Забойства жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава – далёка не першы выпадак міліцэйскага гвалту, які прывёў да смерці. За такое ў Беларусі не прынята караць.
Уначы 31 снежня 2021 года ў Рэчыцы два супрацоўнікі патрульнай службы затрымалі мясцовага жыхара, 27-гадовага Дзмітрыя Усхопава. Ён быў нападпітку, зайшоў у РУУС на сваіх нагах, а адтуль яго вынеслі ў стане клінічнай смерці. У 01:20 1 студзеня зафіксавалі смерць.
На фота цела памерлага бачныя сляды гвалту, якіх не відаць на кадрах, дзе яго ўводзяць у РУУС. Але сілавікі сцвярджаюць, што не бачаць слядоў гвалтоўнага характару смерці, крымінальнай справы не распачалі, праводзяць праверку.
Гэта далёка не першы такі выпадак у Беларусі. Шэраг забойстваў, за якія сілавікі не панеслі пакарання, звязаны з пратэстамі 2020 года. Ды сілавікі забівалі і да пратэстаў, і пасля.
Да пратэстаў 2020 года
Забойства ў навагоднюю ноч магло адбыцца пяць гадоў таму. 1 студзеня 2017 год ледзь не загінуў мянчук Андрэй Гаўрош: міліцыянт Руслан Салаўёў двойчы стрэліў яму ў спіну на парозе ягонай кватэры. Афіцыйная версія ўладаў выклікала шмат пытанняў. Гаўрошу, якога ўратавалі медыкі, прысудзілі пяць гадоў «хатняй хіміі», а міліцыянта, які страляў, прызналі пацярпелым.
З нагоды рэчыцкага забойства блогер-вандроўнік Аляксандр Гойшык расказаў у Facebook, як у канцы 1990-х у Салігорску ягонага брата моцна збілі п’яныя міліцыянты, а ў рэанімацыю даставілі толькі пасля тэлефанавання маці. Брата ўратавалі медыкі, а нападнікаў асудзілі «гадоў на сем хіба».
Але не ўсіх удаецца ўратаваць медыкам. У выпадку смерці ў руках сілавікоў асноўная афіцыйная версія прычынаў – або суіцыд, або праблемы са здароўем у забітага.
29 лістапада 2018 года 48-гадовы жыхар вёскі Слаўкава Нясвіжскага раёну Сяргей Абрамовіч загінуў у міліцэйскім аўтамабілі. Паводле афіцыйнай версіі, ён проста ў машыне павесіўся на матузках ад ботаў. Як такое фізічна магчыма ва «ўазіку», не патлумачылі. Крымінальнай справы не пачыналі, вынікаў праверкі не паведамлялі. Відэа здарэння нібыта ёсць у матэрыялах справы, але яго не паказалі. Міліцыянта, у машыне якога памёр мужчына, неўзабаве павысілі.
6 ліпеня 2019 года ў міліцэйскай «Газелі» памёр 33-гадовы жыхар вёскі Стрыгава Кобрынскага раёну Дзмітрый Захарчэня. Сілавікі заявілі, што гэта быў суіцыд, падрабязнасцяў не раскрылі – толькі паведамілі, што гэта здарылася ў цесным адсеку для затрыманых. Пра вынікі праверкі не паведамлялі. Суседка расказвала, што памерлы сам выклікаў міліцыю, але яго пасадзілі ў міліцэйскую машыну – а міліцыянт потым сказаў суседцы, што Дзмітрый «узяў шнурок, завязаў на шыі і рукамі моцна яго зацягнуў».
У тым жа годзе 23 красавіка з берасцейскай кавярні «На Ясеневай» Андрэя Тарасенку забралі ў апорны пункт. Паводле версіі міліцыі, падставаю была бойка з ягоным удзелам (сведкі кажуць, бойкі не было, а відэа здарэння знікла). 29 красавіка Тарасенка памёр у шпіталі. Паводле афіцыйнай версіі, прычынаю смерці была пнеўманія, выкліканая злоўжываннем алкаголем. Сваякі ды сябры памерлага перакананыя, што Андрэй пайшоў з жыцця пасля цяжкіх пабояў, якія атрымаў у пастарунку: у яго было зламанае рабро і прабітае лёгкае. Вінаватых не пакаралі, праверка нічым не скончылася.
У студзені 2016 года пасля неаднаразовых скаргаў на здароўе памёр вязень жодзінскай турмы № 8 Алег Багданаў. Мужчыну з пратэзам сэрца не надалі належнай медычнай дапамогі, пра гэта ён пісаў у лістах, у тым ліку прасіў мазь ад сінякоў і гематомаў. На відэа трапіла тое, як ужо ў непрытомным стане турэмныя кантралёры прыносяць вязня ў сутарэнне і на працягу паўгадзіны намагаюцца рэанімаваць яго. Папярэдняе расследаванне ў крымінальнай справе спынілі, вінаватых не знайшлі.
20 верасня 2016 года ў той жа жодзінскай турме № 8 памёр 37-гадовы маёр у адстаўцы Ігар Барбашынскі. Прычынай смерці назвалі энцэфаліт нявызначанай этыялогіі, але праваабаронцам стала вядома, што на целе памерлага выявілі шматлікія пашкоджанні: 17 слядоў ад удараў цяжкім тупым прадметам на грудной клетцы і на нагах, рубцы на галаве. Брат памерлага, які правёў у СІЗА паўгода, расказваў пра пабоі. Правялі праверку, вінаватых не пакаралі.
Зрэдчас сілавікі нясуць пакаранне за гвалт. Напрыклад, у 2018 годзе міліцыянта, які жорстка збіў двух берасцейцаў, пасадзілі на шэсць гадоў калоніі. А ў 2017 годзе былога начальніка Веткаўскага РАУСу аштрафавалі на 690 руб. за напад і збіццё 16-гадовага падлетка.
Бадай, самай гучнай судовай перамогай, звязанай з гвалтам сілавікоў, была справа аб смерці ў СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна ў 2013 годзе. Мужчына адбываў тры месяцы арышту на Валадарскага за кіраванне машынай без правоў, памёр за кратамі. Сваякі пабачылі на целе сляды пашкоджанняў, сінякі. Пасля шматлікіх адмоваў у расследаванні ў 2016 годзе суд усё ж адбыўся, але судзілі не тых, хто збіваў памерлага, а фельчара СІЗА – за тое, што не надаў належнай дапамогі (паводле афіцыйнай версіі, Пцічкін памёр ад сэрцава-судзіннай няздатнасці). Фельчара пакаралі трыма гадамі калоніі-паселішча, сям’і загінулага ж прысудзілі кампенсацыю 36 000 руб. (чакаць якой давялося яшчэ год).
9 жніўня ў Гомлі байцы АМАПу затрымалі Аляксандра Віхора. 12 жніўня быў дастаўлены з СІЗА спачатку ў псіханеўралагічны дыспансер, адтуль у тубдыспансер, куды трапіў у стане клінічнай смерці і з ацёкам галаўнога мозгу, рэанімаваць яго не змаглі. У крымінальнай справе адмовілі.
10 жніўня ў Менску ля метро «Пушкінская» сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага, які ішоў да іх з паднятымі рукамі. Забойства трапіла на некалькі відэа. Крымінальную справу заводзіць адмовіліся, але грамадская ініцыятыва «Народны трыбунал» назвала імя аднаго з меркаваных забойцаў.
11 жніўня ў Берасці вайсковец у цывільным стрэліў у патыліцу Генадзю Шутаву. Мужчына памёр у шпіталі 19 жніўня. Забойства таксама трапіла на відэа. Суд Берасцейскай вобласці прызнаў забітага вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэння пакарання». Сведку забойства Шутава Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму. Забойцу, капітана Рамана Гаўрылава, назвалі пацярпелым.
11 лістапада ў Менску на плошчы Пераменаў быў збіты і затрыманы «людзьмі ў цывільным» Раман Бандарэнка. Яго даставілі ў РУУС, затым у непрытомным стане – у лякарню з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і гематомамі. 12 лістапада ён памёр, нягледзячы на праведзеную аперацыю. Крымінальную справу распачалі толькі праз тры месяцы і паводле артыкулу аб «наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое праз неасцярожнасць пацягнула смерць», вінаватых дагэтуль не пакаралі. Ініцыятыва былых сілавікоў «ByPol» правяла ўласную праверку і назвала меркаваных нападнікаў, у ліку якіх байцы АМАПу і СОБРу, старшыня Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў, тайбаксёр Дзмітрый Шакута і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Дзяржаўныя медыі і сілавікі спрабавалі апраўдаць забойства тым, што Раман нібыта быў п’яны, а за абвяржэнне гэтага судзілі лекара і журналістку.
18 студзеня 2021 года актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах, суд праходзіў у закрытым рэжыме. 21 траўня ён загінуў у калоніі, сілавікі апублікавалі моцна адрэдагаванае відэа. Сваякі не вераць у негвалтоўную смерць. Вінаватых у смерці Ашурка не знайшлі, крымінальную справу не пачыналі – толькі праверку. Брат Ашурка быў вымушаны з’ехаць з Беларусі – атрымаў інфармацыю, што яго збіраюцца пасадзіць.
28 верасня 2021 года ўзброеныя «людзі ў цывільным» у Менску ладзілі рэйд па кватэрах пратэстоўцаў. Айцішнік Андрэй Зельцар сустрэў іх са стрэльбай у руках. Сілавікі застрэлілі яго, таксама ў страляніне загінуў адзін з «людзей у цывільным», які аказаўся супрацоўнікам КДБ. Дзяржаўныя медыі апублікавалі моцна адрэдагаванае відэа здарэння, якое выклікае дзясяткі пытанняў. Пасля здарэння затрымалі больш за дзве сотні тых, хто пісаў у інтэрнэце каментары аб забойстве. Былы кіраўнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў, што за аднаго загінулага супрацоўніка КДБ трэба забіць 20 ці 100 чалавек. Удаву забітага трымаюць у СІЗА, на тры тыдні клалі ў Навінкі. Поўнага відэа здарэння так і не апублікавалі, падрабязнасцяў расследавання не раскрываюць.
І гэта не поўны спіс смерцяў, звязаных з дзеяннямі сілавікоў супраць пратэстоўцаў. І ў 2020 годзе, і ў 2021-м беларусы паміралі пасля зняволення, былі загадкавыя самагубствы. Многія пратэстоўцы атрымалі цяжкія раненні і траўмы пасля катаванняў. Менчука Дзмітрыя Украінцава цудам уратавалі: сілавікі 11 жніўня 2020 года стралялі ў яго ва ўпор, але сярод затрыманых у аўтазаку, куды яго кінулі з куляй у лёгкім, апынуўся доктар.
АА belsat.eu