Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які знаходзіцца з візітам у Хельсінкі, выказаўся наконт начной атакі дронаў на Крэмль. Раней расейскія ўлады абвінавацілі ў гэтым Кіеў, аднак там адмаўляюць сваю датычнасць да інцыдэнту.
«Мы не атакуем ні Пуціна, ні Маскву. Мы ваюем на сваёй зямлі і абараняем свае вёскі і гарады. Нават для гэтага ў нас не хапае зброі. Таму мы яе больш нідзе не выкарыстоўваем. У нас дэфіцыт. Мы не можам выкарыстоўваць нешта і недзе. Таму мы не атакавалі Пуціна. Мы пакінем гэта трыбуналу», – сказаў Зяленскі падчас саміту краін Паўночнай Еўропы.
Украінскі прэзідэнт лічыць абвінавачанні Масквы ў нападзе беспадстаўнымі.
На думку Зяленскага, Расея спрабуе выкарыстоўваць абвінавачанні ў адрас Кіева, таму што даўно не адчувае поспехаў у вайне. Гэта трэба для таго, каб матываваць сваіх салдат ісці наперад на вайну супраць Украіны, у якой, як ён лічыць, Расея не дабілася поспеху.
Нагадаем, днём 3 траўня расейскія ўлады абвінавацілі Кіеў у атацы беспілотнікаў на Крэмль. Мяркуючы па ўсім, здарэнне адбылося ўначы. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін не быў у Крамлі ў момант «спробы атакі ўкраінскіх беспілотнікаў». Прэс-сакратар Зяленскага заявіў, што Украіна не мае дачынення да атакі на Крэмль.
Між тым Крэмль ужо пачаў пагражаць адказнымі мерамі, а расейскія дэпутаты і прапагандысты заклікаюць ударыць ракетамі па Кіеве і адміністрацыйных будынках. Так, у Крамлі заявілі, што Расея пакідае за сабой права адказаць на спробу ўдару па Крамлі – дзе і калі палічыць патрэбным.
Алена Рувіна belsat.eu