Усё кажа пра тое што Лукашэнка рыхтуецца да вайны. Інтэрв’ю з Аляксандрам Азаравым


Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца да вайны, на ўдзел у якой ён даў згоду, так лічыць Аляксандр Азараў. Навошта Мікалай Карпянкоў, намеснік міністра ўнутраных справаў, стварае новыя батальёны спецназу? У чым сакрэт хуткай кар’ёры Карпянкова? Наколькі сур’ёзна рэжым ставіцца да сілавых структураў беларускага грамаства? Навошта Лукашэнка плануе ляцець у Зімбабвэ і Эміраты? Чым Віктар Шэйман займаецца ў Афрыцы і навошта яму прыватная ваенная кампанія? Ці Святлана Ціханоўская кантралюе вялікія грошы?

Першая частка Сяргея Пелясы з Аляксандрам Азаравым, прадстаўніком Часовага пераходнага кабінету па аднаўленні правапарадку, кіраўніком ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў BYPOL. 

Сяргей Пеляса: Дазвольце перад тым, як прааналізаваць бурлівую дзейнасць Мікалая Карпянкова, запытаць агулам пра вашую ацэнку імавернага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў адкрытай вайне. Верагоднасць не вельмі вялікая, як падаецца. Вы падрыхтавалі цікавае відэа пра рыхтаванне да вайны – як вы ацэньваеце шанцы на ўступленне ў вайну рэжыму Лукашэнкі?

Аляксандр Азараў: Шанцы вялікія, але не цяпер. Лукашэнка рыхтуецца да вайны: бясконцыя вучэнні, стварэнне супольнай групоўкі расейска-беларускай, трэнаванні каля 10 тысяч расейцаў на нашай тэрыторыі. Цяпер у Берасці разгружаецца расейская тэхніка. Усё кажа пра тое, што Лукашэнка рыхтуецца да вайны. Не відаць пакуль стварэння маршавых калонаў, якія могуць пайсці ва Украіну. Мы лічым, што Лукашэнка даў згоду на ўступленне ў сухапутную вайну. Калі гэта будзе – не вядома. У бліжэйшы месяц, я думаю, не будзе.

Я бачыў інфармацыю, што расейцы, магчыма, рыхтуюць другую хвалю мабілізацыі на вясну. Тады, калі яны падрыхтуюць у Беларусі на палігонах першых «мобікаў», змабілізуюць дадатковыя сілы, і тады верагоднасць новага контранаступу нават з тэрыторыі Беларусі на Кіеў павышаецца.

 Мабілізацыя ў Расеі была не частковая, яна будзе ісці хвалямі. Новая хваля будзе абавязкова. Цяпер прыехалі каля 10 тысячаў – арганізацыйнае ядро. Гэта маса, якая прыехала спачатку арганізаваць лагеры, каб прыбыла асноўная маса для наступу. Яна яшчэ не прыбыла. Кадравыя войскі Расея ўжо згубіла ва Украіне і цяпер карыстаецца ў асноўным мабілізацыйнымі.

На фоне чарговых нечаканых праверак баявой гатовасці беларускага войска і прысутнасці расейскіх сілаў у Беларусі Мікалай Карпянкоў – добра вам вядомы, цяпер намеснік міністра ўнутраных справаў і камандзір унутраных войскаў, – стварае два батальёны. Сам Карпянкоў называе батальёны адказам на план «Перамога» і іншыя сілавыя структуры, якія стварае беларуская апазіцыя. Як вы мяркуеце, навошта Карпянкоў стварае гэтыя не зусім зразумелыя ў юрыдычным сэнсе фармаванні?

 Ідзе ўзмацненне так званых праваахоўных органаў, карных органаў Беларусі, якія змагаюцца з беларускім народам. Гэта паказвае, што яны лічаць, што недастаткова частак, якія ўжо існуюць, і хочуць зрабіць новыя. Гэта адказ на план «Перамога» і іншыя планы, на тое, што беларусы рыхтуюцца за мяжою вызваляць Беларусь ад расейскай акупацыі і Лукашэнкі.

 То бок, гэта супраць плану «Перамога» ды іншых сілавых ініцыятываў беларусаў?

 Так. Мы пакуль дакладна не ведаем, што яны збіраюцца стварыць, але мы ведаем, што ва ўнутраных войсках ужо пытаюцца ў вайскоўцаў, якія збіраюцца звольніцца, ці не хочуць яны падпісаць кантракт і пайсці некуды – можа, якраз у гэтыя батальёны. Была інфармацыя, што яны звяртаюцца да тых, хто ўжо звольніўся раней, хто раней служыў ва ўнутраных войсках, праходзіў падрыхтоўку, ці не хочуць яны вярнуцца. Мы ведаем, што створаныя ветэранскія арганізацыі, і ў гэтых ветэранскіх арганізацыях кінуты покліч, каб усе звярталіся і далучаліся. Магчыма, яны падлічылі людзей, якія цяпер у гэтых ветэранскіх арганізацыях, – нібыта яны і ёсць тыя самыя батальёны. Вы ведаеце, калі чалавек думае інакш, ён не можа адказаць «не». Калі ім усім сказалі запісацца ў батальён, то ўсе прыйдуць і запішуцца.

Добраахвотна-прымусова.

 Так. Як заўсёды.

Ініцыятыва Карпянкова мне нагадвае Прыгожына і ПВК «Вагнэр». Карпянкоў стварае міні-версію нейкай прыватнай, падкантрольнай толькі яму арганізацыі, бо гэта не рэгулярныя ўнутраныя войскі, спецназ, міліцыя, а дадатковыя батальёны, статус якіх да канца не зразумелы. Што вы пра тое думаеце? Ці ён хоча стаць самым моцным, незалежным сілавіком з тых, хто яго атачае, – Церцеля, Хрэніна, Белаконева?

У Беларусі ўжо ёсць прыватная вайсковая кампанія «Гардсэрвіс», якая падпарадкоўваецца Шэйману. Ці дазволяць Карпянкову ставрыць нешта такое, – пакуль інфармацыі няма. Я не думаю, бо Карпянкоў – прарасейскі чалавек і можа выканаць любы загад Пуціна, нават ліквідаваць Лукашэнку, калі Пуцін загадае. Даць яму стварыць не падкантрольнае Лукашэнку войска? Я не думаю.

Вы сказалі, што Карпянкоў прарасейскі чалавек і выканае загад Пуціна. Пра гэта казаў і Алег Талерчык, былы працаўнік пракуратуры, у праграме «План Б» на «Белсаце». Ён заявіў, што Карпянкоў стварае гэты батальён дзеля нейтралізацыі спецназу КДБ. То бок, КДБ будзе абараняць Лукашэнку, а гэтыя новыя батальёны Карпянкова ліквідуюць КДБ, каб дабрацца да Лукашэнкі і яго нейтралізаваць. Дзеля гэтага трэба адправіць беларускія сілы спецыяльных аперацыяў ва Украіну, каб іх там знішчылі. Лукашэнка застанецца толькі са сваёй службай аховы і «Альфай» КДБ. І вось з’явіцца Карпянкоў са сваімі новымі батальёнамі. Як вам такі сцэнар?

У нас такой інфармацыі няма. Я не думаю, што так можа быць. Усё ў Беларусі падкантрольнае Лукашэнку, без ягонага ведама нічога не робіцца. Асабліва, што датычыць такіх сілавых структураў.

Як вы ацэньваеце асобу Мікалая Карпянкова апошнія два гады? Вы раней распавядалі пра ягоны характар і прагу абсалютнай улады. Апошнія два гады як можна ацаніць? Якія ягоныя мэты – звычайная кар’ера сілавіка і пасада міністра ўнутраных справаў ці нешта большае?

Карпянкоў заўсёды хацеў быць генералам, ён усім пра гэта расказваў. Ён фанатык Лукашэнкі, працаваў ахоўнікам, які жыў у Лукашэнкавым доме. Пабудаваў сваю карʼеру толькі дзякуючы таму, што ведае Лукашэнку асабіста. Лукашэнка лабіяваў ягонае прасоўванне па службовай лесвіцы. Ён не здольны кіраваць такімі сродкамі, якімі цяпер кіруе. Гэта пасада не для яго. Ён супрацоўнік спецназу і можа кіраваць спецназам, вось і ўсё, а не вялікаю колькасцю людзей. Ён карʼерыст, і думаю, што хоча зрабіцца як мінімум міністрам унутраных справаў. Можа, ён хоча пайсці ў Расею і займаць там нейкія пасады.

Альбо кіраўніком пасля Лукашэнкі? Не пацягне?

Кіраўніком Беларусі ён не пацягне.

Калі чытаеш ягоныя выказванні, відаць, што ў яго праблема з фармуляваннем думак. Хацеў спытаць вас пра публікацыі, якія зрабіла вашая ініцыятыва. Адна з іх пра тое, што Лукашэнка рыхтуецца паехаць у гэтак званы адпачынак у Арабскія Эміраты і ў Афрыку. Раскажыце больш пра гэтыя падарожжы – што яго вядзе на поўдзень узімку?

Я думаю, спецыяльна выбраныя вельмі цікавыя краіны – Арабскія Эміраты і Зімбабвэ. Калі ўзяць ААЭ, то ўсе ведаюць, што там захоўваюцца ягоныя грошы. Залаты запас там схаваны. І ягоны старэйшы сын заўсёды туды ездзіць і сочыць за гэтымі грашыма. Магчыма, хутка будзе наступ на Украіну, і можа быць канец вайне, і што будзе далей – не вядома. Лукашэнка разумее, што Пуцін найхутчэй не выйграе гэтай вайны, а яму трэба рыхтаваць шляхі адыходу, а шляхам адыходу могуць быць толькі Арабскія Эміраты. Вось ён туды едзе асабіста, а заўсёды выпраўляў сына – гэта паказвае, што паездка вельмі важная. Калі ўзяць Зімбабвэ, то там кіруе Шэйман, займаецца золатаздабычаю. Ён стварыў гэты «Гардсэрвіс» для аховы запасаў золата. Там таксама круцяцца вялікія грошы, якія належаць Лукашэнку. Ён едзе праверыць свае багацці, якія скраў у беларускага народу. Гэтыя дзве паездкі звязаныя з грашыма, маёмасцю. Ён рыхтуе сабе шляхі адыходу.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 15.12.2022

Стужка навінаў