Вайна і немцы, партызаны і паліцыя, аблавы і карныя акцыі. Праз усё гэта і не толькі давялося прайсці жыхарам Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Пра жыццё ў вёсцы Ганчароўка сучаснага Бабруйскага раёна ў 1941-1944 гадах распавёў у сваіх успамінах Віктар Балдэнка (1930-1994), якому ў 1941 годзе было 11 гадоў.
Успаміны пра жыццё пад акупацыяй Канстанціна і Макрыны Балдзенкаў і іх малалетніх дзяцей Валі, Віці і Соні публікуюцца ўпершыню і з дазволу сваякоў. Тэкст публікуецца з скарачэннямі.
«Не ведалі мы, што ўжо пачалася вайна. У панядзелак паехалі касіць сена, усе былі вясёлыя, а ўвечары, калі ўжо прыехалі дадому, даведаліся, што пачалася вайна. Даведаліся ад габрэяў, якія ў спешцы пакідалі свае дамы і хто на чым мог пачалі з’язджаць на ўсход. <…>
Пачалася паніка. Праз два дні была абвешчаная мабілізацыя мужчынскага насельніцтва. <…> У войсках знаходзіліся такія гады нараджэння: 1920 г., 1921 г., 1922 г., 1923 г. Прызывалі 1905-1919 гады і 1923, хто не быў прызваны. Бацька быў з 1902 г. нараджэння і прызыву не падлягаў, а многіх мужчын з вёскі прызывалі. Гэта быў цяжкі час, калі іх праводзілі і ўсе плакалі. Гэтыя людзі амаль усе загінулі гэтак жа, як і тыя, што служылі (1920-1923 гг.). З нашага сельскага савета, а гэта 22 вёскі, вярнуўся пасля перамогі толькі 1 чалавек. <…>
<…> Першы раз убачыў немцаў у пачатку ліпеня 1941 года. Яны прыехалі на грузавой машыне ў вёску, паехалі на калгасную ферму і забілі там дзвюх кароў, забралі мяса і з’ехалі. Гэта для ўсіх людзей было такой нечаканасцю, што ўсе былі ў шоку. Пазней мужыкі сабраліся і вырашылі, пакуль усё быдла яны не перарэзалі, трэба яго падзяліць для людзей. <…> Бацька прывёў дадому цялушку і каня ад той кабылы, якую ён калісьці здаваў у калгас. Гэта быў прыгожы двухгадовы жарабец, масць рыжая, на чале белыя палосы, на нагах белыя панчохі, як быццам хтосьці іх абвязаў да каленяў бінтамі. Мы былі вельмі радыя гэтай падзеі. <…>
Фронт ад нас пайшоў на ўсход, нас немцы амаль не турбавалі. Вёска як жыла да вайны, так і жыла. Збіралі хлеб, бульбу, гародніну, нешта здавалі новым уладам, а астатняе падзялілі паміж сабой. Да восені падзялілі зямлю, каб кожны сам сабе мог сеяць азімыя (у той час гэта было жыта), і вясной сеяць хто што пажадае.
Нам таксама было выдзелена каля трох гектараў зямлі. <…> Часам у вёску прыязджалі немцы, прасілі яйкі, курэй, частавалі цукеркамі, такімі круглымі, як гузікі. Гэта былі проста ледзяшы ў цюбіках. У нас такіх цукерак у той час не рабілі. Усё было ціха, вайна нас асабліва не тычылася.
Часам прыляталі нашы самалёты-бамбавікі, бамбавалі г. Бабруйск, масты праз раку Бярэзіну. Мы за імі назіралі. Было вельмі шкада, калі іх збівалі. Бо яны прыляталі без прыкрыцця знішчальнікаў, іх проста не хапала, ды і шмат было знішчана фашыстамі ў першыя гадзіны вайны проста на аэрадромах.
Памятаю, як тры нашы чатырохматорныя самалёты адбамбіліся па Бабруйску і паляцелі на ўсход. Над нашай вёскай іх дагналі фашысцкія знішчальнікі, і пачаўся бой. Нашы самалёты мелі малую хуткасць, але былі добра ўзброеныя гарматамі і кулямётамі. Яны змаглі падпаліць два нямецкія знішчальнікі, але і ў іх быў падбіты адзін самалёт. Лётчык пашкадаваў вёску і загадаў экіпажу выкідвацца на парашутах, а сам вёў самалёт на луг, да рэчкі.
Як мы ненавідзелі тады фашыстаў, калі яны пачалі страляць па пілотах, якія апускаюцца на парашутах. Аднаго забілі, дваіх паранілі, камандзір гэта бачыў і выскачыў ўжо ў самы апошні момант, вельмі было блізка да зямлі і ён загінуў. Калі мы падбеглі, то тыя двое параненых пахавалі камандзіра і пайшлі на ўсход, да фронту. <…>
А праз некалькі дзён над вёскай быў падпалены наш знішчальнік І-16. Лётчык пасадзіў яго проста на бульбяное поле, не выпускаючы колы. Калі мы падбеглі, ён спытаў нас «Дзе немцы?» Мы сказалі, што ў нас іх няма. Ён кажа, цяпер ваш самалёт, а сам пайшоў да фронту, да сваіх. Не ведаем, ці змог ён дайсці, бо да лініі фронту ўжо было каля 50 км ад нас.
Нам жа гэты самалёт даў працы на 3-4 месяцы, разабралі ўвесь па частках. Гэтай аперацыяй кіраваў вясковы каваль Антон Катаровіч. Ён навучыў нас абясшкоджваць і разбіраць бомбы (іх было каля 200 штук: фугасныя і запальныя, малыя да 5 кг вагі). Потым выкарыстоўвалі іх карпусы, чыгунныя, каб у лазнях награваць ваду. Іх у агні напальвалі да чырвані і затым абцугамі апускалі ў ваду, пакуль вада не закіпала. <…>
А з дзюралюмінію адлівалі лыжкі, імя карысталася ўся вёска. Падзялілі бензін, які выкарыстоўвалі ў кнотах для асвятлення дамоў. Зброі было шмат, і ў нас былі вінтоўкі, якія мы хавалі ў кустах, каля балота. Там часам і стралялі ў 1941 годзе.
А восенню з’явіліся паліцэйскія. Гэта тыя людзі, якія добраахвотна перайшлі на бок немцаў і ім служылі. Іх баяліся, яны ў шмат разоў былі горшыя за немцаў, усё адбіралі, рабавалі народ. У нас адабралі ровар і патэфон. Нас, хлапчукоў, адхвасталі шампаламі, патрабавалі здаць зброю. Але мы не прызналіся, што яна ў нас ёсць, а калі б хто-небудзь прагаварыўся, то нас, напэўна б, яны расстралялі, бо быў даўно загад немцаў усім здаць зброю.
<…> У адну з начэй восенню і да нас у вёску прыехалі партызаны. Іх было шмат, колькі не ведаю. Нас яны забралі на лузе, дзе мы пасвілі коней, і адвялі ў вёску ў дом да былога старшыні калгаса. Вёску ачапілі, каб ніхто не данёс немцам аб іх прыходзе. Хадзілі па дамах, прасілі, у каго ёсць вайсковае адзенне, абутак і лішкі збожжа, ім аддаць. У людзей усё гэта было, і мы давалі ахвотна, рабаванняў не было. Мы баяліся, што яны забяруць нашых коней, але яны іх не кранулі. У той час у іх яшчэ было дастаткова коней. Аб адным людзі шкадавалі, што яны забралі нашага старшыну калгаса, бо немцы яго прызначылі старастам вёскі, і ў лесе расстралялі. У той жа час яны здолелі сабраць па блізкіх вёсках паліцэйскіх і старастаў, прывезлі іх нашу школу, зачыталі ім прысуд ,як здраднікам Радзімы, расстралялі і падпалілі школу [згодна сайту Хімаўскай школы, гэта адбылося ў сакавіку 1942 года. – Рэд. Belsat.eu].
<…> Назаўтра панаехала шмат немцаў, шукалі вінаватых, але партызаны ўжо з’ехалі, а людзі маўчалі і нічога не маглі сказаць. На гэты раз усё абышлося.
Старастам быць усе баяліся, у паліцыю таксама баяліся паступаць. Праўда, потым з нашага сельсавета некалькі чалавек паступілі ў паліцыю, былі прызначаныя старасты, але яны ўжо баяліся збіраць народ і на ноч з’язджалі ў далёкую вёску Слабудка, дзе быў гарнізон немцаў, далей ад лясоў. З нашых вёсак паліцэйскіх не было. Мы ўжо сталі баяцца вадзіць коней у начное, а затым ужо стала холадна і коней ўсё паставілі ў хлявы.
<…>
Усё часцей пачалі праяўляць сябе партызаны. Нападалі з засад на нямецкія аўтамашыны, якія ішлі па шашэйных дарогах, спальвалі масты, мініравалі дарогі.
У адказ немцы ўзмацнілі карныя захады. Сагналі ўсё насельніцтва вёсак і прымусілі ўздоўж шашэйных дарог высекчы ўвесь лес па абодва бакі на 200 м. Тое ж самае і ўздоўж чыгунак.
Гэта была цяжкая праца: трэба было не толькі высекчы, а яшчэ ўсё прыбраць і падчысціць. Пянькі павінны быць ля самай зямлі, каб за імі нельга было схавацца.
Больш за месяц і я ўдзельнічаў на гэтых працах пад наглядам немцаў і паліцыі. Нас падчас працы партызаны не абстрэльвалі, а ў некаторых месцах гэта здаралася. Тады немцы выклікалі танкі і бронетранспарцёры і пад іх прыкрыццём працягвалі працы.
Гэта рабілася для таго, каб не дазваляць партызанам блізка падбірацца да дарогі і весці прыцэльны агонь, а гранату і зусім было ўжо кінуць нельга, вялікая адлегласць.
Пасля разгрому немцаў пад Масквой у снежні-студзені 1941-1942 г. у нас зімой было зацішша. Узімку 1941-1942 гадоў моладзь нават часам ладзіла танцы пад гармонік. <…>
Часам ноччу наведваліся партызаны, але шкоды людзям не прыносілі. Пражылі мы яшчэ спакойна вясну і лета 1942 г. Пасеялі і збожжавыя, і бульбу, усё сабралі, але ўжо ўсе мужыкі частка збожжа і бульбы, а таксама гародніны ноччу ўпотай ад суседзяў закапалі на сваіх гародах. <…>
Ужо да канца 1942 г. сталі часцей прыязджаць немцы, патрабаваць збожжа, гародніну, мяса, яйкі і т.п. Пачалося рабаванне вёсак. Забралі і ў нас карову. Памятаю, калі яе забіралі, мы ўсе плакалі, засталіся мы без малака.
Было ў нас двое свіней. Адну бацька з мамай справіліся зарэзаць і схаваць, а другую забралі зімой 1943 г. партызаны. Яны ж забралі і нашага каня. Праўда, мама выплакала ў іх наўзамен старога і хворага каня, які ўжо не мог стаяць на нагах. Але мы і гэтаму былі рады. Як удалося яго выходзіць да вясны, я не ведаю, але гэта было цуд, што ён аджыў.
У 1943 г. з’явіліся ў нас і бандыты, якія прыходзілі ноччу ў вёску і рабавалі насельніцтва. Забіралі ўсё, што траплялася пад руку, пачынаючы з дзіцячага адзення і сканчаючы пасцельнымі прыналежнасцямі. Прыйшлося і вопратку хаваць і закопваць. Немцы перастралялі ў вёсцы ўсіх курэй і забралі. У нас да лета 1943 г. застаўся хворы конь, сабака і кот.
Немцы пачалі праводзіць аблавы, ноччу ачаплялі вёскі, усіх людзей зганялі на вуліцу. Затым адбіралі маладых хлопцаў і дзяўчат, везлі ў горад і там грузілі ў эшалоны і адпраўлялі ў Нямеччыну на працы. <…> Мы баяліся за Валю, але яна тады яшчэ была малая і яе не чапалі, а ўжо потым мы яе хавалі. <…> З усіх, каго немцы вывезлі ў Нямеччыну, вярнуўся пасля Перамогі адзін. <…>
З кожным днём усё больш нахабнымі станавіліся «ілжэ-партызаны», г.зн. папросту бандыты. Аднойчы прыйшлі, зайшлі ў наш дом і сталі ў бацькі патрабаваць пісталет. Бацька кажа, што ў яго няма пісталета. Яны кажуць, ёсць, нам падказалі. <…>
Гэтыя нягоднікі бацьку паставілі да сценкі і сталі страляць вакол галавы.
Мама страціла прытомнасць. Мы з Валяй сталі іх прасіць не забіваць тату, няма ў яго пісталета, калі б быў, мы б прынеслі. Яны нас адпусцілі і сышлі.
Пасля гэтага бацька іх стаў ненавідзець. Дамовіліся з Мікалаем (бацькаў пляменнік <…>) ахоўваць дамы. Ноччу хадзілі ў засаду са стрэльбамі, якія адкапалі. Засаду ладзілі каля гумна. <…>
Аднойчы бачаць, ідуць рабаўнікі. Іх было чацвёра. Яны іх падпусцілі бліжэй і адкрылі агонь з вінтовак. Мабыць, кагосьці паранілі, закрычалі тыя і кінуліся бегчы. Больш яны ў вёску не прыходзілі.
Увосень 1942 г. пачаліся цяжкія часы і для нас. Немцы па-ранейшаму да нас наведваліся зрэдку, але ў нас ужо ўсе запасы зменшыліся. Праўда, яшчэ было збожжа, бульба і гародніна. Крамы не працавалі, іх ніхто нічым не забяспечваў. Тыя, хто жыў у горадзе, галадалі, хадзілі па вёсках, жабравалі, мянялі ўсю вопратку – ў каго што было.
Мы пачалі сеяць проса, таму што ў хатніх умовах толькі з яго можна зрабіць крупы. <…> Хлеб таксама пяклі самі з жыта і пшаніцы. <…> Былі зробленыя і спецыяльныя прылады для вырабу льнянога алею. <…>
<…> Да нас у вёску прыбыў батальён з Італіі. <…>
Паколькі ў нас дом быў новы, пабудаваны ў 1940 г. [дом згарэў падчас баёў за вёску ў чэрвені 1944 года. – Рэд. Belsat.eu], то ў нас спыняліся афіцэры. Для нас гэта было лепш. Ніхто не мог з нас здзекавацца, усё залежала толькі ад афіцэра, ад таго, якім ён быў. Салдаты прыходзілі толькі па выкліку. Паколькі немцы яшчэ не разабраліся, <…> хто такія партызаны, то паводзілі яны сябе прыязна. Самі кожны дзень пілі віно, спявалі песні. Часам нас, дзяцей, частавалі цукеркамі, арэшкамі. <…>
Тыдні праз два гэты гарнізон быў адпраўлены на фронт. Некаторы час у нас нікога не было, а затым прыйшлі новыя часці, мабыць, з фронту, на адпачынак. З гэтага часу ўсім нам стала дрэнна. Нас усіх выселілі з хаты, жылі мы там, дзе захоўвалася бульба, а каля дома стаяў вартавы і нас туды не пускалі. Гэта былі ўжо зусім іншыя немцы, злыя. Мабыць, ім дасталося на фронце і яны ўжо пачалі прадчуваць, што пацерпяць паразу.
<…> Не абышлося без ахвяр і ў нашай сям’і. Вясной 1943 г. [згодна кнізе Алеся Адамовіча «Карнікі», гэта было ў пачатку ліпеня 1942 года. – Рэд. Belsat.eu] немцы атачылі вёску Казулічы, дзе жылі родныя маёй мамы. Сагналі на жывёльны двор людзей і затым загналі іх у хлеў і ў млын і падпалілі. У тым велізарным вогнішчы згарэлі: дзед Платон, ягоная жонка, сярэдні сын з жонкай і двума дзецьмі, дачка Надзя з маленькім дзіцём і мужам, г. зн. усяго дзевяць чалавек. Усяго ў вёсцы было спалена каля 500 чалавек. <…> Мая мама пасля гэтага доўга хварэла. <…>
<…> Улетку і ўвосень нас прымусілі ў лесе, за Новай Вёскай (цяпер гэта таксама Ганчароўка) капаць капаніры, у якіх яны размясцілі боепрыпасы (артылерыйскія снарады розных калібраў, гранатамёты і міны да іх, траціл, запальнікі, бікфордаў шнур (запальны) і шмат іншага). Больш у гэты лес нікога не дапускалі да нашага вызвалення. Увосень 1943 г. немцы ноччу ачапілі вёску і ўсё мужчынскае насельніцтва забралі і павезлі капаць траншэі і бліндажы пад Рагачоў і Жлобін. Забралі і майго бацьку. Трапіў ён пад Рагачоў. Жылі ў хляве пад аховай немцаў і працавалі з раніцы і да ночы. Бацька ўжо думаў, што дадому больш не вернецца.
У гэты час у нас у доме зноў пасяліўся нейкі нямецкі афіцэр. Мама выпрасіла ў яго даведку, каб з’ездзіць і наведаць бацьку. Ён напісаў такую даведку. І што цікава, з ёй яе ўсюды прапускалі, да самага месца сустрэчы.
Да гэтага часу наш хворы конь трохі ачуняў (той, што пакінулі партызаны замест нашага) і мама на ім паехала. Адкапала залатую царскую дзесятку (гэта засталося ад дзеда), і паколькі ўжо выпаў снег, запрагла каня ў сані, развіталася з намі і паехала. Не было яе больш за тыдзень, мы хваляваліся і плакалі, і раптам яна прыязджае з бацькам. Мы ўзрадаваліся вельмі, хоць бацьку не маглі адразу пазнаць, барада ў яго вырасла да пояса.
У доме знаходзіліся немцы, а мы жылі дзе захоўвалася бульба. Мама потым расказвала, што за залатую дзесятку нямецкі фельдфебель адпусціў бацьку і напісаў даведку, што ён хворы і адпушчаны дадому. Выгляд, вядома, у яго быў хворага чалавека, шмат працавалі, а кармілі вельмі дрэнна.
Бацьку схавалі, і ён некалькі дзён не выходзіў на двор, баяўся. А мама ўзяла яшчэ залатую пяцёрку і з яго даведкай паехала ў г. Бабруйск. Там праз знаёмых бацьку выдалі дакумент ужо на спецыяльным бланку і з пячаткай, што ён хворы і інвалід, вядома, за залатую пяцёрку. Мы ўсе былі гэтаму радыя.
Больш, напэўна, залатых у іх не было. <…>
Калі ад нас выехалі немцы, мы ноччу ўпотай ад суседзяў пачалі капаць патаемны склеп. Сам склеп выходзіў на прагон (сцяжына для выезду на агарод). Зверху там ляжалі бярвёны. Зрабілі столь і падлогу з дошак, наслалі саломы, падрыхтавалі вады для пітва і крыху прадуктаў. З двара пад павеццю была зробленая адтуліна, каб пралезці аднаму чалавеку, на адтуліну паклалі дошку, засыпалі саломай і паставілі будку для сабакі. Вось такое было сховішча.
Капалі па начах і зямлю рассыпалі па гародзе і маскіравалі. Ніхто і не ведаў аб гэтым сховішчы, і гэта было вельмі добра.
Увесну ў 1944 годзе была яшчэ адна аблава, але бацька з Валяй справіліся схавацца ў гэтую схованку, а паколькі немцаў у гэты час у хаце не было, то ніхто і не ведаў, што ён дома.
<…> І вось, праз тры гады акупацыі, зноў жа 22-га, у дзень, калі пачалася вайна, цяпер ужо ў 1944 г., пачалося вызваленне Беларусі».
Пра баі за вёску ў чэрвені 1944 года чытайце ў нашым папярэднім матэрыяле.
МГ/АА belsat.eu