У чаканні на польскую візу: ахвочых тысячы, месцаў – дзясяткі


Сумная статыстыка: колькасць адмоваў беларусам у атрыманні шэнгенскіх візаў вырасла ўдвая ў параўнанні з папярэднім годам.

Польшча ўсё часцей адмаўляе нашым суграмадзянам у працоўных візах, а таксама нядаўна ўзняла консульскі збор за паўторны разгляд візавых дакументаў да 135-ці еўра. Калі на пачатку года ў візавых цэнтрах стаялі вялізарныя чэргі, то цяпер усяго пара асобаў. Можна падумаць, што ахвочых атрымаць візы стала меней, але гэта не так, кажуць нашыя крыніцы. Ахвочых так шмат, што нават платныя «дапамагатары» ужо не ў стане дапамагчы. Чаму так склалася і як надоўга?

Калі вам адмовілі ў атрыманні польскай візы катэгорыі Д, за другую спробу давядзецца заплаціць € 135 – супраць ранейшых € 80… Гэта на 60 % даражэй, пры тым, што працэдура атрымання гэтай візы не спрасцілася ні на адсотак.

Візавы цэнтр «VFS Global»:

«Памер збору для грамадзянаў Беларусі, якія афармляюць нацыянальную візу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, застаецца на ранейшым узроўні (€ 35). Змяняецца толькі аплата за паўторны разгляд заявы на нацыянальную візу. Аплата за разгляд заявы на атрыманне шэнгенскай візы (тып С), а таксама прыём і разгляд заявы аб паўторным разглядзе заявы на атрыманне шэнгенскай візы застаецца нязменная».

Цана значэнне мае, але не яна змушае некаторых беларусаў адмовіцца ад паездкі за мяжу. Галоўная праблема – запісацца на падачу пакету дакументаў. Нашая ананімная суразмоўца ўжо паўгода спрабуе атрымаць візу, каб вярнуцца на сваё працоўнае месца ў Варшаве.

«Я планировала, что получение новой визы займет месяц-полтора. А после того как отменили мою программу для IT-специалистов («Poland Business Harbour»), я решила подать на рабочую визу, и процесс записи занял у меня больше трех месяцев. Я так и не смогла записаться».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: bialystok24.ru

У гэтыя паўгода шмат мянялася. Скараціўся да мінімуму штат консулаў і паступова – колькасць выдаваных імі візаў. Прыпынілі праграму «Poland Business Harbour», пакуль ідзе следства ў справе візавага скандалу ўнутры Польшчы. Цэнтры ўвялі верыфікацыю асобы паводле пашпарту і сэлфі, што мусіла адсеяць пасярэднікаў у рэгістрацыі слотаў. Шэнген пастанавілі выдаваць толькі запрошаным з Польшчы асобам. Праўда, напярэдадні ўзнавілі прапанову для турыстаў. Консульствы прымаюць дакументы гатовымі пакетамі – ад філіялаў візавага цэнтру. На сайт апошняга – адныя нараканні.

«Когда я звонила в визовый центр и говорила, что их сайт не работает и не возможно записаться самостоятельно, мне советовали сменить IP-адрес, попробовать с вайфая, попробовать с другого компьютера, вобщем прилагать все возможные усилия. Больше они ничем помочь не могут».

Складаней за ўсё злавіць вольнае месца праз старонку візавага цэнтру «VFS.GLOBAL». Калі ўдалося – заяўнік праходзіць ідэнтыфікацыю праз Міжбанкаўскую сістэму ад АРІП, у выніку якой атрымлівае код, дзейны цягам гадзіны. З ім рэгіструецца ў візавым цэнтры, праходзіць онлайн-верыфікацыю (фота пашпарту плюс твар у рэальным часе). Пацвярджае запіс і атрымлівае электронны ліст з датаю і часам падачы дакументаў.

На справе – сістэма блакуе заяўнікаў на кожным этапе. Напрыклад, паведамленне «Адбылася памылка. Паспрабуйце праз некаторы час» – і так цэлы месяц… Ці: «У гэты момант верыфікацыя фота не магчымая. Звярніцеся ў кол-цэнтр». Пры тэлефанаванні туды – стабільная цішыня ў адказ.

«24 траўня вывесілі даты падачы на Горадню, і тут жа зляцела верыфікацыя новая па фота пашпарту і сэлфі і паўнагадовыя людзі не маглі запісацца, бо верыфікацыя проста не працавала. 30 траўня ў Менску былі вывешаныя даты. Людзі проста не маглі забраць даты. З памылкамі працаваў сайт».

Настасся – візавы агент. Яшчэ год таму ейнымі кліентамі былі асобы, якія проста не хочуць рэгістравацца самі. Цяпер / дапамогі шукаюць таксама тыя, хто адчаяўся спрабаваць.

У сярэднім на рынку кошт рэгістрацыі на нацыянальную візу – Br 200-400. За шэнген аддасце Br 600, а калі запісваецеся ўпершыню – даплаціце яшчэ Br 200. У некаторых агенцтвах цэны вышэйшыя ў разы (уключаюць запаўненне анкеты і запрашэнне польскага боку).

Шэнгенская віза.
Крыніца: m.pln24.ru

Але ў новай сітуацыі ўдача патрэбная і «дапамагатарам», якім даводзіцца абыходзіць двухэтапавую верыфікацыю і за секунды змагацца за слоты на падачу, якіх значна менш, чымся ахвочых атрымаць візу.

«Як з гэтым змагацца? Цяпер, з таго што я бачу, ёсць буйныя тэлеграм-чаты, тыпу «Ловля дат», у якім 11 тыс. падпісантаў. І заклікаюць да таго, каб людзі пісалі ў Консульства, пісалі ў МЗС Польшчы аб тым, што вы ўскладнілі нам жыццё. Таму што тэхнічная частка не наладжаная. Ці прыбярыце гэта, ці неяк паспрыяйце таму каб старонка працавала карэктна», – кажа Настасся.

Датычныя візавай палітыкі міністэрствы і ведамствы пра сітуацыю ведаюць. Адкліканы з Беларусі амбасадар Польшчы, а цяпер – прадстаўнік МЗС у супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артур Міхальскі просіць цярплівасці:

«Я разумею, што ў індывідуальных выпадках могуць існаваць пэўныя расчараванні, бо візавая палітыка і ўся працэдура выдачы візаў вельмі складаная. Ёсць шэнгенскія правілы. Уплывае так званы візавы скандал, з якім маем справу ў Польшчы. Яго сутнасць не датычыць Беларусі, але ў некаторай ступені ўзмацненне жорсткасці пэўных працэдураў уплывае таксама і на беларусаў. Трэба шмат цярплівасці і шмат працы. Палякі ставяцца да беларусаў вельмі прыязна».

Візавы скандал у Польшчы разгарэўся летась у верасні, калі спецслужбы выявілі сотні, а потым і тысячы выпадкаў незаконнай выдачы візаў мігрантам з краінаў Азіі і Афрыкі. Атрымлівалі візы на працу і навучанне ў Польшчы, а мігравалі ў іншыя краіны Шэнгенскай зоны. Сярод падазраваных у стварэнні карупцыйнай схемы – былы намеснік міністра замежных справаў Польшчы, некалькі консулаў ды іншых службоўцаў. Сярод дапытаных сведкаў – былы прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі. Пакуль ідзе следства, консульскія аддзелы краіны працуюць вельмі асцярожна і марудна.

«Пад час сустрэчы ў МЗС Польшчы з дырэктарам Консульскага дэпартаменту мы атрымалі таксама інфармацыю, што адбываецца праверка і на ўзроўні Вышэйшай кантрольнай палаты Польшчы. Менавіта па выніках гэтай праверкі будуць дадзеныя рэкамендацыі, якія будуць датычныя і праграмы «Poland Business Harbour», якая давала больш магчымасцяў атрымаць візы беларускім бізнесоўцам«, – кажа кіраўнік НАУ, сябра Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

Польская віза ў пашпарце
Польская віза ў пашпарце.
Фота: Белсат

У МЗС прынялі прапановы з боку беларускага бізнесу, з просьбай улічыць іх пры пераглядзе праграмы. Але калі?

«Польскі ўрад і МЗС Польшчы плануюць ініцыяваць змены ў візавае заканадаўства. Яны будуць апублікаваныя. І ў нас, як у прадстаўнікоў грамадскасці будзе таксама магчымасць уносіць свае прапановы, папраўкі і рэкамендацыі. Нам зараз важна згрупаваць гэтыя прапановы і рэкамендацыі і перадаць польскаму боку дзеля таго, каб яны былі ўлічаныя».

Кааліцыя Паўла Латушкі і «Руху за свабоду» у Каардынацыйнай радзе прасунула праект, згодна з якім трэба ўзмацніць узаемадзеянне дэмакратычных сілаў з урадамі Польшчы, Літвы і Латвіі – каб спрасціць для беларусаў атрыманне візаў і перасячэнне мяжы.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Стужка навінаў