Літва забараніла ўвоз больш за 2800 тавараў з Беларусі і Расеі


Урад Літвы зацвердзіў спецыяльны спіс прадуктаў з Беларусі і Расейскай Федэраці, пасля таго як у красавіку Сейм забараніў імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага і беларускага паходжання, піша партал lrt.lt.

Вулічнае жыццё Вільні, уличная жизнь Вильнюса
Вежа Гедыміна. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Спіс, складзены Міністэрствам сельскай гаспадаркі, уключае больш за 2800 розных прадуктаў. У яго ўваходзяць 24 групы прадуктаў: ​​некаторыя жывыя жывёлы, мяса і некаторыя мясныя прадукты, рыба і малюскі, малако і малочныя прадукты, яйкі, мёд, дрэвы і іншыя расліны, цыбуліны, гародніна, садавіна і арэхі, кава, чай, спецыі, збожжавыя і прадукты іх перапрацоўкі, мука, крухмал, масла і тлушчы, цукар, какава, безалкагольныя і алкагольныя напоі, воцат, кормы для жывёлаў, адходы харчовай прамысловасці, а таксама тытунь і яго перапрацаваныя заменнікі.

«З улікам дэталёвага аналізу звестак аб імпарце з Беларусі і Расеі, патэнцыйнай значнай шкоды для перапрацоўшчыкаў, а таксама каментароў, атрыманых падчас публічных кансультацый, са спісу выключаная сельскагаспадарчая прадукцыя, якая не мае альтэрнатыўных крыніц імпарту: некаторыя грыбы, ягады, раслінныя матэрыялы для пляцення, патака, некаторыя кармы для жывёлаў і да т.п»., – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства.

На думку літоўскіх уладаў, гэта рашэнне дазволіць аслабіць эканомікі Беларусі і Расеі, а нацыянальную бяспеку Літвы – умацаваць.

Забарона на імпарт гэтай прадукцыі набудзе моц 3 чэрвеня 2024 года.

Нагадаем, 21 траўня ўрад Беларусі паведаміў аб пашырэнні пераліку тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны. Сярод іншага ў спіс уключаны «асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі: піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, для гігіены поласці рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, чысцячыя сродкі, дываны падлогавыя, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляны, асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмас, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардона».

Раней новыя пазіцыі ў пералік уключаліся ў сувязі з закрыццём суседнімі краінамі ЕЗ пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

Hавiны
Піва, касметыка, мінералка: еўрапейскіх тавараў у беларускіх крамах яшчэ больш паменее
2024.05.21 20:41

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў