Адказваючы на пытанні журналістаў і жыхароў Астраўца, Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў пра «пэўныя ўмовы» для вызвалення палітзняволеных, якія ён нібыта ставіць перад польскімі палітыкамі падчас размоваў «па закрытых каналах».
Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму вызвалення палітвязняў, адказваючы на пытанне пра магчымыя змены ў стасунках з Польшчай пасля парламенцкіх выбараў у гэтай краіне. Самапрызначаны прэзідэнт заявіў, што не чакае асаблівых зменаў у польска-беларускіх дачыненнях з прыходам да ўлады Дональда Туска, якога назваў праеўрапейскім палітыкам.
«Гэта не азначае, што заўтра там памяняецца палітыка ў дачыненні Беларусі. Па закрытых каналах мы з імі размаўляем, яны выстаўляюць мне нейкія ўмовы: «Ты там гэтага адпусці, гэтага адпусці».
Ён закон парушыў. Як я яго адпушчу? Для гэтага павінны быць пэўныя ўмовы», – сказаў падчас сваёй працоўнай паездкі ў Астравецкі раён Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка дадаў, што Беларусь – суверэнная і незалежная дзяржава, і сам ён праводзіць палітыку ў інтарэсах народу – «гэтым усё сказана».
«Калі яны гатовыя да гэтага, заўтра мы гатовыя паціснуць адзін аднаму руку ў любым месцы і гатовыя з імі супрацоўнічаць», – сказаў Лукашэнка.
Да чаго канкрэтна павінны быць «гатовыя» польскія палітыкі, засталося таямніцай.
Польшча неаднаразова патрабавала ад Менску вызвалення палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута, які быў асуджаны лукашэнкаўскім рэжымам на 8 гадоў калоніі з палітычных прычын. Польшча, краіны ЕЗ, міжнародныя арганізацыі неаднакроць заклікала Лукашэнку вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі, якія чыніць ягоны рэжым з 2020 года.
На 3 лістапада ў Беларусі палітычнымі вязнямі афіцыйна прызнаныя 1462 чалавекі. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне 1680 палітзняволеных. Насамрэч, іх колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.
Зміцер Міраш belsat.eu