У Менскім гарадскім судзе 3 лістапада мусіў працягнуцца суд над палітвязнем Мікалаем Дзядком, аднак паседжанне так і не пачалося, бо прыйшло паведамленне, што будынак суду замінаваны, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Цяпер каля Менскага гарадскога суду працуюць сапёры, унутр нікога не пускаюць.
Суд над 32-гадовым блогерам і актывістам анархічнага руху Мікалаем Дзядком распачаўся 29 чэрвеня. 6 ліпеня па справе прызначылі псіха-лінгвістычную экспертызу, якая і праводзілася цягам амаль чатырох месяцаў.
Мікалая Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году, моцна збілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні з гаручымі рэчывамі»).
Абноўлена: у 10.32 сапёры скончылі працу, судовае паседжанне распачалося.
ГГ, belsat.eu