У Расеі падарваўся на гранаце магілёўскі спецназавец – магчыма, з палітычнага «эскадрону смерці»


Спецназаўца Юрыя Міхайлава пахавалі 9 чэрвеня ў Магілёве, даведаліся праваабаронцы «Mayday». Паведамляюць, што ён 2 чэрвеня падарваўся на гранаце ў Расеі, абставінаў не раскрываюць. На пахаванні выступаў Дзмітрый Паўлічэнка.

Загінулы спецназавец Юрый Міхайлаў. Выява павялічаная з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.
Фота: Mayday / Telegram

Загінуламу Юрыю Міхайлаву было 47 гадоў. У 1995–1996 гадах ён праходзіў службу ў званні старшыні ў 1-й роце спецпрызначэння ў вайсковай частцы 3214 у менскім Уруччы – у частцы, прызначанай для разгону акцыяў пратэсту.

Аб прычынах смерці паведамляюць сцісла: «Загінуў ад выбуху гранаты». Невядома, ці то гэта было здарэнне на нейкіх вучэннях, ці то гэта былі бандыцкія разборкі, ці то смерць неяк звязаная з вайной ва Украіне.

Пахаванне было арганізаванае за кошт ахвяраванняў чальцоў Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных справаў «Гонар». На жалобную цырымонію прыехаў асабіста кіраўнік асацыяцыі Дзмітрый Паўлічэнка.

Ён распавядаў, што ў 1990-х яму давялося з загінулым «разам рызыкаваць, стоячы плячом да пляча, жорстка спыняючы спробы замахаў на канстытуцыйны лад з боку бандытаў і па-экстрэмісцку настроеных элементаў».

Паўлічэнка – былы кіраўнік брыгады спецназу Унутраных войскаў МУС. Ён вядомы ўдзелам у стварэнні гэтак званых эскадронаў смерці і кіраванні імі. Гэта таемнае ўзброенае фармаванне сілавікоў, што ў 1990-х гадах забівала апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. За гэта былы камандзір спецназу застаецца ў чорным спісе ЕЗ і пад санкцыямі ЗША.

Ці ўваходзіў Міхайлаў у «эскадрон смерці», невядома, але са словаў Паўлічэнкі вынікае, што загінулы быў як мінімум актыўным удзельнікам палітычных рэпрэсіяў.

У 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдыс, вывучыўшы абставіны знікнення апанентаў Лукашэнкі, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы СОБРу пад камандаваннем Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Падчас расследавання Пургурыдысу не ўдалося даведацца імёнаў чальцоў атраду, як мяркуецца, замешаных у выкраданні і забойстве беларусаў, акрамя камандзіра Дзмітрыя Паўлічэнкі. Меркавана, атрад складаўся з пяці ці шасці чалавек.

Пра беспасярэдняе дачыненне Паўлічэнкі да палітычных забойстваў ёсць шмат сведчанняў ад сведак з сілавых структураў і ўдзельнікаў «эскадрону смерці». 16 снежня 2019 года з’явілася інтэрв’ю з Юрыем Гараўскім, які распавёў пра свой удзел у выкраданні і забойстве вядомых апазіцыянераў: былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага. На думку Гараўскага, байцы падраздзялення маглі быць датычныя і да забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Hавiны
Швейцарскі суд апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага
2023.09.28 16:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў