Лейтэнант Ваенна-касмічных сіл РФ расказаў пра страты ў расейскім войску


На ВВС выйшла размова з лейтэнантам ВКС РФ Дзмітрыем Мішовым, які, не жадаючы ваяваць супраць Украіны, напрыканцы траўня ўцёк у Літву. У гутарцы з карэспандэнтам выдання ён расказаў, што расейскія войскі былі абсалютна не гатовыя да наступу 24 лютага 2022 года, а таксама распавёў пра страты ў сваім палку.

Ваенны пілот Дзмітрый Мішоў, які ўцёк з Расеі з-за вайны.
Фота: bbc.com

Служыў Дзмітрый Мішоў памочнікам камандзіра верталёта. Далей быў штурманам-аператарам баявога верталёта. Службу праходзіў у вайсковай частцы №44440 у мястэчку Востраў Пскоўскай вобласці. Гэта 15-я брыгада вайсковай авіяцыі, якая з першага дня вайны бярэ ўдзел у расейскім ўварванні ва Украіну. На ўзбраенні брыгады стаяць Ка-52, Мі -28Н і Мі-35М, Мі-26 і Мі-8МТВ-5.

Лейтэнант Мішоў не жадаў удзельнічаць у вайне супраць Украіны і яшчэ перад самым наступам, 21 лютага 2022 года, падаў рапарт аб звальненні з узброеных сілаў, але сысці да пачатку вайны не паспеў, таму апынуўся ў Беларусі. Разгляд цягнуўся паўгода, яму нават удалося дачакацца загаду аб звальненні, але за некалькі тыдняў да ўступлення загада ў сілу пачалася мабілізацыя, і Мішова пакінулі ў войску.

Распавядаючы пра першы дзень вайны, Мішоў адзначыў, што расейскія войскі былі абсалютна не гатовыя да наступу: палова верталётаў іхнай часткі не працавала, таксама было ў непрацоўным стане абсталяванне, не было ракет. На яго думку, камандзіры рабілі справаздачы наверх, якія не адпавядалі сапраўднасці.

Мішоў успамінае, што ў ноч 24 лютага прачнуўся ад паведамлення, што трэба вылятаць у Гастомель пад Кіевам. Але палёт быў адменены камандаваннем з-за стратаў. «Вось калі сказалі, што стратаў няма, у першы ж дзень у мяне загінуў аднакурснік. Там было страчана пяць бартоў і два экіпажы», – адзначыў лейтэнант.

За час вайны, па словах Мішова, ягоны полк страціў амаль 20% верталётаў. Калі раней іх у палку, кажа афіцэр, было «штук 40–50», то за мінулы год два згарэлі ў выніку працы дыверсанаў, а яшчэ 6 ці 7 былі збітыя на фронце. «Страты сярод лётчыкаў вялікія. Калі параўноўваць, дапусцім, з Афганам, я ведаю, што там 333 верталёты страцілі. А ў нас 10 гадоў Афгана паўтарылі за год», – кажа Мішоў.

Таксама афіцэр расказаў пра схему карупцыі ў расейскім войску, якая прыводзіць да прыпісак пра нібыта знішчаную ўкраінскую тэхніку. Так, на яго думку, ва ўмовах вайны прыдумваюцца ўсё новыя схемы, з дапамогай якіх можна зарабіць і падмануць начальства. Маўляў, з той прычыны, што Мінабароны паабяцала выплочваць па 300 тысячаў рублёў за кожны знішчаны самалёт, 200 тысячаў – за верталёт, 100 – за танк і 50 за лёгкую браніраваную тэхніку, у войску пачасціліся выпадкі, калі, напрыклад, па адным і тым жа збітым танку страляюць некалькі верталётаў, а наводчык за невялікую суму кожны раз пацвярджае, што знішчана новая адзінка тэхнікі. У выніку ўсе атрымліваюць выплаты за адзін танк, а прадстаўнік расейскага Мінабароны генерал Канашанкаў запісвае гэтыя дадзеныя ў статыстыку, якая пачынае разыходзіцца з рэчаіснасцю.

Пры гэтым, адзначае лейтэнант, «усе імкнуцца зрабіць так, што яны нібыта ўдзельнічаюць у ваенных дзеяннях, нават калі яны не ўдзельнічаюць. Дапусцім, яны знаходзяцца ў Расеі, але спрабуюць зрабіць так, што па дакументах яны знаходзіліся, дапусцім, недзе ў Мелітопалі ці яшчэ дзе-небудзь».

Таксама Дзмітрый Мішоў лічыць, што калі праблему верталётаў расейская армія здолее як-небудзь вырашыць, то пакрыць дэфіцыт пілотаў будзе нашмат складаней. Бо падрыхтоўка кожнага з іх займае пяць гадоў. Таму, хутчэй за ўсё, на яго думку, будуць паступаць як з папаўненнем шэрагаў ПВК Вагнэра: будуць набіраць тых, хто ўжо адслужыў і завабліваць іх грашыма.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў