Анджэй Дуда абмяркуе Беларусь і міграцыйны крызіс з Сі Цзінь Пінам


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 22 чэрвеня прыбыў з афіцыйным візітам у Кітай. Падчас сустрэчы з кіраўніком КНР Сі Цзінь Пінам Дуда мае намер абмеркаваць эканамічныя пытанні і бяспеку, а таксама Беларусь і сітуацыю на польска-беларускай мяжы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Польшчы.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з жонкай Агатай прыбыў з афіцыйным візітам у Кітай.
Фота: прэс-служба прэзідэнта Польшчы

Анджэй Дуда прабудзе ў Кітаі да 26 чэрвеня. Сустрэча з Сі Цзінь Пінам адбудзецца ў панядзелак, 24 чэрвеня.

«Вельмі важным будзе палітычны кампанент. Маем вайну ва Украіне, а таксама гібрыдную атаку Беларусі на польскую мяжу, дзе беларускія ўлады на працягу трох гадоў увесь час пхаюць нам мігрантаў, прымушаючы іх нелегальна пераходзіць мяжу», – сказаў Анджэй Дуда на брыфінгу перад вылетам у Кітай.

Паводле Дуды, тэма мігрантаў наўпрост звязаная з эканамічнымі пытаннямі, таму што Кітай прасоўвае канцэпцыю «Пояс і шлях», накіраваную на стварэнне і развіццё шляхоў камунікацыі для дастаўкі кітайскіх тавараў у Еўропу па сушы. Канцэпцыя ўключае ў сябе інвестыцыі ва ўсе краіны на гэтым шляху і ўмацаванне адносінаў з імі. Адзін з найважнейшых чыгуначных маршрутаў праходзіць праз Беларусь.

Аднак гэты шлях, зазначыў Дуда, пад пагрозаю змяншэння магчымасцяў выкарыстання праз закрыццё памежных пераходаў, абмежаванняў на грузаперавозкі, якія цягне за сабой атака Беларусі на мяжу ЕЗ, што не спыняецца ўжо тры гады.

«У Кітая ёсць адносіны з Беларуссю, яны традыцыйна сяброўскія. Я хачу прадставіць гэтую сітуацыю старшыні КНР Сі Цзінь Піну і распавесці яму, з чым мы сутыкнуліся», – заявіў прэзідэнт Польшчы.

Hавiны
Кіраўнік Мінабароны Вялікай Брытаніі: Расея і Кітай – гэта прамая пагроза
2024.05.19 18:20

Анджэй Дуда таксама хоча абмеркаваць з кіраўніком КНР адносіны Кітаю з Расеяй.

«Гэты візіт мае вялізнае значэнне для нашай бяспекі ў Еўропе. Мы ведаем, што Кітай – гэта звышдзяржава, мы ведаем, што ў яго сяброўскія зносіны не толькі з Беларуссю, але і з Расеяй, а Расея сёння з’яўляецца агрэсарам ва Украіне. І гэта тое, што я хачу абмеркаваць са старшынём Сі Цзінь Пінам, – сказаў польскі лідар. – Ні для каго не сакрэт, што ўплыў Кітаю, у тым ліку на Расею, вялізны. Прадстаўленне нашай кропкі погляду на гэтае пытанне Сі Цзінь Піну, на мой погляд, мае ключавое значэнне».

Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца пытанні павелічэння кітайскіх інвестыцыяў у Польшчу і большае адкрыццё кітайскага рынку для польскай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Анджэй Дуда наведваў Кітай у лістападзе 2015 года і ў лютым 2022 года – тады ён прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця 24 зімовых Алімпійскіх гульняў. У чэрвені 2016 года Сі Цзінь Пін наведваў Польшчу. У 2024 годзе спаўняецца 75 гадоў з моманту ўсталявання двухбаковых адносінаў паміж краінамі.

Аб’ектыў
Карупцыя – асноўная мэта ўдзелу Лукашэнкі ў ШАС?
2024.06.15 23:29

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў