За першыя 3 месяцы 2024 года ў Беларусі банкі выявілі 186 падробленых грашовых знакаў. З іх – дзве манеты, астатнія – банкноты. Пра гэта паведамляе Нацбанк.
У параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года колькасць фальшывак вырасла на 27,4 %. Павялічыліся падробкі ўсіх валют, акрамя еўра.
Больш за палову такіх купюр (55,4 %) выявілі ў Менску. Усяго несапраўдныя грашовыя знакі канфіскавалі з абарачэння ў 24 населеных пунктах.
У I квартале бягучага года больш за ўсё было выяўлена падробленых долараў – 84, 4 %. Далей ідуць расейскія рублі (8,6 %), еўра (5,4 %) і беларускія рублі (1,6 %).
«Амерыканцаў» падраблялі толькі ў наміналах 100 і 50. Большая частка прыйшлася на першую купюру (89,2 % ад усіх фальшывых долараў).
Расейскую валюту падраблялі толькі наміналам ₽ 5000. Фальшывыя еўра былі больш разнастайнымі: купюры ў € 20, € 50, € 100 і € 500.
А сярод беларускіх рублёў знайшлі толькі падробленыя «соткі» – усяго тры штукі.
Ася Саковіч belsat.eu