Дуда расказаў сябру Сі пра мігрантаў на мяжы з Беларуссю. Кітай цяпер націсне на Лукашэнку?


Падчас візіту ў Пекін прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда закрануў пытанне сітуацыі на польска-беларускай мяжы. У прыватнасці, ён пастараўся ўпэўніць Кітай паўплываць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб той спыніў міграцыйны крызіс. Але гатовасць да гэтага Пекіну застаецца пад пытаннем.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўнік КНР Сі Цзінь Пін на цырымоніі падпісання дакументаў у Доме народных сходаў у Пекіне, Кітай. 24 чэрвеня 2024 года.
Фота: Pedro Pardo / Pool Photo / AP / East News

Яшчэ перад пачаткам візіту польскі прэзідэнт на пытанне, ці могуць улады КНР націснуць на Аляксандра Лукашэнку, каб той спыніў гібрыдныя атакі на Польшчу, заявіў, што ў Кітая «ёсць свае магчымасці палітычнага ўплыву».

І вось падчас перамоваў у Пекіне Анджэй Дуда прадставіў кітайскаму боку інфармацыю пра сітуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі, праз якую праходзіць ключавы з пункту гледжання гандлю Кітая чыгуначны маршрут у Еўропу. І які можа быць зачынены разам з іншымі памежнымі пунктамі пропуску з прычыны дзеянняў рэжымаў Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, як на мінулым тыдні заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі.

У размове з кіраўніком КНР Сі Цзінь Пінам Дуда адзначыў, што забойства мігрантам польскага вайскоўца з’яўляецца прыкметай «эскалацыі дзеянняў супраць Польшчы, што вельмі моцна ўплывае на ўзмацненне жорсткасці нашага грамадства ў пытанні мяжы і перасячэння мяжы».

«Відавочна, што гэта мае наступствы, у тым ліку і ў тым, што датычыць магчымасці рэалізацыі памежнага руху ўвогуле. Таму я прадставіў прэзідэнту тое вельмі негатыўнае стаўленне, якое ў гэтым плане паказваюць і рэалізуюць беларускія ўлады», – сказаў польскі прэзідэнт падчас брыфінгу.

Эксперты скептычныя адносна жадання Пекіну

І хоць Дуда заявіў пра добрыя стасункі з Сі, адзначыўшы, што той называе яго «сябрам», верагоднасць таго, што Кітай будзе ціснуць на ўлады ў Менску, застаецца пад пытаннем.

Кіраўнік КНР Сі Цзінь Пін выступае падчас сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у Доме народных сходаў у Пекіне, Кітай. 24 чэрвеня 2024 года.
Фота: Pedro Pardo / Pool Photo / AP / East News

«Мы часам думаем, што Кітай праз сваю блізкасць да некаторых краін здольны аказваць на іх уплыў, напрыклад, на Паўночную Карэю, Іран, Расею. Рэальнасць такая, што Кітай вельмі неахвотна аказвае ціск на сваіх міжнародных партнёраў. Асабліва гэта датычыць тых, з кім у іх агульныя інтарэсы. Лукашэнка шмат-шмат гадоў імкнецца да добрых стасункаў з Кітаем, і ў гэтым нашмат больш інтэнсіўны за Польшчы. Гэта цэняць у Пекіне. Не думаю, што Сі Цзінь Пін цяпер пасля размовы з прэзідэнтам Дудам будзе неяк моцна ўплываць на Беларусь», – сказаў PAP эксперт у кітайскай палітыцы доктар Адрыян Брона з Ягелонскага ўніверсітэту.

Паводле яго, чыгуначны шлях, што пралягае праз польска-беларускую мяжу – гэта «некалькі праміле» міжнароднага гандлю КНР.

«Гэта невялікая доля, каб рызыкаваць і псаваць стасункі або з Беларуссю, або з Расеяй», – адзначыў Брона.

На яго думку, у выпадку закрыцця чыгуначнага пераходу Кітай перавядзе свой экспарт у Еўропу на марскі транспарт. Тым больш, што цяпер ён ужо працуе над стварэннем альтэрнатыўнага чыгуначнага злучэння праз Каўказ і Турэччыну.

«Мы перакананыя, што маем моцныя механізмы ціску на Кітай, але праўда ў тым, што з кітайскага пункту гледжання мы ўваходзім у чацвёртую дзясятку эканамічных партнёраў. Тое, што нас сустракаюць з пампезнасцю, зʼяўляецца вынікам добрых асабістых стасункаў Анджэя Дуды з Сі Цзінь Пінам. Гэта таксама традыцыя польска-кітайскіх стасункаў, што бярэ пачатак ад абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі і некалькі іншых сімвалічных аспектаў, і неабавязкова моцных эканамічных інтарэсаў», – заключыў Брона.

Што сказалі ў МЗС Кітаю

У сваю чаргу прэс-сакратар МЗС КНР Маў Нін у адказ на пытанне пра тое, ці будзе Кітай спрабаваць паўплываць на Беларусь і Расею ў пытанні міграцыйнага крызісу, заявіла:

«Кітайскі бок спадзяецца, што абодва бакі будуць ставіцца адзін да аднаго з павагай і вырашаць праблему шляхам кансультацый, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці».

То бок, развязваць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы Пекін, прынамсі згодна з гэтымі словамі, пакідае Беларусі і Польшчы.

Каментар
Котаў: Або Кітай націсне на Лукашэнку, або пабудова жалезнай заслоны прыспешыцца
2024.06.24 21:09

Месяц таму, 24 траўня, польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск дапускаў, што Польшча можа ўзнавіць працу аднаго з закрытых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю. Але пасля нападаў на польскіх вайскоўцаў з боку нелегальных мігрантаў ад гэтай ідэі ў Варшаве адмовіліся. 22 чэрвеня міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Польшча можа закрыць апошнія памежныя пераходы з Беларуссю праз сітуацыю з мігрантамі на польска-беларускай мяжы.

Старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і дэлегат Каардынацыйнай рады Павел Латушка прапанаваў закрыць усе грузавыя пераходы на беларуска-польскай мяжы, але пакінуць пасажырскія. На ягоную думку, гэта можа паспрыяць таму, што Лукашэнка «спыніць суўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў, вызваліць палітвязняў, спыніць гібрыдную вайну з выкарыстаннем мігрантаў».

Падобнай думкі прытрымліваецца і палітолаг Анатоль Котаў. Паводле яго, таварны паток паміж Кітаем і Еўразвязам большы, чым паміж Кітаем і Расеяй. Як і таварны паток у КНР з Польшчай большы, чым з Беларуссю. І пакуль Пекін не збудаваў лагістычныя шляхі ў абыход Беларусі і Расеі, «у Польшчы ёсць магчымасць з пункту гледжання гаспадаркі, гандлю і большай рэгіянальнай стабільнасці дамовіцца з Кітаем», каб той заняў больш цвёрдую пазіцыю ў пытанні міграцыйнага крызісу.

У сваю чаргу міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што закрыццё ўсіх памежных пераходаў не спыніць плыні нелегальных мігрантаў. Тым не менш, ён выказаў гатовасць Менску да дыялогу, назваўшы яго «адзіным шляхам да дээскалацыі». Што хоча рэжым Лукашэнкі ад гэтага дыялогу, ён не ўдакладніў.

Каментар
«Пацярпяць нармальныя мірныя беларусы». Польшча не можа не закрыць мяжы?
2024.06.24 19:37

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў