Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ


На мінулым тыдні Злучаныя Штаты і больш за дзясятак краінаў Еўропы афіцыйна далі Украіне дазвол на выкарыстанне заходняй зброі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Масква пагражае краінам NATO сур’ёзнымі наступствамі і папярэджвае пра «асіметрычны адказ». Як рашэнне Захаду паўплывае на далейшы ход вайны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Майдан незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 22 траўня 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Страх Захаду перад эскалацыяй і прамым сутыкненнем з Расеяй ад самага пачатку вайны быў моцным стрымліваючым фактарам у пытанні падтрымання Украіны. Максімум, на які наважыўся Захад у першыя тыдні поўнамаштабнага ўварвання, – гэта перадача ЗСУ лёгкай супрацьтанкавай зброі, пераносных зенітна-ракетных сістэмаў і стралковай зброі. Аднак паступова саюзнікі рассоўвалі межы падтрымання Украіны. Спачатку ЗСУ атрымала артылерыю і РСЗА, потым сучасныя тыпы зенітных сістэмаў і танкаў. Нарэшце дайшла справа да дальнабойных ракетаў і авіяцыі. Разам з тым, да апошняга часу заставалася нязменнай забарона на выкарыстання заходняй зброі і тэхнікі на расейскай тэрыторыі, што вельмі абмяжоўвала магчымасці ЗСУ.

Скасаванне гэтай забароны саспела ўжо даўно, аднак сітуацыя ссунулася з мёртвай кропкі толькі ў траўні 2024 года. На трэцім годзе вайны стала зразумела, што той падтрымкі, якую аказвае цяпер Захад, недастаткова для перамогі Украіны. Больш за тое, гэтага не хапае нават на падтрыманне дзейнага статус-кво, бо Расея працягвае нарошчваць ваенную вытворчасць і валодае ініцыятывай на фронце. Таму, каб не дапусціць перамогі Уладзіміра Пуціна, Захад мусіць быць гатовы павышаць стаўкі.

Апошняй кропляй стала наступленне Расеі на поўначы Харкаўскай вобласці. З аднаго боку, гэта аперацыя яскрава прадэманстравала Захаду, што Украіна знаходзіцца цяпер у надзвычай цяжкім становішчы. З іншага боку, высветліла ўсю абсурднасць абмежаванняў на выкарыстанне зброі на тэрыторыі РФ. Баявыя дзеянні на поўначы Харкаўскай вобласці адбываюцца ў радыусе 10 км ад мяжы, а гэта значыць, што Расея можа свабодна канцэнтраваць і разгортваць свае сілы ў непасрэднай блізкасці ад лініі фронту, і пры гэтым адчуваць сябе ў адноснай бяспецы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на фронце ў Данецкай вобласці.
Фота: Белсат

На фоне гэтых падзеяў адбыўся пералом у настроях саюзнікаў Украіны. З заклікам скасаваць забарону выступілі генеральны сакратара NATO Ёнс Стольтэнбэрг і Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль. Шэраг краінаў адкрыта заявілі, што Украіна мае права выкарыстоўваюць зброю, якую Кіеў ад іх атрымлівае, на тэрыторыі РФ.

Даўжэй за ўсіх трымаліся старой лініі Злучаныя Штаты і Нямеччына – дзве краіны, якія пастаўляюць Украіне найбольшыя аб’емы вайсковай дапамогі. Літаральна праз тры дні пасля пачатку расейскага наступлення на Харкаўшчыне афіцыйны Кіеў звярнуўся да Вашынгтона з просьбай скасаваць абмежаванні на выкарыстанне зброі. Спачатку гэта ініцыятыва атрымала падтрымку з боку кіраўніцтва Пентагону, потым з боку дзяржсакратара Энтані Блінкена, які наведаў Кіеў 14-15 траўня. Пасля двух тыдняў абмеркавання гэтага пытання на ўзроўні прэзідэнцкай адміністрацыі Белы дом усё-такі даў Украіне дазвол, хоць і з шэрагам агаворак. Амаль адразу змянілі сваю пазіцыю і ў Берліне.

Ці варта чакаць эскалацыі?

За некалькі дзён да таго, як палітыка адносна ўмоваў выкарыстання зброі была перагледжана, Расея пачала пагражаць Захаду.

«Прадстаўнікі краін NATO, асабліва ў Еўропе, асабліва ў малых краінах – яны павінны ўвогуле разумець, з чым яны гуляюць. Яны павінны памятаць аб тым, што гэта, як правіла, дзяржава з невялікай тэрыторыяй з вельмі шчыльным насельніцтвам. І гэта фактар, які яны павінны мець на ўвазе перш, чым казаць аб нанясенні ўдараў углыб расейскай тэрыторыі», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Пазней, 3 чэрвеня, намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў паабяцаў «асіметрычны адказ» на рашэнне Вашынгтона. Праўда, ён так і не патлумачыў, што маецца на ўвазе.

Досвед папярэдніх двух з лішнім гадоў вайны паказаў, што пагрозы Масквы на міжнароднай арэне часцей за ўсё з’яўляюцца блефам. Захад паступова рассоўваў межы падтрымання Украіны, перадаваў ЗСУ ўсё больш сур’ёзную зброю, аднак кожны раз Масква была вымушаны з гэтым змірыцца і ніякай эскалацыі не адбывалася. ЗСУ ўжо даўно б’юць заходняй зброяй па аб’ектах у Крыме і акупаваных тэрыторыях, хаця з пункту гледжання Масквы гэта таксама паўнавартасныя рэгіёны РФ, і абараняць іх расейскае кіраўніцтва абяцала нават з выкарыстаннем ядравай зброі.

Больш за тое, украінскія дроны рэгулярна наносяць удары на сотні кіламетраў углыб расейскай тэрыторыі, а Расея не здольная ні спыніць гэтыя напады, ні пераканаўча адказаць на іх. У траўні ўкраінскія беспілотнікі зладзілі шэраг атак на стратэгічна важныя РЛС далёкага выяўлення на адлегласці аж у 1800 км ад мяжы з Украінай. Рэакцыя Масквы на гэтыя беспрэцэдэнтныя ўдары аказалася падкрэслена стрыманай.

Аналітыка
Вайна на тэрыторыі Расеі: як далёка Украіна можа дацягнуцца і на што гэта ўплывае?
2024.03.20 06:00

Таму пакуль няма падставаў лічыць, што цяперашнія пагрозы Крамля ўяўляюць з сябе нешта больш сур’ёзнае, чым уся ранейшая рыторыка наконт чырвоных лініяў. Атака на малыя краіны NATO, на што празрыста намякнуў Пуцін, выглядае абсалютна неадэкватным адказам на тыя выклікі, з якімі сутыкнулася Расея. Рашэнне наконт умоваў выкарыстання заходняй зброі – гэта непераканаўчы casus belli нават для ўнутрырасейскай аўдыторыі.

Разам з тым, Захад не пазбавіўся страху перад эскалацыяй. Імаверна, таму Злучаныя Штаты не цалкам скасавалі абмежаванні на выкарыстанне зброі, а толькі часткова. Белы дом ухваліў выкарыстанне ракетных сістэмаў залпавага агню «HIMARS» і ствольнай артылерыі для ўдараў па тых тэрыторыях РФ, з якіх расейцы атакуюць Харкаўскую вобласць. Аднак гэты дазвол не распаўсюджваецца на выкарыстанне дальнабойных ракет «ATACMS», якія могуць біць на адлегласць у 300 км.

Козыр ЗСУ

Калі ўлетку 2022 года ЗСУ ўпершыню пачалі выкарыстоўваць амерыканскія «HIMARS», гэта амаль адразу змяніла сітуацыю на фронце. Каб выратаваць свае тылы ад разбурэння, расейцы былі вымушаны перамяшчаць вайсковыя базы, штабы, аэрадромы і склады боепрыпасаў далей ад лініі фронту. Такім чынам ускладнілася кіраванне і лагістыка, падоўжыліся шляхі забеспячэння. З’яўленне а фронце «HIMARS» стала адным з фактараў, якія дазволілі ЗСУ восенню 2022 году перахапіць ініцыятыву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амерыканская рэактыўная сістэма залпавага агню «HIMARS».
Фота: Sgt. 1st Class Andrew Dickson / U.S. Army / AP / East News

Цяпер з аналагічнымі праблемамі Расея сутыкнецца ўжо на сваёй тэрыторыі. Агрэсар цяпер не зможа свабодна канцэнтраваць свае сілы і практычна з самай мяжы абстрэльваць Харкаўскую вобласць. Цяпер усе ваенныя аб’екты РФ у гэтым радыусе патэнцыйна знаходзяцца пад пагрозай і іх трэба будзе пераносіць глыбей у тыл. Што будзе, калі гэтага не зрабіць, Украіна паказала 3 чэрвеня: ударам «HIMARS» была знішчана батарэя зенітных ракетаў С-300/400 у Белгародскай вобласці.

Новыя магчымасці ЗСУ могуць не толькі парушыць планы Расеі па наземнаму наступленню ў Харкаўскай вобласці, але таксама прывесці да аслаблення абстрэлаў цывільнай інфраструктуры Харкава і іншых паселішчаў рэгіёна. Расея рэгулярна атакуе Харкаў ракетамі і кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі (КАБ) з тэрыторыі Белгародскай вобласці. Цяпер ракетныя ўстаноўкі прыйдзецца адцягваць далей ад лініі фронта, што павялічыць шанцы для збіцця ракетаў.  Самалёты, якія скідваюць КАБы на ўкраінскія гарады, могуць стаць мішэнямі для заходніх зенітна-ракетных сістэмаў.

Раней ЗСУ таксама не дазвалялася выкарыстоўваць ЗРК супраць цэляў у паветранай прасторы Расеі, хаця знішчыць носьбіты КАБ – гэта фактычна адзіная магчымасць абараніцца ад авіябомбаў. Сам факт дазволу на выкарыстанне заходніх ЗРК прымусіць агрэсара выкарыстоўваюць авіяцыю ў памежнай зоне больш асцярожна.

Каментар
Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?
2024.05.31 19:42

Не пералом, але прэцэдэнт

Дазвол на выкарыстанне заходняй зброі стане козырам ЗСУ, які, імаверна, дапаможа выправіць сітуацыю ў Харкаўскай вобласці. Аднак для карэннага пералому ў канфлікце гэтага занадта мала. Каб пераламаць хаду пазіцыйнай вайны, ЗСУ трэба наносіць высокадакладныя ўдары па тылах, уносіць хаос у лагістыку, знішчаць склады боепрыпасаў і вайсковыя базы расейскай арміі паўсюль, а не толькі на адным кірунку і на глыбіні 80 км.

Акрамя «HIMARS», у ЗСУ ёсць таксама крылатыя ракеты класу паветра – зямля «Storm Shadow» (Вялікая Брытанія) і SCALP-EG (Францыя), далёкасць якіх можа дасягаць да 250 км. Лондан і Парыж ўхвалілі выкарыстанне гэтай зброі супраць аб’ектаў на тэрыторыі РФ. Паводле звестак Бі-Бі-Сі, цяпер ЗСУ могуць наносіць удары па аэрадромах у Курскай і Белгародскай вабласцях, якія мяжуюць з Украінай. Праўда, не выключана, што тут ёсць негалосныя агаворкі наконт выбару цэляў: на мінулым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наракаў, што стоадсоткавага дазволу ад Брытаніі пакуль няма.

Разам з тым, варта разумець: якія б абмежаванні на выкарыстанне зброі цяпер не пакінулі саюзнікі Украіны, іх не варта ўспрымаць як канчатковыя і незваротныя. У 2022 годзе перадача Украіне сучасных танкаў, дальнабойных ракетаў і самалётаў F-16 здавалася чымсьці нерэальным, аднак потым Захад паступова здымаў усе гэтыя табу. Яшчэ пару месяцаў таму пазіцыя саюзнікаў наконт забароны на выкарыстанне заходняй зброі на тэрыторыі РФ здавалася непрыступнай, а цяпер гэта рэальнасць, і расейцы ўжо нясуць страты.

Таму цалкам імаверна, што з часам Злучаныя Штаты наважацца пераступіць яшчэ адну чырвоную лінію і здымуць забарону на ўдары ракетамі «ATACMS» па аб’ектах у Расеі. Асабліва калі цяперашні «асіметрычны адказ» Крамля акажацца чарговай пустышкай.

Аналітыка
Наступленне Расеі на Харкаўшчыне: што гэта значыць і чаго чакаць далей?
2024.05.15 19:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў