Беларусь не пераходзіць на новую класіфікацыю хваробаў. Вось да чаго гэты прывядзе


Нягледзячы на ранейшыя заявы, улады Беларусі не збіраюцца пераходзіць на новую версію Міжнароднай класіфікацыі хвароб (МКХ). Аб’яднанне «Белыя халаты» заяўляе, што гэта будзе мець негатыўныя наступствы для здароўя беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Drazen Zigic / Freepik

У Міжнароднай класіфікацыі хваробаў прадстаўленыя кодавыя абазначэнні кожнай траўмы або хваробы, з якой людзі сутыкаюцца цягам жыцця, і кожнай прычыны, якая можа прывесці да смерці. Код захворвання пасля ўказваецца на прыёме ў лекара ці, напрыклад, у бальнічным. «Белыя халаты» адзначаюць, што «медычная навука і прагрэс не стаяць на месцы», таму МКХ перыядычна абнаўляецца.

Беларусь перайшла на дзясятую версію Міжнароднай класіфікацыі хвароб у 2004 годзе (фактычна – з 2006-га). Версія МКХ-11 была зацверджаная ў 2019-м. Пераход на новы класіфікатар быў рэкамендаваны з 1 студзеня 2022 года. У верасні 2021 года на сустрэчы з рэгіянальным дарадцам у пытаннях лічбавай аховы здароўя Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі здароўя Клейтанам Гамільтанам першая намесніца міністра здароўя Алена Богдан заяўляла, што Беларусь плануе перайсці на новую версію адной з першых у свеце.

«Відавочна, што ніякай Нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя ўведзена ў эксплуатацыю не было», – пішуць «Белыя халаты».

Пры гэтым яны адзначаюць, што пазыка на яе стварэнне ў 125 млн долараў, вылучаная Сусветным банкам, была «распілаваная» Рэспубліканскім цэнтрам медычных тэхналогіяў «без выразнага выніку». Цяпер пра яе ўвядзенне «сціпла замоўчваюць».

«Белыя халаты» прызначаюць, што працэс увядзення МКХ-11 патрабуе значных затрат: неабходна стварыць новыя сістэмы справаздачнасці, увесці новыя курсы ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароў, змяніць праграмы навучання ва ўніверсітэтах, значна скарэктаваць усю статыстычную справаздачнасць і іншае, на што няма «ні грошай, ні свабодных спецыялістаў, ні, па сутнасці, неабходнасці» ва ўмовах сусветнай ізаляцыі.

Пры гэтым, пішуць «Белыя халаты», у МКХ-11 з’явіліся, у тым ліку, такія хваробы, якіх не было ў папярэдняй класіфікацыі і новыя метады іх лекавання.

«Калі казаць вельмі проста, у Беларусі медыцына замрэ ў сваім развіцці на цяперашнім узроўні і фактычна перастане развівацца далей ва ўнісон з усім цывілізаваным светам. Так, вядома, будуць свае лакальныя адкрыцці і прарывы, але дысананс з іншымі краінамі пачне павялічвацца штогод. А гэта значыць, што лекаваць вас будуць не паводле сучасных пратаколаў, а паводле тых, што засталіся ў спадчыну ад МКХ-10. Пакуль яны не моцна састарэлі, але адставанне становіцца ўсё больш прыкметным штогод», – заяўляюць спецыялісты.

Таксама, адзначаюць яны, актуальная МКХ патрэбная для больш поўнага ўліку таго, колькі людзей і на якія хваробы хварэе ў краіне, і для адаптацыі сістэмы аховы здароўя пад сучасныя патрэбы. Пры выкарыстанні састарэлых пратаколаў вылучэнне грошай на ахову здароўя будзе ўсё менш аптымальным, што «прывядзе да яшчэ большага дэфіцыту бюджэтаў і, як следства, да большай загружанасці лекараў, павелічэння чэргаў у паліклініках і зніжэння якасці медычнай дапамогі агулам».

Hавiны
Навукоўцы пацвердзілі, што пасля COVID людзі сталі часцей хварэць. Вось як тлумачаць
2024.06.15 12:58

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў