З’явілася відэа штурму польскай мяжы мігрантамі


У сеціве з’явілася відэа, як мігранты з беларускага боку штурмуюць польскую мяжу. Для адбіцця атакі памежнікі прымянілі слезацечны газ.

Відэа ў сваім акаўнце сацыяльнай сеткі «Х» выклаў польскі журналіст Марыуш Гершэўскі, што прыкмеціла выданне «Reform.news». У ім відаць, як вялікая колькасць мігрантаў агрэсіўна атакуе мяжу.

Польскія салдаты прымянілі слезацечны газ, у адказ у іх ляцелі палкі і камяні. Каб абараніцца, памежнікі прыкрываліся шчытамі.

«Экстрэмальна неспакойна на мяжы! Інфарматары паведамляюць, што такога напору не было ўжо даўно. Да мяжы падцягваюцца падмацаванні», – напісаў у суправаджальным да паста тэксце журналіст.

У каментарах журналіст пазначыў, што здарэнне, зафіксаванае на відэа, адбылося 31 траўня а 13:30 па польскім часе.

Нагадаем, што, паводле польскіх памежнікаў, 29 траўня падчас адбіцця атакі мігрантаў былі параненыя і шпіталізаваныя два памежнікі.

У МУС Польшчы падкрэсліваюць, што мігранты спрабуюць фарсіраваць мяжу ў вялікіх групах, што фармуюцца пры падтрыманні лукашэнкаўскіх службаў.

Цягам 29–30 траўня Падляскі аддзел памежнай службы зафіксаваў больш за 300 спробаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Агулам жа травень стаў рэкордным паводле колькасці спробаў незаконнага мінання мяжы Еўразвязу з боку Беларусі з пачатку міграцыйнага крызісу. За 26 дзён месяца трапіць у Польшчу, Літву і Латвію намагаліся 6647 асобаў.

Каментар
Ці ёсць шанцы, што адкрыюць памежны пункт «Баброўнікі»?
2024.05.31 22:15

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў