У гомельскай жаночай калоніі памерла асуджаная. Прозвішча не называюць


У жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомлі памерла адна з асуджаных. Прозвішча і артыкул, паводле якога была асуджаная жанчына, не называецца, піша праваабарончая група «MAYDAY».

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Гомельская жаночая папраўчая калонія №4. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Як паведамляюць праваабаронцы, адну са зняволеных, якая была ў медычным боксе калоніі, тэрмінова адвезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай гарадской лякарні. Але выратаваць жанчыну не ўдалося.

Медыкі кажуць, што прычына ў нядбайнасці медыкаў ПК-4, якія да апошняга не хацелі вывозіць жанчыну з калоніі ў лякарню. Медычную дапамогу ёй аказалі нясвоечасова.

Прозвішча памерлай і артыкул, паводле якога яна была асуджаная, медыкі не агучылі.

Пра ўмовы ў Гомельскай жаночай калоніі «Белсату» распавяла Дарʼя Чульцова, яна правяла там крыху больш за год.

«Там нават каб у санчастку трапіць, трэба ўпрошваць. А калі цябе ўсё ж адводзяць туды, то найхутчэй не будзе лекара або будзе не твая чарга. І ты не атрымаеш дапамогі. А ў больніцу ў Гомель павязуць толькі, калі ты ў крытычным стане. Усім усё адно. За месяц да майго вызвалення памерла жанчына з майго атраду. Наколькі ведаю, гэта не адзіная смерць за час, што я там сядзела», – кажа былая палітзняволеная, журналістка Дарʼя Чульцова.

Як піша радыё «Свабода» са спасылкаю на свае крыніцы, памерлая жанчына адбывала пакаранне ў атрадзе № 10 Гомельскай калоніі. Гэта так званы атрад для падлеткаў да 18 гадоў. Тут адбываюць пакаранне і некаторыя дзяўчаты, якім ужо споўнілася 18. У атрадзе найбольшы кантынгент – гэта дзяўчаты да 18 гадоў, асуджаныя паводле наркатычных артыкулаў.

Паводле праваабаронцаў, адміністрацыя ПК-4 вельмі не задаволеная тым, што сваякі даведваюцца пра хваробы зняволеных. Амаль усе жанчыны ў калоніі прастуджаныя. Сваякі дазнаюцца пра хваробы блізкіх падчас тэлефонных званкоў, таму адміністрацыя вырашыла ў 2023 годзе скараціць іх колькасць.

За калючым дротам гомельскай калоніі № 4 застаецца сёння больш за 50 палітзняволеных жанчын.

Зміцер Міраш, Алена Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў