Правал Байдэна, няпраўда Трампа і паніка дэмакратаў. Падсумоўваем вынікі дэбатаў у ЗША


Увечары 27 чэрвеня ў Атланце (штат Джорджыя) прайшоў першы раўнд перадвыбарных дэбатаў дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і ягонага апанента Дональда Трампа. Выступ Байдэна ў Злучаных Штатах амаль адзінагалосна ацэньваецца як правальны. Трамп жа пацвердзіў сваю рэпутацыю папуліста: ён шмат хлусіў і маніпуляваў фактамі, а патлумачыць, як спыніць вайну ва Украіне, не здолеў.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і былы прэзідэнт ЗША і кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп удзельнічаюць у першых прэзідэнцкіх дэбатах на выбарах 2024 года ў студыі CNN у Атланце, штат Джорджыя, ЗША. 27 чэрвеня 2024 года.
Фота: Andrew Caballero-Reynolds / AFP / East News

Пра што казалі Байдэн і Трамп

Першая частка дэбатаў Джо Байдэна і Дональда Трампа была прысвечана ўнутрыпалітычным пытанням: эканоміцы, міграцыі, праблеме абортаў і г.д. Другая частка тычылася міжнароднай палітыкі. Абмеркаванне праходзіла вельмі эмацыйна, са шматлікімі ўзаемнымі абвінавачванням, нападкамі, якія адціскалі на другі план змест сказанага. Трамп заявіў, што дзейны прэзідэнт – найгоршы ў гісторыі, ягоная палітыка «абсалютна злачынная» і ўвогуле ён нібыта «маньчжурскі кандыдат» (то бок пракітайскі). Байдэн назваў былога прэзідэнта «няўдачнікам», «ныцікам» і «асуджаным злачынцам».

Трамп абвінаваціў Байдэна ў тым, што вывад амерыканскіх войскаў з Афганістану стаў «самым ганебным момантам у гісторыі краіны». Паводле экс-прэзідэнта, менавіта гэта падштурхнула Расею да ўварвання ва Украіну. Таксама Трамп сцвярджаў, што палітыка Белага дому ў дачыненні Ірану нібыта зрабіла магчымым тэрарыстычны напад «Хамасу» на Ізраіль у кастрычніку 2023 года. Байдэн у сваю чаргу заявіў, што ўсё гэта хлусня.

Байдэн і Трамп абвінавацілі адзін аднога ў тым, што іх палітыка можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны. Трамп у чарговы раз заявіў, што ў выпадку перамогі ўрэгулюе канфлікт ва Украіне яшчэ да афіцыйнага ўступлення на пасаду. А Байдэн сказаў, што нежаданне Трампа дапамагаць Украіне можа падштурхнуць Уладзіміра Пуціна да ўварвання ў краіну НАТО.

«Пуцін хоча ўзяць усю Украіну. Вы думаеце, ён там спыніцца? Што, вы думаеце, адбудзецца з Польшчай, калі ён возьме Украіну, што адбудзецца з Беларуссю, што адбудзецца з краінамі НАТО?» – задаў рытарычнае пытанне дзейны прэзідэнт.

«Байдэн спёкся»

Амерыканскія медыі, эксперты і палітычныя актывісты адназначна ацэньваюць вынікі дэбатаў як правальныя для Байдэна. 81-гадовы дзейны прэзідэнт часта запінаўся, збіваўся і агаворваўся, голас быў слабы і хрыплы (кажуць, што Байдэн толькі перанёс прастуду), а позірк часам здаваўся безуважлівым.

«Калі Трамп гаварыў, Байдэн часта глядзеў на яго з разяўленым ротам і шырока расплюшчанымі вачыма – ён ствараў уражанне састарэлага дзядулі, якім ён з’яўляецца, а не хітрага лідара, якога ён спадзяваўся сябе паказаць», – піша The Washington Post.

Хаця Трамп маладзейшы толькі на тры гады (яму 78), на фоне дзейнага прэзідэнта ён выглядаў больш бадзёра і энергічна. «Байдэн зазнае няўдачу ў жорсткіх дэбатах», – стрымана канстатуе WP. Іншыя выданні даюць больш жорсткія ацэнкі.

«Катастрофа для Джо Байдэна. Глядзець на прэзідэнта на першых дэбатах было часам амаль фізічна некамфортна», – зазначае часопіс The Atlantic.

«Вельмі дрэнныя дэбаты для Байдэна», – піша часопіс Time.

«Байдэн спёкся», – цытуе словы прадстаўніка Дэмакратычнай партыі ў загалоўку свайго артыкула Politico. Як піша выданне, адзін з былых памочнікаў Белага дома і кампаніі Байдэна назваў гэты выступ «жахлівым», дадаўшы, што ім даводзілася зноў і зноў пытацца ў сябе: «Што ён толькі што сказаў? Гэта варʼяцтва».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн бярэ ўдзел у першых прэзідэнцкіх дэбатах на выбарах 2024 года ў студыі CNN у Атланце, штат Джорджыя, ЗША. 27 чэрвеня 2024 года.
Фота: Andrew Caballero-Reynolds / AFP / East News

Як піша The New York Times «блытаны і няскладны» выступ Байдэна выклікаў паніку ў Дэмакратычнай партыі, прымусіўшы задумацца над тым, ці павінен дзейны прэзідэнт вылучацца на другі тэрмін. Вастрыня розуму і фізічная падрыхтоўка Байдэна і раней выклікалі занепакоенасць сярод дэмакратаў. Аднак пасля дэбатаў гэтая праблема выйшла на першы план. Дэмакраты ўсур’ёз баяцца, што дзейны прэзідэнт не здолее канкураваць з Трампам. «Гэта палохае», – цытуе NYT выбарнікаў-дэмакратаў.

«Дэмакраты панікуюць з-за дэбатаў Байдэна, сумняваюцца ў яго будучыні», – канстатуе The Washington Post. Прычым гэтая паніка адчуваецца не толькі сярод выбарнікаў і актывістаў Дэмакратычнай партыі, але і сярод кангрэсменаў. «Яны ў прыватным парадку прызналі, што заклікі да Байдэна сысці ў бок, хутчэй за ўсё, толькі ўзрастуць», – піша выданне.

«Заклікі да Байдэна сысці ў бок стануць аглушальнымі», – паўтарае тую ж думку Time.

Мяняць кандыдата позна?

Далейшы лёс Байдэна можа вырашыцца на з’езде Дэмакратычнай партыі ў жніўні. Дэмакрат Эндрю Янг (Andrew Yang), які планаваў балатавацца на выбарах 2020 году, адкрыта заклікаў дзейнага прэзідэнта адмовіцца ад удзелу ў выбарах і знайсці іншага кандыдата. З аналагічным заклікам выступіў вядомы журналіст Нікалас Крыстаф (Nicholas Kristof), які няўдала спрабаваў балатавацца на губернатарскіх выбарах. «Байдэну трэба сысці. Няма ніякіх сумневаў», – зазначыў адзін са спонсараў Дэмакратычнай партыі ў размове з Politico.

«Калі мы прайграем гэтыя выбары Трампу з-за таго, што мы занадта баяліся прызнаць, што памыліліся адносна яго ўзросту, або занадта занепакоеныя адкрытым зʼездам, мы больш не зможам называць нашу партыю абаронцамі дэмакратыі», – заўважыў у размове з NBC News прадстаўнік Дэмакратычнай партыі.

Аднак блізкае атачэнне Байдэна працягвае публічна падтрымліваць дзейнага прэзідэнта і ў сваіх заявах акцэнтуе ўвагу на тым, якую пагрозу для будучыні Злучаных Штатаў уяўляе Трамп. Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гэрыс у эфіры CNN ухілілася ад каментароў наконт закліку змяніць кандыдата ад дэмакратаў на выбарах. Яна заўважыла, што гэта толькі пачатак выбарчай кампаніі: «Так, старт быў павольным, але фініш будзе моцным».

NBC News заўважае, што магчымасці для абрання новага кандыдата насамрэч абмежаваныя: калі прэзідэнт не вырашыць выйсці з гонкі па ўласным жаданні, павінна адбыцца «паўстанне» дэлегатаў Нацыянальнай з’езду Дэмакратычнай партыі. Пры тым, што пераважная большасць дэлегатаў абраная на падставе абяцання вылучыць Байдэна, які перамог на праймерыз. Паводле NBC News, нават тыя, хто хоча замяніць Байдэна, сумняюцца, што адхіліць яго ад выбараў рэальна. Акрамя таго, мяняць кандыдата можа быць занадта позна: як бы там не было, Байдэн не нашмат адстае па рэйтынгу ад Трампа, а відавочнага пераемніка ў Байдэна няма.

«Ні адзін дзейны прэзідэнт не выбываў з гонкі так позна ў перадвыбарчым цыкле», – піша NYT.

«Толькі ён (Байдэн) можа вырашыць, ці будзе ён працягваць», – заўважыў у эфіры CNN былы галоўны дарадца Барака Абамы Дэвід Аксельрод. Калі ж прэзідэнт усё-ткі вырашыць адмовіцца ад вылучэння, новага кандыдата абяруць адразу на зʼездзе.

Трамп заграз у папулізме

Хаця вонкава Трамп выглядаў больш упэўнена, да зместу ягоных заяваў пытанняў нашмат больш, чым да таго, пра што казаў Байдэн. Тэлеканал CNN, які ладзіў дэбаты, правёў фактчэкінг выказванняў двух палітыкаў і прыйшоў да высновы: Байдэн зрабіў 9 непраўдзівых заяваў, а Трамп – больш за 30. Ён шмат маніпуляваў і кідаўся абвінавачваннямі, якія ні на чым не грунтуюцца (напрыклад, што Байдэн атрымлівае грошы ад Кітаю). «Трамп распаўсюджвае хлусню», – канстатуе WP. Паводле NYT, палітык казаў «адну няпраўду за другой».

Кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп на дэбатах на выбарах 2024 года ў студыі CNN у Атланце, штат Джорджыя, ЗША. 27 чэрвеня 2024 года.
Фота: Andrew Caballero-Reynolds / AFP / East News

Трамп працягвае абяцаць, што ён імгненна спыніць вайну ва Украіне і пазбавіць амерыканцаў звязаных з гэтым канфліктам выдаткаў. Аднак як ён гэта зробіць?

Яшчэ ў красавіку 2024 году амерыканскія медыі распавялі са спасылкай на атачэнне Трампа, што ў прыватных размовах палітык заяўляў: скончыць вайну Расеі і Украінуы можна ў тым выпадку, калі аказаць ціск на афіцыйны Кіеў і прымусіць саступіць частку тэрыторыяў. Прапанова Трампа нібыта заключаецца ў тым, каб падштурхнуць Украіну аддаць Крым і Данбас Расеі. У чэрвені Трамп, маніпулюючы фактамі, публічна раскрытыкаваў маштабы падтрымання Украіны і паабяцаў, што ў выпадку перамогі адразу «развяжа пытанне» з гэтым.

Незадоўга да дэбатаў медыі распавялі, што дарадцы Трампа распрацавалі мірны план, сутнасць якога заключаецца ў адначасовым ціску на Кіеў і Маскву з тым, каб бакі селі за стол перамоваў. Згодна з дакументам, Украіне будзе заяўлена, што пастаўкі амерыканскай зброі працягнуцца толькі ў тым выпадку, калі Кіеў распачне мірныя перамовы. Адначасова ЗША папярэдзяць Маскву, што адмова ад перамоваў прывядзе да ўзмацнення амерыканскай падтрымкі Украіны.

Паводле медыяў, на гэтую ідэю дарадцаў Трамп нібыта адрэагаваў станоўчы, чаго нельга сказаць пра Кіеў, Маскву і Вашынгтон. Праўда, афіцыйна ў штабе Трампа абмяжоўваюцца больш агульнымі і расплывістымі фармулёўкамі. На просьбу журналістаў распавесці пра мірны план, у штабе проста заявілі, што Трамп нібыта адзіны чалавек у свеце, які здольны спыніць вайну.

Падчас дэбатаў тэме Украіны і расейскай пагрозы для Еўропы нададзена няшмат часу. Трамп не спрабаваў дэталізаваць сваё бачанне мірнага ўрэгулявання, абмежаваўшыся папулісцкай заявай пра тое, што Украіна не здольная выйграць вайну, а амерыканскія падаткаплацельшчыкі не павінны выдаткоўваць на гэта грошы. У асноўным ён не столькі распавядаў, што будзе рабіць сам, колькі абвінавачваў ва ўсіх праблемах Байдэна.

Разам з тым, калі вядоўца дэбатаў запытаў экс-прэзідэнта, што ён думае наконт так званых мірных прапановаў Уладзіміра Пуціна, Трамп адназначна заявіў: гэтыя прапановы з’яўляюцца непрымальнымі. Ён не патлумачыў, як можна распачынаць у такіх умовах перамовы паміж Кіевам і Масквой, затое паспяшыў зноў перайсці да нападкаў на Байдэна. То бок мірны план Трампа застаецца дэ-факта папулісцкай дэкларацыяй, якую невядома як зрэалізаваць на практыцы.

«Амерыканцы стаяць перад выбарам паміж 81-гадовым мудрацом з сенатарскай жылкай і забыўчывасцю і 78-гадовым выхвалякам, які цягне за сабой судзімасці за цяжкія злачынствы і новыя абвінавачанні», – сумна рэзюмуе вынікі дэбатаў часопіс Time.

Аналітыка
Салідарнасць без прарыву. Што азначаюць для Украіны вынікі саміту міру
2024.06.17 18:08

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў