Саміт Люблінскага трыкутніка з удзелам прэзідэнтаў Польшчы, Украіны і Літвы быў прысвечаны 30-годдзю прызнання Украіны Польшчаю. Польшча зрабіла гэта першая ў свеце, заявіў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Якуб Кумах. Ён паведаміў, што прэзідэнты прынялі супольную дэкларацыю.
«Гэта было 2 снежня 1991 года. Праз два дні Літва прызнала Украіну. Гэта наш юбілей, які сімвалізуе братэрства і блізкія стасункі народаў, якія можна назваць ягелонскімі», – сказаў Якуб Кумах.
Дыпламат дадаў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі шчыра падзякаваў Польшчы і Літве за гэты акт салідарнасці з Украінаю.
«З іншага боку, прэзідэнт Анджэй Дуда вельмі ясна даў зразумець, што верыць: аднойчы сярод лідараў гэтай групы [Люблінскага трыкутніка] будзе і дэмакратычна абраны лідар Беларусі. Сапраўды, адсутнічае гэтая беларуская частка нашага агульнага краю. Яна адсутнічае са зразумелых прычынаў: беларусы і беларускі пазбаўленыя права дэмакратычна абіраць свайго лідара або лідарку», – адзначыў Кумах.
Дыпламат таксама паведаміў, што падчас саміту шмат гаварылася пра пагрозы, у тым ліку гібрыдныя дзеянні на межах Польшчы ды Літвы.
«Прэзідэнт Зяленскі выказаў недвухсэнсоўную салідарнасць Украіны з абедзвюма краінамі», – падкрэсліў Кумах.
І дадаў: прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Дуда гаварылі пра дыпламатычныя дзеянні Польшчы і Літвы ў NATO і ЕЗ, каб мабілізаваць нашых заходніх партнёраў, каб праявіць большую салідарнасць як з Украінаю, так і з краінамі, якія пацярпелі ад гібрыднай акцыі.
«Яны прынеслі поспех, бо нядаўна ў нас быў візіт прэзідэнта Еўракамісіі і генеральнага сакратара NATO ў краіны Балтыі», – падкрэсліў Кумах.
Якуб Кумах дадаў: прэзідэнт Дуда падкрэсліў, як важна ў гэты момант падтрымаць краіны Балтыі, якім найбольш пагражаюць расейскія правакацыі.
Гаворачы пра чацвярговы саміт Люблінскага трыкутніка, кіраўнік бюро падкрэсліў: усе бакі з заклапочанасцю сочаць за тым, што адбываецца вакол Украіны.
«Таксама шмат гаварылася пра будучыню Трыкутніка, пра супрацу і блізкасць трох народаў, якія ёсць спадчыннікамі адной і той жа Першай Рэчы Паспалітай», – працягнуў ён.
Паводле дыпламата, прэзідэнты таксама прынялі дэкларацыю, «якая ў тым ліку адносіцца да дэмакратычнай спадчыны Першай Рэчы Паспалітай і да нашых найбуйнейшых рухаў за дэмакратыю – да польскай «Салідарнасці», да літоўскага «Саюдзісу», да Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, да мірных пратэстаў 2020 года ў Беларусі».
pj/МГ belsat.eu паводле PAP