Вярхоўны суд Расейскай Федэрацыі паводле позвы Міністэрства юстыцыі прызнаў «рух ЛГБТ» «экстрэмісцкай арганізацыяй». З гэтага моманту ягонай дзейнасць забароненая на тэрыторыі Расеі.
Пасяджэнне праходзіла ў закрытымі рэжыме з-за грыфа «сакрэтна». Журналісты былі дапушчаныя толькі на абвяшчэнне прысуду.
Разгляд справы заняў у суддзі чатыры гадзіны. Як паведамляецца, у судзе быў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, а з боку адказчыка ніхто не з’явіўся.
Цікавым момантам, на які звярнулі ўвагу юрысты, адвакаты і праваабаронцы, – гэта тое, што такой арганізацыі, як «Міжнародны рух ЛГБТ» не існуе ў зарэгістраваным выглядзе. Пазней актывісты зарэгістравалі такую спецыяльна для таго, каб атрымаць доступ да матэрыялаў справы і разумець, хто ў выніку будзе прызнаны экстрэмістам і як можна ў далейшым будзе аспрэчваць рашэнні суду, але іхны план не спрацаваў – пасяджэнне праводзілася без адказчыка.
Рашэнне, вынесенае Вярхоўным судом, падлягае неадкладнаму выкананню.
Цікава, што сваё стаўленне да гэтай забароны выказала дачка прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, нарадзінка ЗША, якая жыве ў Маскве і дазваляе сабе крытыкаваць вайну Расеі супраць Украіны:
«Я вельмі люблю гэты тэатр абсурду. Але гэта ўжо дурны анекдот. Няісныя бяскрыўдныя арганізацыі вызнаем экстрэмісцкімі, а ХАМАСу ладзім прыёмы ў Крамлі. Нават Оруэла ўжо б званітавала ад перанасычэння. Нагадваю, што за хатні гвалт у нас усё яшчэ проста штрафы», – напісала 32-гадовая Кацярына Салаўёва ў сябе ў сацсетках.
Нагадаем, што 5 снежня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб забароне прапаганды ЛГБТ і змены пола.
У Беларусі таксама рыхтуецца ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за за прапаганду «нетрадыцыйных» сексуальных адносінаў і «свядомай бяздзетнасці» – Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала змены ў заканадаўства з мэтай «абароны традыцыйных каштоўнасцяў беларускага грамадства і дзяржавы».
Так, за распаўсюджанне інфармацыі, накіраванай на фармаванне прывабнасці «нетрадыцыйных» сексуальных адносінаў, або інфармацыі, якая можа выклікаць цікавасць да такіх адносінаў, прадугледжаныя штрафы да 200 базавых велічыняў (7400 рублёў).
Раман Шавель belsat.eu