Польскі банк дыскрэдытуе беларусаў. Хто загадаў?


Беларусы абвінавацілі банк «Santander» у дыскрымінацыі з увагі на патрабаванне «актуалізаваць дадзеныя», то бок прынесці ў офіс ВНЖ тэрмінам дзеяння не менш за 12 месяцаў. Як пісалі ў эмігранцкіх Telegram-чатах, банк спасылаўся на загад Камісіі фінансавага нагляду, якая нібыта пастанавіла змяніць рэгламент. Аднак у гэтай Камісіі ў адказ на запыт «Белсату» такі загад зняпраўдзілі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Банк «Santander» у Варшаве, Польшча.
Фота: Hubert Hardy / Reporter / East News

«Santander» – трэці паводле велічыні актываў і колькасці філіяў банк у Польшчы, належыць іспанскай кампаніі «Banco Santander S.A.». Установа стала папулярнай у беларусаў, бо адкрывала рахункі з мінімумам дакументаў: пашпартам з візаю і нумарам PESEL.

Надоечы ў эмігранцкіх Telegram-чатах з’явіліся скаргі беларускіх грамадзянаў на масавае блакаванне онлайн-банкінгу і мабільнай праграмы ды іншыя абмежаванні: напрыклад, гатоўку нельга зняць у банкамаце – толькі ў аддзяленні, камісія за грашовыя пераводы ўнутры Польшчы, недаступнасць сістэмы пераводаў BLIK.

Беларусы, якія сутыкнуліся з праблемаю, паведамлялі, што «Santander» патрабуе від на жыхарства, прычым з тэрмінам дзеяння больш за год. Гэтую інфармацыю неафіцыйна пацвердзіў «Белсату» працаўнік банку:

«Цяпер для адкрыцця рахунку патрэбны ВНЖ на 12 месяцаў наперад. То бок на момант адкрыцця рахунку тэрмін дзеяння ВНЖ мае быць не менш за 12 месяцаў».

Паводле яго, новыя патрабаванні давяла Камісія фінансавага нагляду, і таму «кіраўніцтва банку ўвяло такія абмежаванні». Крыніца таксама паведаміла, што пакуль рахункі блакуюць не ўсім беларусам без карты побыту, а што будзе далей, пакуль невядома.

Паводле якога прынцыпу «Santander» «рэпрэсуе» беларусаў, не зразумела. «Белсат» мае сведчанні асобаў, якія адкрывалі рахункі без віду на жыхарства ў Польшчы і дасюль не зазналі аніякіх праблемаў. Ведаем, зрэшты, і пра беларуску, якая не варочала буйнымі сумамі і не праводзіла якіх-небудзь падазроных аперацыяў, але «Santander» заблакаваў ейны рахунак.

Гісторыі
Пяць гісторыяў пра чаканні і рэальнасць эміграцыі беларусаў
2023.10.21 09:12

«Тэза пра тое, што польскія банкі на патрабаванне Камісіі фінансавага нагляду пачалі ўводзіць істотныя абмежаванні ў дачыненні кліентаў – грамадзянаў Беларусі, не адпавядае рэчаіснасці. Камісія не давала такога патрабавання», – заявіў «Белсату» кіраўнік дэпартаменту сувязяў з грамадскасцю Камісіі фінансавага нагляду (Komisja Nadzoru Finansowego, KNF) Яцэк Баршчэўскі.

Ён адзначыў, што кожны банк працуе з замежнікамі паводле ўласных правілаў:

«Палітыка банкаў пры адкрыцці рахункаў нерэзідэнтаў заснаваная на індывідуальным падыходзе ў кожным канкрэтным выпадку. Банк кіруе сваімі рызыкамі і ў межах гэтага кіравання прымае рашэнні аб наладжванні або скасаванні супрацы з кліентам».

Баршчэўскі пры гэтым згадаў заканадаўства аб супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму і падкрэсліў, што банкі абавязаныя ацэньваць рызыкі і «прымаць захады фінансавай бяспекі», аналізаваць аперацыі кліента. Дзеля гэтага і могуць патрабавацца дадатковыя дакументы, растлумачыў прадстаўнік KNF.

«У выпадку немагчымасці ўжывання любой з захадаў фінансавай бяспекі абавязанне кожнага банку – не наладжваць дзелавых стасункаў з кліентам або спыніць існыя стасункі, а таксама не праводзіць аперацыі праз банкаўскі рахунак», – падсумаваў Яцэк Баршчэўскі.

Раней у польскую Камісію фінансавага нагляду звярнуўся старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Ён папрасіў растлумачыць, ці дала ўстанова якія-небудзь указанні банку «Santander» або банк самастойна ўвёў нейкія новыя правілы. У паведамленні АПК адзначаецца, што аніякіх фінансавых санкцыяў супраць беларусаў у Польшчы няма.

У Народным антыкрызісным упраўленні сказалі «Белсату», што адказу ад польскай Камісіі яшчэ не атрымалі.

Артыкул абноўлены 19.06.2024: мы называлі Яцэка Баршчэўскага кіраўніком дэпартаменту сувязяў з грамадскасцю банку «Santander». Просім выбачыць за памылку.

Рэпартаж
Латушка: Беды беларусаў у эміграцыі – праблемы не толькі людзей, але і дзяржаваў
2023.11.25 19:35

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў