Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў распавёў, што адзін з працаўнікоў арганізацыі адмовіўся праходзіць паліграф, а пасля звальнення захапіў доступ да сацсетак, эмацыйны зварот кіраўнік арганізацыі апублікаваў на старонцы ў Instagram. Праз некаторы час гэта публікацыя была выдаленая
Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў запісаў відэа, у якім распавёў, што «BYPOL» страціў доступ да сваіх старонак у сацыяльных сетках Facebook, Instagram, Telegram, каналу на Youtube. Прычынаю таму стала тое, што звольнены працаўнік арганізацыі захапіў доступ да сацсетак. Таксама Азараў назваў імя звольненага працаўніка – гэта Мацвей Купрэйчык.
Паводле Аляксандра Азарава, адміністратар сацсетак адмовіўся праходзіць паліграф, пасля чаго яго звольнілі і ён або зламысна, або «на эмоцыях», але захапіў доступ да ўсіх сацыяльных сетак.
Аляксандр Азараў пераконвае, што звольнены працаўнік адміністраваў толькі сацыяльныя сеткі, ён не меў доступу да чат-боту Плану «Перамога»
«Гэты чалавек адміністраваў выключна медыя-праекты «BYPOL» , ніякага дачынення да Плана «Перамога» і доступу да гэтай непублічнай часткі працы «BYPOL» ён не меў. Такім чынам усе ўдзельнікі Плану «Перамога» могуць спаць спакойна: гэты чалавек не быў дапушчаны да сур’ёзных спраў і даных нашай арганізацыі», – распавёў Аляксандр Азараў.
Таксама кіраўнік арганізацыі заявіў, што часткова ўдалося аднавіць доступ да сацсетак. Пазней гэтая публікацыя знікла са старонкі сацсеткі.
Праз некаторы час у Telegram-канале «BYPOL» з’явіўся пост, у якім паведамляецца, што Аляксандр Азараў не зʼяўляецца і ніколі не быў заснавальнікам альбо кіраўніком «BYPOL». Аляксандр Азараў быў прызначаны прэзідэнтам фонду «BYPOL» для выканання фармальных функцый.
«Працаўнікі «BYPOL» ладзяць унутраны разгляд у стаўленні правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацыяў вышэйпаказанага фонду (спадзяемся вы зразумелі, што хаваецца за гэтай «абцякальнай» фразай). Пры гэтым намінальныя заснавальнікі фонду «BYPOL» – А.Азараў і С.Лупаносаў у парушэнне нарматыўных дакументаў адмаўляюцца падаваць фінансавую справаздачнасць, нават па пісьмовых запытах афіцыйных сябраў праўлення фонду. Вось ужо 4 дні самапрызначаны «кіраўнік «BYPOL» хаваецца ад калектыву, не зʼяўляецца ў офіс, спрабуе рассылаць у СМІ недакладную інфармацыю ў дачыненні да супрацоўнікаў АСБ «BYPOL» », – гаворыцца ў паведамленні абʼяднання.
Мацвей Купрэйчык, якога Азараў абвінаваціў у захопе старонак у сацсетках пасля звальнення, расказаў «Белсату», што Азарава звольнілі менавіта з аб’яднання «BYPOL», а не з фонду «BYPOL», які «не мае ніякага дачынення да аб’яднання былых сілавікоў». Азараў, паводле яго, ніколі не ўзначальваў арганізацыю, а быў прызначаны прэзідэнтам фонду – фармальнай структуры. Ён таксама быў «медыйнай асобай» арганізацыі, але арганізацыя, як сцвярджае Купрэйчык, яго не выстаўляла ў якасці прадстаўніка ў Аб’яднаны пераходны кабінет.
«Вялікая колькасць супрацоўнікаў сышла з фонду з пытанняў фінансавай неахайнасці, аб чым мы і напісалі ў нашым пасце. Мы чакаем адказ Азарава, ён хаваецца ад калектыву чатыры дні – і зараз пачаў такую кампанію ў СМІ з мэтай нас усіх абылгаць, каб калі мы пакажам доказы, нам ніхто ўжо не верыў».
Паводле Азарава, Купрэйчык адмовіўся прайсці праверку на паліграфе. Купрэйчык заяўляе, што гэта толькі часткова праўда. Раней, кажа Купрэйчык, ён двойчы праходзіў праверкі на паліграфе ў замежных спецыялістаў і яшчэ адну – у Польшчы. Пасля тых праверак падазрэнняў да яго не было. Але калі да Азарава з’явіліся пытанні, распавядае Купрэйчык, на яго пачаўся ціск, яму прапанавалі прайсці праверку на паліграфе на замову Азарава з пытаннямі, якія складаў Азараў. Ён і іншыя чальцы «BYPOL» адмовіліся прайсці гэтую праверку, сцвярджае Купрэйчык.
На просьбу «Белсату» падказаць кагосьці з «BYPOL», хто мог бы ўсё гэта пацвердзіць, Купрэйчык сказаў, што пакуль такога не будзе, але адказы на ўсе пытанні параіў «чакаць у нашым Тэлеграме».
Паколькі «BYPOL» звязаны з Аб’яднаным пераходным кабінетам, ён паведаміў, што «пачынае праверку з мэтай вывучэння абставін гэтай сітуацыі, выпрацоўкі высноў і прыняцця адпаведных рашэнняў».
Як прыярытэт пры выпрацоўцы захадаў па рэагаванні заяўленае забеспячэнне бяспечнага захавання ўсёй інфармацыі, атрыманай BYPOL у працэсе дзейнасці.
У той жа час, улічваючы спецыфіку дзейнасці «BYPOL», Аб’яднаны пераходны кабінет, яго кіраўніца і прадстаўнікі лічаць мэтазгодным усім бакам устрымацца ад любых бягучых каментарыяў і інтэрпрэтацый да таго моманту, пакуль не будуць прынятыя рашэнні на падставе максімальна поўнай інфармацыі.
Алена Аляксандрава belsat.eu