Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская паціснулі адно аднаму рукі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 14 траўня ўзяў удзел у цырымоніі ўручэння Прэміі Карла Вялікага ў Нямеччыне. Падчас імпрэзы Зяленскі і Святлана Ціханоўская паціснулі адно аднаму рукі. Беларуская дэмакратычная лідарка прысутнічала там як лаўрэатка прэміі мінулага года.

Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская падчас цырымоніі ўручэння Прэміі Карла Вялікага. Здымак з відэа: Tsihanouskaya / Twitter

«Для мяне быў гонар сустрэцца з прэзідэнтам Зяленскім сёння ў Аахэне і павіншаваць яго з прэміяй. Мы разам з Украінай за свабоду і дэмакратыю», – напісала Святлана Ціханоўская.



Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага ёсць адною з найбольш значных еўрапейскіх узнагародаў. Яе ўручаюць з 1950 года асобам і арганізацыям за вядучую ролю ў аб’яднанні Еўропы.

Нагадваем, што летась Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава сталіся лаўрэаткамі прэміі Карла Вялікага. Ціханоўская адзначыла ў прамове, што прэмія належыць не толькі ім траім, а ўсім беларусам.

У гэтым годзе лаўрэатам прэміі стаўся Уладзімір Зяленскі. Раней Святлана Ціханоўская павіншавала прэзідэнта Украіны з узнагародаю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў