Палітвязень Максім Ялканаў, асуджаны ў чэрвені 2021 года на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму, выйшаў на свабоду са шклоўскай ПК-17, паведамляе «Палеская Вясна».
Максіма Ялканава затрымалі летась у сакавіку і адразу кінулі за краты. 9 сакавіка праваабарончая супольнасць прызнала яго палітвязнем. На судзе, які праходзіў у Гомлі, мужчыну абвінавацілі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады».
«Галоўнымі пунктамі абвінавачання былі тэлефанаванні Максіма сваім сябрам з прапановаю пайсці ў цэнтр Рэчыцы, каб на свае вочы пабачыць, што адбываецца ў горадзе, а таксама з’ездзіць у Гомель і зірнуць, як пратэстуюць там.
Прыезд пяцярых сяброў у Гомель на шматтысячную акцыю пратэсту, да месца правядзення якой яны нават не паспелі дабрацца, пракурорка кваліфікавала як арганізацыю пратэставай акцыі», – піша «Палеская Вясна».
Суддзя Сяргей Салоўскі прызнаў Максіма Ялканава вінаватым і асудзіў яго на 1 год і 6 месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Ад часу затрымання мінуў 1 год і 3 месяцы. Праваабаронцы мяркуюць, што Ялканаву ўлічылі ў адбыты тэрмін час у СІЗА. Максім Ялканаў адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове. 29 ліпеня Максім быў вызвалены.
Зміцер Міраш belsat.eu