Як жывуць «новыя беларускія» з бізнес-імперыі Віктара Шэймана


Журналісты расследавальніцкага цэнтра «Бюро» апублікавалі матэрыял пра тое, як жывуць «таленавітыя бізнесмены» са світы Віктара Шэймана – асобы, найбольш набліжанай да Аляксандра Лукашэнкі. Аб’ектамі новага расследавання сталі Сяргей і Таццяна Аношкі, якія жывуць на шырокую нагу і праварочваюць гіганцкімі сумамі праз прывілеяваныя кампаніі. Журналісты даведаліся, хто яны такія, адкуль узяліся і чым займаюцца, а «Белсат» паразмаўляў з аўтарамі расследавання і даведаўся, што рухала імі пры напісанні матэрыялу.

Калаж расследавальніцкага цэнтра «Бюро»

Пешкі бізнес-імперыі Шэймана

Аўтары расследавання адзначаюць, што Віктару Шэйману ўдалося пабудаваць вялікую бізнес-імперыю, якая займаецца кантрабандай і шэрымі схемамі. Але наўпрост даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі ніякімі бізнесамі не валодае.

Усю справу робяць набліжаныя да Віктара Шэймана бізнесмены. Сярод іх – Яўген і Юрый Жоўнеры, Аляксандр Раманоўскі і Антон Новік, Сяргей і Таццяна Аношкі.

Аб тым, якое жыццё вядуць «людзі Шэймана», на прыкладзе Сяргея і Таццяны Аношак і паказалі расследвальнікі «Бюро».

Так, журналістам стала вядома, што з 2016 года Таццяна Аношка працавала ў кампаніяй «Глобалкастам», звязанай з Вікатарам Шэйманам. Гэтую кампанію лавілі на нелегальных пастаўках адзення і санкцыйных прадуктаў у Расею, яна таксама праварочвала шэрую схему па рээкспарце кветак. Напрыклад, у 2019 годзе на імпарт кветак было патрачана 370 млн долараў, а ад іх экспарту паступіла толькі 85 млн долараў. «Каля 300 млн долараў згубіліся па дарозе з Беларусі ў Расею», – пішуць расследавальнікі.

У 2020 годзе «Глобалкастам» спыніла сваю дзейнасць, але яе справу працягвае бізнес-холдынг «Алексвіт». Паводле падлікаў журналістаў, у яго ўваходзяць мінімум пяць кампаніяў: «Алексвіт лтд», «ГБК – Шаўковы шлях», «Авангард Грузатранс», «Алексвіт» і «Філігруп». Важную ролю ў холдынгу адыгрывае Таццяна Аношка.

«Бюро» прыводзіць некалькі схем, якія выкарыстоўваюць у сваёй працы кампаніі бізнес-холдынгу. Сярод іх – дапамога ў абыходзе санкцыяў праз Турэччыну, пра што адкрыта напісана на сайце кампаніі; мытнае афармленне аўтазапчастак з ЕЗ і ЗША, краін Паўднёва-Усходняй Азіі і наступная рэалізацыяй іх у РФ (па сутнасці, абыход санкцый і задзейнічанне схем паралельнага імпарту) і рээкспарт кветак у Расею праз індустрыяльны парк «Вялікі камень» (схема заснаваная на недаплаце падатку на дададзеную вартасць у беларускі бюджэт для атрымання звышпрыбытку).

Пра Таццяну Аношку (у дзявоцтве Грышук) вядома, што ў 2011 годзе яна стала фінансавай дырэктаркай «Белферумгруп» – кампаніі, якую Аляксандр Лукашэнка нароўні з дзяржаўнымі прыдпрыемствамі асабістым указам надзяліў правам займацца зборам, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і пастаўкамі лому і адыходаў чорных і каляровых металаў.

Сяргей і Таццяна Аношкі разам з дзецьмі.
Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

У 2016 годзе працу ў «Глобалкастам» Таццяна Аношка сумяшчала з пасадай намесніцы старшыні праўлення ў «групе кампаній» «Алексвіт». Цяпер яна ўзначальвае кампанію «ГБК – Шаўковы шлях», якая па сутнасці з’яўляецца лагістычным хабам і займаецца экспартам мясной прадукцыі і субпрадуктаў у Кітай і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Вядома, што за апошнія два гады сваім акцыянерам яна выплаціла 33,5 мільёна долараў дывідэндаў.

Яшчэ адной кампаніяй з холдынга – «Авангард Грузатранс» – валодае Юрый Грышук, брат Таццяны. Узначальвае гэтую кампанію былая супрацоўніца «Глобалкастама» Валянціна Грыб.

Акрамя таго, у 2020 годзе кампанія «Авангард Грузатранс» «купіла» ў дачкі Віктара Шэймана, Вольгі Шэйман, і яе бізнэс-партнёркі Вольгі Хачатран бар на Зыбіцкай – «Шампанерыю». А пасля «перапрадала» яе нейкаму Мікіту Андруковічу.

Паводле падлікаў расследавальнікаў, сукупная выручка «групы кампаній» «Алексвіт» у 2023 годзе склала каля мільярда рублёў.

Муж ды жонка – чэрці адной шэрсці

Важную ролю ў бізнес-імперыі адыгрывае і муж Таццяны – Сяргей Аношка, у якога былі таксама даволі цесныя ўзаемадачыненні з Шэйманам.

У 2009 годзе Сяргей Аношка працаваў у кампаніі свайго сваяка «Авангард Грузатранс», якая таксама звязаная з шэйманаўскай групай кампаній – «Глобалкастам».

У жніўні 2010-га ён ужо суправаджае Віктара Шэймана ў замежных паездках. Паводле звестак, якія ўдалося адшукаць кіберпартызанам, у гэты час Аношка лічыўся дарадцам у Адміністрацыі Лукашэнкі.

У 2013 годзе, калі Віктар Шэйман стаў кіраўніком Упраўлення справамі Лукашэнкі, следам за ім у гэтую структуру прыйшоў і Сяргей Аношка. З 2015 па 2017 год ён працаваў кіраўніком ЗТАА «Белавежскія далікатэсы», якое за час ягонага кіраўніцтва ні разу не станавілася прыбытковым.

У 2021 годзе Сяргей Аношка стаў саўладальнікам і дырэктарам кампаніі ТАА «Апстрым» разам з іншай даверанай асобай Віктара Шэймана – Антонам Новікам. У «Апстрыме» Аношка, адзначае «Бюро», замяніў Юлію Брыгадную, сястру другой жонкі Віктара Шэймана.

У 2021 годзе Сяргей Аношка разам са звольненым напярэдадні намеснікам Шэймана Андрэем Свірыдавым і былым першым намеснікам Кіраўніцтва справамі Мікалаем Селіванавым арганізаваў у Менску кампанію ЗАТ «Вектар Капітал Груп». Паводле высноваў «Belpol», гэтая кампанія была створаная пад выглядам прыватнай структуры для абслугоўвання інтарэсаў Лукашэнкі ў абыход санкцый Еўразвязу.

Такім чынам, прыходзяць да высновы расследавальнікі, Сяргей Аношка – далёка не апошні чалавек у атачэнні Шэймана. Цяпер, паводле дадзеных «Belpol», ён працягвае справу свайго патрона па пракручванні розных шэрых схем.

Прыгожа жыць не забароніш

Асаблівую ўвагу звяртаюць расследавальнікі «Бюро» на тое, як Аношкі трацяць заробленыя грошы.

Так, паводле журналістаў, новы, 2023 год Таццяна Аношка сустрэла ў дарагім гатэлі «Atlantis The Palm» у Дубаі, дзе выступала вядомая спявачка Кайлі Міноўг.

Таццяна Аношка на канцэрце Кайлі Міноўг у Дубаі (снежань 2022 года).
Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

Прычым з 2021 па 2024 год Аношкі маглі пабываць у гэтым гатэлі мінімум чатыры разы, што вынікае з апублікаваных самой Таццянай Аношкай фотаздымкаў. У залежнасці ад таго, у якім складзе сямейства ездзіла на адпачынак, нумар у гатэлі, згодна з падлікамі журналістаў, мог абысціся ім ад 20 тысячаў да 160 тысячаў еўраў за 12 начэй.

Гатэль Atlantis The Palm, Дубай.
Крыніца: wikipedia.org

Падчас адпачынку на Мальдывах, у які сямейства адпраўлялася на Новы год у 2020-м, яны маглі патраціць больш за 137 тысячаў долараў за 10 дзён.

«Каб проста зарабіць такія грошы, звычайнаму беларусу спатрэбіцца 17 гадоў», – гавораць расследавальнікі.

Усё тое золата, што блішчыць

Не меншае ўражанне робяць упрыгожанні, якія, як відаць па фотаздымках у сацыяльных сетках, вельмі любіць Таццяна Аношка.

Вывучыўшы профіль Таццяны Аношкі ў сацыяльных сетках, расследавальнікі прыйшлі да высновы, што жанчына аддае перавагу ўпрыгажэнням французскага ювелірнага дому «Van Cleef & Arpels».

Шыю і руку Таццяны Аношкі ўпрыгожвае кулон і кальцо французскага ювелірнага дому Van Cleef & Arpels.
Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

Так, Таццяна носіць бранзалет з малахітам з 18-каратнага жоўтага золата за 4850 долараў, здвоенае кальцо з той жа калекцыі «Magic Alhambra» за 7700 долараў і кулон на ланцужку за 7 тысячаў. Гадзіннік гэтага ж ювелірнага дома, які прыкмецілі на руцэ ў Аношкі, каштуе 13 500 долараў.

Сужэнцы таксама не шкадуюць грошай на адзенне сваіх дзяцей. Так, на прагулкі з сябрамі сын Аношак апранае світшот «Givenchy» за 580 еўраў. Або іншы сын да гарнітура выкарыстоўвае рамень «Dolce & Gabbana» за 515 долараў. І гэта далёка не ўсе прыклады выдаткаў, якія можа сабе дазволіць сям’я Сяргея і Таццяны Аношак.

На што ідуць народныя грошы

У каментары для «Белсата» адна з журналістак «Бюро» Ксенія Вязнікоўцава адзначыла, што ўнікальнасць іхнага расследавання ў тым, што ўсе мы «фонава разумеем», што сям’я Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Шэймана, а таксама іншых беларускіх бізнесменаў і алігархаў – гэта заможныя людзі, у якіх ёсць бізнесы, манаполія, а некаторым вылучаюцца цэлыя сектары эканомікі.

«Усе прывыклі разумець, што ў іх ёсць вялікія грошы. Але адна справа проста разважаць на гэтую тэму, і зусім іншая – сядзець у першым радзе і назіраць, на што раскідаюцца нашыя, народныя грошы. А раскідаюцца яны на залатыя цацкі, на брэндавыя рэчы, машыны, лакшэры-адпачынак у Дубаі і Мальдывах, хаця гэтыя грошы павінны ісці не ў кашалькі Лукашэнкі, Шэймана ці Аношкі, а ў наш з вамі бюджэт: на адукацыю, медыцыну, пенсіі», – адзначыла Ксенія Вязнікоўцава.

Залатыя каралі-змяя, абсыпаныя брыльянтамі на шыі Таццяны Аношкі. Кошт караляў – 56 тысячаў долараў, фактычна столькі каштуе аднапакаёвая кватэра ў Менску.
Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

Ксенія адзначыла, што непасрэднай небяспекі самому Шэйману, у атачэнні якога працуюць гэтыя людзі, расследаванне не прынясе. Але ў той жа час такі бізнес, які вядуць людзі пад ягоным началам, таму і называецца шэрым, бо фігуранты расследавання вельмі б хацелі застацца ў ценю і праварочваць свае справы, каб пра гэта не было нікому публічна вядома.

«Гэтыя фотаздымкі, – адзначае аўтарка расследавання, – мы знайшлі не недзе ў сховах у яе [Таццяны Аношкі] на кампутары ці ўзламанай пошце, гэта ўсё яна выставіла ў сябе на старонках у сацыяльных сетках, на адкрытай старонцы, напэўна разумеючы, якія наступствы гэта можа пацягнуць. Проста гэтыя людзі так хацелі пахваліцца, усім паказаць, як класна яны жывуць, што па выніках вось ёсць такое расследаванне. І нарэшце ўсе змогуць даведацца, як менавіта яны жывуць», – адзначыла Ксенія.

На думку аўтара расследавання Аляксея Карпекі, адной з прычын, чаму на самога Віктара Шэймана, які лічыцца фактычна ўладальнікам усёй гэта бізнес-імперыі, не зарэгістравана ніякіх бізнесаў, з’яўляецца тое, што «Шэйман – гэта другое прозвішча, якое ва прабіваюць беларускія журналісты ў любым рэестры ў любой краіне пасля Лукашэнкі». Таму, калі недзе будзе фігураваць асабіста Шэйман, то адразу ўзнікнуць пытанні.

Пры гэтым, на думку Алякся Карпекі, уся бізнес-структура, якую пабудаваў Віктар Шэйман, з’яўляецца ў той жа час і структурай Аляксандра Лукашэнкі, бо тыя справы, якія робяць кампаніі, звязаныя з ім, немагчыма правярнуць без санкцыяў зверху.

«А сэнс праварочваць такое, калі сам Аляксандр Лукашэнка ці ягоная сям’я нічога з гэтага не атрымаюць? Таму я лічу, што ўсё гэта [сродкі, атрыманыя з угодаў] можа сыходзіць нейкія агульныя рахункі ў такіх юрысдыкцыях, як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, запісаныя на такіх жа левых людзей, як тыя ж Аношкі», – падкрэсліў Аляксей Карпека.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў