Амерыканская выведка CIA паінфармавала Ізраіль, што цягам найбліжэйшых содняў на краіну можа напасці Іран. Аб гэтым піша выданне «Voxnews» са спасылкаю на блізкаўсходнія медыі.
«Знішчэнне іранскага консульства ў Сірыі, у выніку якога загінулі дзясяткі высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў і генералаў, рызыкуе перарасці ў вялікую вайну ў рэгіёне. Пра гэта паведамляюць некаторыя медыі на Блізкім Усходзе, паводле якіх амерыканская выведка CIA папярэдзіла Ізраіль, што можна чакаць ваеннага адказу з боку Ірану цягам 48 гадзінаў», – гаворыцца ў матэрыяле.
Як паведамляе «Al Mayadeen», Іран плануе камбінаваную атаку з «дажджом» беспілотнікаў і ракетаў са сваіх базаў па стратэгічных месцах у Ізраілі.
Тым часам «The Times of Israel» піша, што Армія абароны Ізраілю пачала набор рэзервістаў супрацьпаветранай абароны, бо баіцца адказу за ўдар па місіі Ірану ў Сірыі.
«Гэты крок зроблены ўслед за пагрозамі Ірану адказаць на імавернае забойства Ізраілем Магамада Рэзы Загэдзі, найвышэйшай службовай асобы Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі ў Сірыі, разам з ягоным намеснікам, пяццю іншымі афіцэрамі Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі і прынамсі адным чальцом «Хізбулы», – гаворыцца ў публікацыі.
«12 канал» паведамляе, што Ізраіль цяпер у стане павышанай гатовасці адносна патэнцыйнага адказу Ірану на ўдар у Сірыі. Адзначаецца, што гэты ўдар запатрабуе значнага адказу Цагалю.
Нагадаем, у пачатку красавіка Іран абвінаваціў Ізраіль ва ўдары па сваім консульстве ў Сірыі. Адзначалася, што ў выніку ўдару па Дамаску загінуў, у прыватнасці, камандзір падраздзялення «Аль-Кудс» Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі генерал Магамад Рэза Загэдзі.
Напад выклікаў гнеўную рэакцыю высокапастаўленых асобаў у іранскім урадзе, якія паабяцалі не пакінуць дзеянняў Ізраілю без адказу.
«Мы прымусім іх пашкадаваць аб тым, што яны здзейснілі гэтае злачынства і распачалі падобныя дзеянні», – папярэдзіў вярхоўны лідар Ірану Алі Хамэнэі.
Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю контр-адмірал Даніель Гагары заявіў журналістам, што не будзе каментаваць гэтага ўдару. Пры гэтым ён падкрэсліў, што месца, па якім быў нанесены ўдар, – «гэта не консульства і не пасольства», а ваенны будынак сілаў «Аль-Кудс», замаскаваны пад цывільны будынак у Дамаску.
Ася Саковіч belsat.eu