансавых справаздачаў, таму не зразумела, ці маюць яны нейкія рэзервы, каб пашыраць вытворчасць і павялічваць заробкі.

Акрамя таго, няма аніякіх гарантыяў стабільнасці беларускага экспарту, і пры найгоршым сцэнары незразумела, дзе дзяржава будзе браць грошы:

«Калі няма відавочных або невідавочных крыніцаў фінансавання, вялікае пытанне, за кошт чаго прафінансаваць дэфіцыт. Так, можна папрасіць грошай у Расеі, але таксама не факт, і на якіх умовах. То бок казаць пра тое, што мы можам без праблем перайсці ў зону дэфіцыту, не выпадае».

Трэцяя праблема, што нікуды не дзяваецца, а толькі нарастае, – цэнавы ціск і інфляцыйны навес.

Матэрыялы «Маніторынгу беларускай эканомікі» даследчага цэнтру BEROC.
Крыніца: BEROC

Перспектывы беларускай эканомікі адмысловец параўнаў з выразам «Пакараць смерцю нельга памілаваць», толькі ў варыянце «Расці нельга спыніцца». Коску ў патрэбным месцы Крук упэўнена не паставіў, але выказаў думку, што цяперашнія ўлады, нягледзячы ні на што, будуць намагацца забяспечыць далейшы рост, маўляў, «і не такое бачылі, усё адно будзем піхаць эканоміку наперад».

Аналітыка
Беларусь можа страціць сотні мільёнаў еўраў ад збожжавых санкцыяў ЕЗ. Ці балюча гэта?
2024.05.30 14:46

Аднак гэта падобна на тое, як хворую асобу, якая патрабуе лекавання, прымушаць працаваць і далей.

«Існуе пагроза абвастрэння таго, што я назваў макраэканамічнымі болькамі. Гэтая пагроза, як паказвае ў тым ліку беларуская практыка, потым уплывае на доўгатэрміновыя прамежкі і адбіваецца такім інерцыйным шлейфам на доўгія-доўгія гады», – падсумаваў эксперт.

Аналітык BEROC Анатоль Харытончык у сваёй частцы прэзентацыі канстатаваў, што сёлета рост цэнаў у Беларусі застаецца даволі нізкім, хаця перадумовы для вялікай інфляцыі – перагрэў эканомікі і рынку працы – квітнеюць і пахнуць:

«Галоўным фактарам, чаму інфляцыя ў нас застаецца такой нізкай, – татальны цэнавы кантроль з боку ўрада, які перашкаджае пераносу праінфляцыйных чыннікаў у рост цэнаў. Дзякуючы адміністрацыйнаму ўмяшанню сёлета інфляцыя ў базавым сцэнары прагназуецца ў дыяпазоне 5–7%, а не 10%, якой яна магла бы быць без гэтага празмернага цэнавага кантролю».

Нацбанк, паводле даследніка, рэагуе на інфляцыйныя рызыкі, аднак «робіць гэта дужа інертна і асцярожна». У выніку грашова-крэдытная палітыка застаецца мяккай і, адпаведна, працягвае стымуляваць эканамічную актыўнасць.

Матэрыялы «Маніторынгу беларускай эканомікі» даследчага цэнтру BEROC.
Крыніца: BEROC

Тое, што інфляцыйны навес існуе, даказвае падаражэнне паслугаў, што не рэгулююцца. «Яны ў нас апошнім часам раслі тэмпамі, якія апярэджваюць рост цэнаў на нехарчовыя тавары. Гэта адзін з індыкатараў таго, што ў эканоміцы цяпер прысутнічае інфляцыйны навес, то бок патэнцыял паскоранага росту пры змяншэнні маштабу цэнавага кантролю», – растлумачыў Харытончык.

Ён звярнуў увагу на паскарэнне выдачы новых крэдытаў, і гэтыя грошы, як выглядае, ідуць на вяртанне раней узятых пазыкаў:

«Усё большая частка новых крэдытаў, відаць, ідзе на пагашэнне папярэдніх пазыкаў. Манетарная палітыка мяккая, яна, як і раней, падтрымоўвае высокую крэдытную актыўнасць ва ўмовах перагрэву эканомікі».

Аналітык не выключае, што, каб астудзіць такі крэдытны імпэт, Нацбанк крыху павысіць стаўкі ў сярэднім да 11% гадавых.

Анатоль Харытончык падчас прэзентацыі новых матэрыялаў «Маніторынгу эканомікі Беларусі» ў Вільні, Літва. 4 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Анатоль Харытончык падкрэсліў, што адной з прыкметаў таго, што эканоміка перастане працаваць на знос, будзе рост інвестыцыяў у пашырэнне магутнасцяў вытворчасці і павышэнне прадукцыйнасці працы.

«Пакуль мы не бачылі інвестыцыйнага росту, толькі ў сакавіку – красавіку інвестыцыі пачалі расці. Яны з’яўляюцца цяпер такім індыкатарам таго, які сцэнар будзе рэалізоўвацца. Калі інвестыцыі будуць устойліва расці, асабліва за кошт уласных сродкаў і асабліва ў прыватным сектары, тады нават пры росце эканомікі на 4% сёлета маштаб перагрэву ўсё адно знізіцца. Ён будзе істотным, аднак не такім крытычным», – падсумаваў эксперт.

Агляд
Санкцыі vs Беларусь: эксперты прызналі гнуткасць эканомікі, але ўсё можа абрынуцца ўміг
2024.05.31 09:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў