«Мытнае бязмежжа». Людзі едуць з Літвы ў Беларусь амаль па двое содняў


На выездзе з Літвы ў Беларусь вялізныя чэргі з легкавых аўтамабіляў. Людзі стаяць да двух содняў і называюць сітуацыю катастрафічнай. На выездзе з Польшчы чэргі куды меншыя, але там праход «тармозяць» праверкі беларускіх сілавікоў. «Белсат» разбіраўся, што адбываецца на памежных пераходах.

Чарга каля літоўскага пункту пропуску «Мядзінінкай» раніцай 28 траўня.
Фота: «Infotrans Media Belarus» / Telegram

Раніцай 28 траўня чарга аўтаў на пункце пропуску «Мядзінінкай» расцягнулася на 2,8 кіламетра і не становіцца карацейшай як мінімум з вечара 27 траўня, паведамляюць людзі, якія чакаюць уезду ў Беларусь.

«Час чакання толькі ўезду на Літоўскі памежны пераход даходзіць да 48 гадзін. Сітуацыя катастрафічная. У чарзе шмат перагонных машын на транзітных нумарах», – піша «Infotrans Media Belarus».

«Сёння [27 траўня. – Заў. рэд.]. Мытнае бязмежжа, якое пачалося ў суботу, калі працуе адзін канал», – пішуць у чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы.

Журналіст «Белсату» пад выглядам чалавека, які стаіць у чарзе, спытаў на гарачай лініі Дзяржпамежкамітэту Беларусі, чаму так адбываецца.

«Мы не ведаем. У нас усё працуе штатна», – адразаюць там.

Літоўскі бок не даў нам аператыўнага каментара, але мы накіравалі адпаведны запыт, і калі атрымаем адказ, то адразу паведамім.

«Указанне зверху»

На меркаванне тых, хто стаіць у чарзе,  праблема на літоўскім баку.

«Літва працуе вельмі павольна. У чарзе шмат перагонных машын. Стаяць і літоўскія машыны. Бліжэй да шлагбаума стаяць незадаволеныя людзі і спыняюць усіх хто едзе без чаргі. Усе чакаюць нармальную змену на Літве. Такую мяжу адгрохалі, а толку няма, кажуць літоўцы. 7 пасоў [каналаў. – Заў. рэд.] у кожным кірунку, а працуюць толькі 2», – цытуе чалавека ў чарзе «Infotrans Media Belarus».

Пункту пропуску «Мядзінінкай» раніцай 26 траўня.
Фота: «Каменный Лог – Мядининкай» / Telegram

Пры гэтым мытная служба Літвы чамусьці паведамляе, што чэргаў з легкавых аўтамабіляў у бок Беларусі няма.

У тэлеграм-чатах адзін з удзельнікаў піша, што ў чаргу каля літоўскага памежнага пераходу стаў 25 траўня а 16:40, а беларускую мытню прайшоў толькі 27 траўня а 10:00. Усяго 41 гадзіну 20 хвілін. Іншы карыстальнік піша, што чакаць прыйшлося 38 гадзін.

Чэргі ёсць і ў бок Літвы. Паводле Дзярдпамежкамітэту Беларусі, днём 28 траўня каля «Каменнага логу» чакаюць 140 машын, а каля «Беняконяў» – 110.

Мяркуючы па каментарах, справа не ў беларускім баку.

«Я прыехаў учора а 11:15 у зону чакання, выклікалі сёння а 8:30. Беларусаў прайшлі за 10 хвілін, пашпартны ЛТ за 20 хвілін, а цяпер стаім калом на мытны кантроль, неяк доўга і старанна ўсіх даглядаюць», – піша яшчэ адзін удзельнік чату.

Іншы паведамляе, што гэта можа быць звязана з выбарамі ў Літве, другі тур якіх праходзіў 26 траўня:

«Ехалі ў ноч з суботы на нядзелю без чаргі прастаялі, каб уехаць у Літву 8,5 гадзін унутры мяжы. Кажу, што вы так павольна працуеце, а ён мне пра адказ: “У нас указанне зверху”».

Некаторыя ў чатах думаюць, што чэргі звязаныя з пашырэннем забароны на ўвоз тавараў з ЕЗ у Беларусь, якое пачне працаваць з 3 чэрвеня. Аднак забарона не тычыцца фізічных асобаў, якія вязуць тавары для асабістага карыстання. У аднаведных чатах абмяркоўваюць таксама нейкія магчымыя змены для тых аўтаў, якія вязуць праз Беларусь транзітам, але афіцыйнай інфармацыі на гэты конт мы не знайшлі.

З Польшчы ехаць лягчэй, але тармозяць «гутаркі» на мяжы

На мяжы з Польшчай у кірунку Беларусі сітуацыя 27 траўня была значна лепшая, расказаў «Белсату» чытач.

«Па цяперашніх часах можна сказаць, што чаргі амаль не было – дзесьці 25-30 аўтаў да шлагбаума, чарга рухалася даволі хутка. Унутры было запоўнена, але таксама актыўна прасоўваліся. Чытаў у чатах, дзе абмяркоўваюць чэргі, што неяк нераўнамерна праязджаюць – хтосьці кажа, што хутка праехалі, хтосьці, што стаялі доўга і незразумела чаму. Маю на гэты конт версію са свайго досведу – праход мяжы тармозяць «размовы», на якія адводзяць нейкую колькасць людзей», – кажа суразмоўца.

Паводле яго словаў, на «размову» забіраюць падчас праверкі пашпартоў – камусьці яго проста не аддаюць, пытаюцца нумар тэлефону і папярэджваюць: «Чакайце, з вамі паразмаўляюць».

Hавiны
На мяжы затрымалі двух беларусаў: адзін з іх спрабаваў уцячы ад палітычнага пераследу
2024.05.22 16:01

«Чаканне гэтае можа доўжыцца гадзінамі, бо такіх людзей даволі многа. Але ў асноўным гэта ўкраінцы. Як мне падалося, іх на размовы выклікаюць усіх без выключэння, і некаторыя са слязьмі, дзецьмі і хатнімі гадаванцамі вяртаюцца назад у Польшчу, а аўтобус ці маршрутка з папутнікамі едзе далей без іх.

Але ж час на чаканне ўжо змарнаваны. Сярод беларусаў, якіх адвадзілі ўбок і казалі чакаць размовы, большасць маладыя мужчыны, хлопцы. Як расказвалі тыя, хто выходзіў пасля размоваў, нейкія людзі ў форме памежнікаў, якія не прадстаўляюцца, “калупаюцца” у тэлефоне, цікавяцца ў чалавека, дзе працуе, куды ездзіў, з якой мэтай. Усё гэта запісваецца на відэа.

Вядома ж, яны не тлумачаць, як выбіраюць, з кім паразмаўляць, але выглядае так, што ў іх ёсць нейкія “чорныя спісы”, бо, як кажуць тыя, хто выходзіў пасля размоваў, яны кудысьці паглядаюць. Таксама па нейкай базе нумар тэлефону прабіваюць. Гэта не стоадсоткава, але, здаецца, нікога з беларусаў не затрымалі, пакуль мы там чакалі. Пасля размоў людзі вярталіся і ехалі далей», – працягвае суразмоўца.

Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі пасля падобных размоваў людзей затрымлівалі. У 2023 годзе не менш як 207 асобаў затрыманыя па вяртанні ў Беларусь.

У бок Польшчы чэргі ўжо традыцыйна вялікія. Днём 28 траўня пад Берасцем чакала 230 легкавых аўтамабіляў.

Hавiны
Польшча можа адкрыць адзін з памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю
2024.05.24 22:16

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў