Год таму лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч па сфабрыкаваных абвінавачваннях былі асуджаныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH/OMCT) і праваабарончыя арганізацыі па ўсім свеце ў гадавіну выраку выступілі з патрабаваннем вызвалення палітзняволеных вясноўцаў. Пра гэта паведамляе spring96.org.
У сваім звароце 36 праваабарончых арганізацыяў выказваюць сурʼёзную занепакоенасць несправядлівым турэмным зняволеннем Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, а таксама высокай рызыкай катаванняў і жорсткага абыходжання, з якім яны сутыкаюцца ў зняволенні.
У дакуменце канстатуецца, што на працягу 17 месяцаў, праведзеных у папярэднім зняволенні пасля іх адвольнага арышту 14 ліпеня 2021 года, Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч утрымліваліся ў жахлівых умовах утрымання, з моцна абмежаваным доступам да адвакатаў, медычнай дапамогі і зносін.
Пасля выраку Бяляцкі быў накіраваны ў папраўчую калонію № 9 у Горках, якая лічыцца адной з самых суровых турмаў у Беларусі. У лістападзе 2023 года стала вядома, што кіраўнік ПЦ «Вясна» быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На працягу доўгага перыяду часу яму адмаўлялі ў кантакце са сваім адвакатам і сваякамі, якія не могуць яму тэлефанаваць і не атрымліваюць ад яго лістоў. Ён, відаць, таксама не атрымлівае лістоў і пасылак з волі. Цяпер адміністрацыя турмы адмаўляецца прымаць пасылкі з медыкаментамі ад сваякоў Бяляцкага, і стан здароўя лаўрэата Нобэлеўскай прэміі застаецца невядомым.
Аўтары звароту таксама занепакоеная становішчам Уладзіміра Лабковіча, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 17, і Валянціна Стэфановіча, змешчанага ў папраўчую калонію № 15, дзе яго прымушалі выконваць вельмі шкодную і нізкааплатную працу. У студзені 2024 года Стэфановіча таксама перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), дзе ён увесь час утрымліваецца ў камеры. Пры гэтым яму дазваляецца знаходзіцца на свежым паветры ўсяго 30 хвілін на дзень. Палітвязень атрымлівае толькі лісты або пасылкі, адпраўленыя яго сямʼёй, і ўсе тэлефонныя званкі і візіты сваякоў забароненыя.
«Рэпрэсіі супраць «Вясны» і яе чальцоў з’яўляюцца часткай больш шырокага падаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», – канстатуецца ў дакуменце.
Праваабарончыя арганізацыі асуджаюць несправядлівы вырак Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча, заклікаюць беларускія ўлады адмяніць іх прысуды і неадкладна вызваліць іх.
Акрамя таго, аўтары дакументу заклікаюць беларускія ўлады вызваліць сябраў «Вясны» Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, а таксама ўсіх іншых зняволеных у Беларусі, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.
Глеб Нержын belsat.eu