Офіс Святланы Ціханоўскай заклікае беларусаў устрымацца ад паездак у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты


Юрыдычная каманда Офісу Святланы Ціханоўскай мяркуе, што паездкі ў ААЭ могуць быць небяспечнымі для беларусаў, асабліва тых, хто зазнаў пераслед на радзіме, быў абвінавачаны ў «экстрэмізме», а таксама для палітычных і грамадзянскіх актывістаў.

Сцяг ААЭ.
Фота: istockphoto.com

Юрысты звяртаюць увагу на паведамленне Нацыянальнага прававога парталу пра тое, што паміж урадамі Беларусі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў падпісанае пагадненне наконт супрацы ў галіне бяспекі і процідзеяння тэрарызму.

З боку Беларусі пагадненне падпісаў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Дакумент прызначаны для абмену інфармацыяй «з мэтаю перадухілення, выяўлення і супрацьдзеяння ўсім формам злачыннасці». Пры гэтым асобна згадваюцца такія злачынствы:

  • экстрэмізм, тэрарызм і дзейнасць тэрарыстычных групаў;
  • фінансаванне тэрарызму;
  • дзейнасць наймітаў і ўдзел асобаў ва ўзброеным канфлікце без упаўнаважання дзяржавы;
  • вытворчасць і абарот зброі;
  • кібертэрарызм і злачынствы ў IT-сферы;
  • гандаль людзьмі, арганізацыя прастытуцыі, выкраданне людзей;
  • карупцыя.

У дакуменце дэталёва распісана, як сілавікі дзвюх краінаў будуць запытваць інфармацыю. У тэрміновых выпадках такія запыты могуць быць нават вуснымі.

Згодна з апошнім дакладам праваабарончай арганізацыі «Amnesty International», Бэйрут, Ліван, ААЭ актыўна выкарыстоўваюць у нацыянальнай практыцы затрыманні і арышты нязгодных грамадзянаў, а акрамя таго, дзяржава працягвае трымаць палітычных зняволеных у турмах на падставе нацыянальнага рэпрэсіўнага закону, які дазваляе бестэрміновае «кансультаванне ў пытаннях барацьбы з экстрэмізмам», зазначае Офіс Святланы Ціханоўскай

Такім чынам, не выключана, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь таксама могуць быць затрыманыя ў ААЭ «для кансультацыяў» і далей выдадзеныя ў Беларусь, кажа юрыдычная служба Офісу Ціханоўскай.

Hавiны
ААЭ пагадзіліся выдаваць Беларусі інфармацыю пра экстрэмістаў
2024.06.03 16:00

На гэты  момант дакумент прадугледжвае толькі «абмен вопытам і інфармацыяй» паміж Беларуссю і ААЭ.

«Аднак не варта забываць: улады Эміратаў актыўна карыстаюцца практыкай пошуку «ворагаў» за мяжой з наступнай дэпартацыяй на радзіму. Напрыклад, у канцы 2023 года ў ААЭ пачаўся новы масавы судовы працэс над 84 абвінавачанымі ў справах, звязаных з «экстрэмізмам», – гаворыцца ў паведамленні Офісу беларускай лідаркі.

Таксама юрысты адзначаюць, што грамадзяне Беларусі маюць права заязджаць, выязджаць і рухацца транзітам праз тэрыторыю ААЭ, а таксама заставацца на гэтай тэрыторыі без візы цягам 90 дзён з даты заезду.

«У нашым кантэксце гэта можа азначаць, што ўлады Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў могуць «пусціць» вас у краіну і без вашай згоды, нават калі вы будзеце ў транзітнай зоне. Тым больш такія прыклады ўжо былі на практыцы ў недэмакратычных краінах – напрыклад, у Расеі», – звяртае ўвагу юрыдычная служба.

У святле прыведзенай інфармацыі юрыдычная каманда Офісу Святланы Ціханоўскай заклікае беларусаў адмовіцца ад паездак у ААЭ, асабліва калі вы асцерагаецеся палітычна матываванага пераследу на радзіме, а таксама не раіць разглядаць аэрапорты гэтай краіны для транзітнай перасадкі.

Раней адвакат Алесь Міхалевіч у размове з «Белсатам» апавёў, куды лепей не ездзіць беларусам, якім на радзіме пагражае палітычны пераслед. Юрыст казаў, што Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а таксама Егіпет і Саудаўская Аравія не надта бяспечныя, бо там нізкі ўзровень прававой культуры.

Разбор
«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?
2024.04.12 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў