Хто гэты беларус, датычны да дыверсіяў у Польшчы?


Адзін з двух беларусаў, затрыманых Агенцтвам унутранай бяспекі ў Польшчы па падазрэнні ў працы на расейскую выведку і здзяйсненні дыверсіяў, аказаўся раней судзімым байцом ММА. Але, як удалося высветліць Альянсу расследавальнікаў Беларусі, гэта далёка не поўная характарыстыка асобы затрыманага.

Сцяпан К.
Фота: Valetudo.ru

Выданне «Позірк», абапіраючыся на звесткі, перададзеныя арганізацыі былых сілавікоў «BelPol», адзначае, што ў матэрыяле аб затрыманні дыверсантаў былі апублікаваныя фотаздымкі аўтамабіля «Renault» з беларускімі нумарамі **** РЕ-7.

«BelPol» удалося высветліць, што ўладальнікам машыны з’яўляецца мянчук 1987 года нараджэння Сцяпан К. Чалавека пад такім жа імем і з падобным фотаздымкам удалося адшукаць у сацыяльнай сетцы «LinkedIn» (у ёй згадана, што мужчына жыве ў Польшчы).

Супадаюць таксама даты нараджэння (14 лютага) і месцы працы: з 2010 па 2018 год мужчына працаваў на ААТ «Амкадор». Са студзеня па ліпень К. працаваў спецыялістам па аптовых продажах прадпрыемства «ПС Аўто Груп», з траўня па лістапад 2020-га – спецыялістам па пасляпродажным абслугоўванні СП «Святавіт».

«Позірку» таксама ўдалося высветліць, што ў чэрвені і лістападзе 2011 года К. браў удзел як найменей у двух баях па змяшаных адзінаборствах (ММА): у турнірах «Еўрапейская М-1 бітва» і «M-1 BFC 13 Менск-Файт», абодва з іх ён прайграў.

Згодна са звесткамі «BelPol», Сцяпан К. быў асуджаны да трох гадоў «хіміі» за крадзеж 35 мабільных тэлефонаў на суму 7,1 мільёна долараў. Акрамя таго, ён 30 разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці Дзяржаўтаінспекцыяй.

Беларускаму альянсу расследавальнікаў удалося даведацца яшчэ больш фактаў пра К.

Згодна з іх інфармацыяй, Сцяпан К. пад мянушкай Паляк з сярэдзіны 2000-х гадоў звязаны з ультраправымі нацысцкімі групоўкамі, блізкімі да каляфутбольнага руху. Так, з вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што ён быў датычны да нацысцкай групоўкі «Combat-18» (татуіроўка ў яго на назе пацвярджае гэтую здагадку), «Blood&Honor», а таксама да расейскага батальёна «Эспаньёла», сфармаванага з расейскіх футбольных фанатаў пад куратарствам ФСБ.

Паводле «BelPol», верагоднасць таго, што асобу з такім бэкграўндам маглі завербаваць спецслужбы, «вельмі высокая».

Нагадаем, што 28 траўня ў Варшаве Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала кіроўцу аўтамабіля з беларускімі нумарамі, які перавозіў падазроны груз. Праверка праводзілася ў рамках расследавання шэрагу падпалаў і спробаў падпалаў, якія называюць дыверсіямі: так, гарэў сметнік хімікатаў і вялікі гандлёвы цэнтр.

Пазней стала вядома пра затрыманне траіх падазраваных у працы на расейскую выведку – сярод іх двое беларусаў і адзін грамадзянін Польшчы.

Аб’ектыў
У Польшчы затрымалі дыверсантаў
2024.05.21 20:31

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў